Вы тут

Ці варта баяцца беларускіх жанчын?


Што ў беларускай літаратуры самае цікавае?


Героі? Шматтомныя апісанні прыроды? Патрыятычная лірыка?

Жанчына.

Яркая, гордая, незалежная, сексуальная, бясконца прыцягальная, парадаксальная — вось сапраўдны непадманны змест прыгожага пісьменства, да якога хочацца вяртацца неаднаразова.

Жанчына ў творах нашых літаратараў амаль заўсёды мацнейшая за мужчыну.

Макаёнак у «Трыбунале» гэта паказаў з гратэскнай насмешлівасцю: твор заканчваецца тым, што героя, як таго непатрэбнага шчанюка, сямейнікі па загадзе яго жонкі садзяць у мяшок, каб патапіць.

Янка Купала выяўляў моц жанчыны з дыяметральна супрацьлеглых бакоў.

Паўлінка, Бандароўна, Алеся (з аднайменнага верша) — гэта ўвасабленне духоўнай і энергетычнай моцы. Гераіні здзіўляюць навакольнае падкрэслена-прыземленае асяроддзе нязломным духам, жаданнем быць не такімі, як усе, сваёй неардынарнасцю.

Паэт не толькі любіць такіх сваіх гераінь, але і… зайздросціць ім. Бо і сам хацеў быць энергетычна і духоўна нязломным не толькі ў сваіх шэдэўрах, але і ў рэальным жыцці.

Менавіта жанчыны ў Янкі Купалы здатныя на сапраўдны ўчынак.

Паўлінка не баіцца парваць са сваім дробнашляхецкім укладам і сігануць у змрок ночы, у поўную невядомасць (о, як хацелася неаднаразова і самому паэту зрабіць гэтак жа!). Бандароўна дзеля захавання гонару гатовая ахвяраваць сабой. Алеся з апантанасцю ГурынаМаразоўскага марыць пра авіяцыю. Ніхто не разумее падобных жаданняў, але гераіню гэта не хвалюе. Яе ўнутраная незалежнасць і ўпэўненасць мацнейшая.

Янка Купала, як ніхто з беларускіх пісьменнікаў, умеў апісваць і жанчын-дэманаў.

Чытаеш «Сон на кургане», і галоўны герой раствараецца, становіцца больш прывідным у сваёй бяздзейнасці, чым істэрычна-вясёлыя і вельмі ж небяспечныя русалкі. Вар’ятка з нажом на фоне ўсеагульнага пажара становіцца сімвалам бескантрольнай падсвядомай агрэсіі, якая скрышыць, знішчыць любога. Адзін з самых цікавых вобразаў — Наталька з «Магілы льва». Напачатку гэта лірычная гераіня, каханая Машэкі. Затым яна ператвараецца ў ахвяру (спярша пана, а затым і былога каханага, які стаў разбойнікам), а пасля становіцца каварнай забойцай, калі, залагодзіўшы галоўнага героя, топіць у яго шыі нож. Мужчыны нічога не могуць зрабіць супраць такіх фатальных асоб. Падпадаюць пад іх чары. Становяцца бязвольнымі амёбамі, ахвярамі.

Янка Купала баіцца падобных жанчын, бо сутыкаўся з імі ў рэчаіснасці, — і таму выяўляе з усім экспрэсіяністычным болем і праўдзівай выразнасцю. Таму фантомныя русалкі, казачна-напаўлегендарныя Наталькі выглядаюць больш рэалістычнымі, чым ідылічная Алеся, пра якую паэт пісаў у часы сацыялістычнага рэалізму.

У Янкі Купалы вучыліся.

Асабліва гэта бачна на прыкладзе двух вельмі папулярных беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Караткевіча і Міхася Зарэцкага.

Аўтару «Каласоў пад сярпом тваім» больш блізкі вобраз ідылічных супергераінь.

Наш стваральнік айчыннага гістарычнага дэтэктыва вельмі крыўдзіўся, калі яго называлі рамантыкам, але ж як толькі мог хаваўся ад той хрушчоўска-брэжнеўскай рэчаіснасці, у якой вымушаны быў жыць. Каб маральна і псіхалагічна захавацца, Караткевіч, бы той Толкіен, амаль цалкам выдумаў сваю незвычайную Беларусь. І яго таленту хапіла, каб чытачы паверылі, што гэтая «гістарычная Беларусь» сапраўды існавала.

Караткевіч прыдумаў і насельнікаў гэтай краіны — моцных мужчын і жанчын. Прытым апошнія ў яго атрымаліся ізноў жа настолькі выразныя, адметныя, што нават галоўны герой «Каласоў…» Алесь Загорскі, лічу, губляецца на іх фоне.

Жанчыны Караткевіча — вытанчаныя інтэлектуалкі з «высокімі грудзямі», жарсныя, смелыя, іранічныя, здзіўляльна мудрыя, бо ўмеюць адначасова ўзвысіць мужчыну і пашкадаваць яго, дараваць і кахаць да бясконцасці.

Адна з самых запамінальных сцэн у «Каласах пад сярпом тваім» — калі самотны Алесь Загорскі (ён пасварыўся з каханай Майкай) сустрэўся з былой прыгоннай актрысай Геленай. Мудрая Гелена, шкадуючы юнака, дорыць яму незвычайную ў пачуццёвасці ноч кахання. А затым, калі зацяжарвае, то нічога не патрабуе і пакідае героя ў спакоі. Уладзімір Караткевіч, якому доўга не шанцавала з каханнем, з падлеткавай апантанасцю фантазіраваў падобных «ідэальных» дзяўчат, і гэта ў яго атрымлівалася бліскуча.

Міхась Зарэцкі не быў такі ўзнёсла-рамантычны. Яму больш імпанавала другая катэгорыя Купалавых жанчын — інфернальных асоб, разбуральніц, дэманаў.

Але калі ў Янкі Купалы падобныя гераіні, на манер самак багамола, нацэлены толькі на знішчэнне мужчын, то ў Зарэцкага яны запраграмаваны таксама і на самаліквідацыю.

Амаль у кожным апавяданні пісьменніка галоўны герой (вонкава дастаткова моцны фізічна і маральна мужчына), які да таго ж займае і нейкую высокую пасаду, сустракаецца з цікавай жанчынай. Неверагодна прыгожай, артыстычнай, эфектнай, шыкоўнай ва ўсіх сэнсах і нацэленай на… смерць.

Калі Янка Купала жахаецца ад падобных спадарынь, то Міхась Зарэцкі… шкадуе іх.

Яго жанчыны з твораў «Лішнія», «Кветкі пажоўклыя» баяцца сям’і і не хочуць працягу роду, не ўмеюць захоўваць доўгатэрміновыя стасункі, не ведаюць, чым заняць сябе, губяць мужчын — але не таму, што іх ненавідзяць, а проста не ведаюць, што з імі рабіць далей.

Жанчыну трэба любіць, старацца зразумець, імкнуцца не падпадаць пад яе чары, але і шкадаваць, падтрымліваць, лічыць пісьменнік. Шкадуючы жанчыну, сам мусіш стаць мацнейшым — філасофія Міхася Зарэцкага.

У многіх пісьменнікаў 60—70-х гг., як, напрыклад, у Міхася Стральцова ці Барыса Сачанкі, — ідэальны вобраз вясковай дзяўчыны выведзены дзеля таго, каб паказаць нікчэмнасць гарадскога хлопца, эгацэнтрычнага і крыўдлівага.

Цяпер, калі агрэсіўныя зыкі гендарнай роўнасці заганяюць слабых мужчын у «мяшкі», бліжэй да героя з «Трыбунала», асабліва цягне да эстэтычна блізкіх адно аднаму пісьменнікаў — Адама Міцкевіча і Якуба Коласа.

Іх гераіні пазбаўлены ідэалістычнай ружовасці, але і не маюць дэманалагічных прыкмет. Вясёлыя, у меру капрызлівыя, па-балетнаму лёгкія паненкі з «Пана Тадэвуша», лірычныя настаўніцы, якія акружаюць Лабановіча, муза Сымона-музыкі натхняюць, ствараюць пачуццё вонкавага і ўнутранага спакою, напаўняюць сэрца гэтак неабходнай радасцю. Той радасцю, калі ёсць неадольнае жаданне ствараць для нашых дарагіх жанчын свята. І не толькі на 8 Сакавіка, але і кожны дзень.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Фота Алены АДАМЧЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.