Вы тут

Жыхар Ханты-Мансійска паўтарыў шлях на фронт свайго дзеда з Чавускага раёна


Мы ўшаноўваем ветэранаў вайны, ствараем мемарыяльныя комплексы ў гонар абаронцаў і вызваліцеляў, схіляем галовы ў хвіліне маўчання, ускладаем кветкі да абеліскаў — гэта наш доўг і агульная памяць. Нашчадкі тых, хто аддаў свае жыцці за мірнае неба, едуць за сотні кіламетраў да помнікаў і абеліскаў, каб прачытаць на іх роднае імя. Горш, калі гэтага імя на граніце няма і месца пахавання блізкага чалавека невядомае. Іх, зніклых без вестак, сёння тысячы... Таму так радуюцца пошукавікі, калі атрымліваецца ўстанавіць асобу яшчэ аднаго чалавека. Сённяшні герой таксама афіцыйна яшчэ не вярнуўся з вайны. Але яго ўнук паставіў за мэту зрабіць усё, каб аднавіць яго памяць.

Яўген нарадзіўся болей чым праз 20 гадоў пасля таго, як яго дзед, Павел Гараеў, знік без вестак у хаосе 41-га. Але засталіся яго лісты, у якіх столькі любові і цеплыні, што хапіла бы не на адну сям'ю. За некалькі месяцаў расстання ён паспеў напісаць іх амаль два дзясяткі. Апошні датаваны 13 ліпеня 1941 года, пасля тонкая нітачка паміж салдатам і яго домам разарвалася. Далей — цішыня...


Па­вел Га­ра­еў.

Лісты з фронту

На пажоўклых і спарахнелых ад часу старонках апошнія некалькі месяцаў жыцця Паўла Гараева. Ён быў прызваны ў армію ў маі 1941 года і чорную дату, 22 чэрвеня, сустрэў у Гарахавецкіх ваенна-палявых лагерах. Адтуль іх часць спачатку накіравалі ў Горкі (зараз Ніжні Ноўгарад), а потым на фронт...

Некаторыя лісты нават пасля музейнай рэстаўрацыі нельга прачытаць — толькі асобныя фразы. Але іх дастаткова, каб зразумець, як «сын, муж, брат і бацька» любіць сваіх блізкіх. Асабліва «жінку» Кацярыну, з якой, абяцае, калі толькі вернецца, «жыць вельмі добра». Успамінае, як ім было хораша разам, просіць часцей пісаць. «Атрымаеш ліст, стане радасна, што ў мяне ёсць жінка», — піша ён. А ў канцы кранальна-дзіцячае з прысмакам горычы: «Цалую 999 разоў ды яшчэ адзін раз... Ды няма вас...»

У 41-м Паўлу Гараеву было ўсяго 20 гадоў — той самы ўзрост, калі жыццё толькі пачынаецца. У яго лістах па дарозе на фронт шмат шчырых прызнанняў і нявыказанай журбы. «Шкада, што так мала з табой пажылі, — звяртаецца ён да любай. — Як успомню, як жылі з табой, сэрца баліць: які ж я нешчаслівы нарадзіўся. Гэты сабака Гітлер задумаў вайну. Гэту гадзіну трэба раздавіць, змяць у парахню...» У апошнім лісце байца, лічы, ужо з перадавой, перапляліся жах, асуджанасць, надзея. Ён піша пра бясконцыя нямецкія бамбёжкі, гарачыя баі, перажывае за блізкіх і вельмі па іх сумуе. «Так ахвота на вас паглядзець, як вы жывяце дома. Не ведаю, убачу вас ці не...» І просіць — чакаць...

Ніжні Ноўгарад — Смаленск — Чавусы

Яўген Зайцаў пераадолеў не адну тысячу кіламетраў, каб засведчыць сваю павагу да дзеда. Яго сляды ён шукаў у ваенкаматах, архівах, на вядомых кожнаму, хто шануе памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, сайтах АБД «Мемарыял» і «Памяць народа». Шмат у чым дапамаглі лісты з фронту.

— Мая маці атрымала іх дзесяць гадоў таму, — кажа суразмоўнік. — Іх ёй перадала жанчына, якая таксама кахала майго дзеда і доўга чакала яго з вайны. Лісты былі завернутыя ў газету — патрапаныя, сярэдзіна рассыпалася, але для маці яны былі дарагія як адзіная памяць пра бацьку. Яна не адразу адважылася мне іх аддаць. А ўжо ў музеі мне дапамаглі вярнуць гэтыя пасланні да жыцця.

У сям'і Яўгена Зайцава да памяці дзядоў-франтавікоў адносіны трапяткія.

— У нас з жонкай на вайне ваявалі сем чалавек, а вярнуўся толькі адзін, мой прадзед. Дзядзька жонкі пахаваны ў Будапешце, брат майго дзеда Паўла ў Каўнасе, дзед Сцяпан па бацькаўскай лініі пад Ленінградам. Да ўсіх ездзілі, і нават не раз. Толькі да Кіева не даехалі пакуль. І ў найбліжэйшы час наўрад ці атрымаецца.

Аднойчы Яўгену прыйшла ідэя па кожным з дзядоў зрабіць памятны альбом. Пра Паўла Гараева атрымаўся самы сціплы. Да вайны жыў у вёсцы Майка (так мясцовыя для зручнасці называлі свой пасёлак Першамайскі) Называеўскага раёна Омскай вобласці, працаваў трактарыстам. Вёска была вялікая, а вось сёння засталося ўсяго некалькі двароў. Старэйшыя яе жыхары даўно ўжо «перасяліліся» на тамтэйшыя могілкі. Там ляжаць і бацька з маці Паўла Гараева. Яго бацьку, Рыгора, таксама ў 42-м забралі на фронт, але яму пашчасціла вярнуцца. А вось сваіх сыноў Паўла і Івана ён так і не дачакаўся. Месца пахавання Івана вядомае, а вось Паўла — не.

Ідэя паўтарыць шлях Паўла Гараева на фронт і паглядзець на ўсё яго вачыма прыйшла Яўгену пасля знаёмства з 33-гадовым пошукавікам Аляксеем Таракашкіным з Ніжняга Ноўгарада. Малады хлопец заразіў яго сваёй апантанасцю. Аляксей стварыў цэлы сайт пра 160-ю Горкаўскую стралковую дывізію і збірае інфармацыю па кожным з яе ўдзельнікаў.

З лістоў байца гэтай дывізіі Паўла Гараева вядома, якія населеныя пункты ён праязджаў па дарозе на фронт. І маршрут унука атрымаўся такі: Ханты-Мансійск — Масква — Ніжні Ноўгарад — Гарахавец — зноў Масква — Чавусы.

Тут раней узнімалася зямля на дыбы...

Міжволі згадаўся Уладзімір Высоцкі з яго песнямі пра вайну. Найлепшыя з іх ён, дарэчы, напісаў да фільмаў па дылогіі беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». У тым ліку і пра брацкія магілы. У Чавускім раёне іх болей за сотню. Ёсць пахаванне, дзе ляжыць адначасова дзве тысячы чалавек. Над ім сёння расце лес. Кажуць, там заўсёды незвычайна ціха, нават калі вакол бушуе моцны вецер.

Свят­ла­на Шы­бут (уся­рэ­дзі­не з кні­гай) за­раз на пен­сіі, але спе­цы­яль­на прый­шла ў шко­лу,  каб пра­вес­ці эк­скур­сію для ра­сій­ска­га гос­ця.

Мы едзем па старой чавускай дарозе. Намеснік камандзіра Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Сяргей Тагаеў паказвае Яўгену Зайцаву мясціны, дзе байцы 160-й стралковай дывізіі трымалі абарону. За рулём аўто яшчэ адзін баец атрада Віталь Дракін. Пошукавая праца для іх — сэнс жыцця. У кожнага сям'я (або дзяўчына), работа, але там, дзе справа датычыцца памяці герояў вайны, яны гатовыя ахвяраваць усім, у тым ліку асабістым часам. Пошукавік з Ніжняга Ноўгарада Аляксей Таракашкін падказаў Яўгену Зайцаву каардынаты «ведаючага чалавека» ў Магілёве — Мікалая Барысенкі, натхняльніка і стваральніка клуба «Віккру». Яны супрацоўнічаюць не адзін год, дапамагаюць адзін аднаму. У Мікалая Барысенкі ёсць кніга «1941: палаючыя берагі Дняпра і Сожа», дзе ён прысвяціў баявому шляху 160-й стралковай дывізіі цэлы раздзел. Ён не змог асабіста суправаджаць госця, за яго гэта зрабіў не менш дасведчаны пошукавік Сяргей Тагаеў.

Раста, Гарбавічы, Чавусы — магчыма, гэта той самы апошні рубеж кулямётчыка Паўла Гараева. Байцы клуба «Віккру» не першы год працуюць на тэрыторыі Чавускага раёна і добра ведаюць, як шчодра палітая салдацкай крывёю тутэйшая зямля. За апошнія некалькі гадоў па іх ініцыятыве тут з'явілася яшчэ некалькі мемарыяльных комплексаў героям Вялікай Айчыннай. Тут устаноўлены першы ў краіне помнік штрафнікам, дзе ляжаць байцы не менш чым 10 штрафных рот.

У школьным музеі аграгарадка Гарбавічы шмат экспанатаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Былая настаўніца гісторыі, кіраўніца музея з 1986 года Святлана Шыбут уклала ўсю сваю душу ў гэту ўстанову. Разам са школьнікамі неаднаразова наведвала месцы баявой славы, праводзіла экскурсіі. Наогул, тутэйшыя настаўнікі з вучнямі сабралі такі багаты матэрыял, што нават пісьменнік Канстанцін Сіманаў быў уражаны. Ён прыслаў у падарунак школе сваю трылогію «Жывыя і мёртвыя» з дароўным подпісам: «Педагогам і школьнікам з вялікай падзякай за дапамогу ў пошуку людзей, пра якіх напісана гэта кніга».

Памяць аб героях захоўвае Чавускі гісторыка-краязнаўчы музей. Большая частка яго ваенных экспанатаў — гэта тое, што знойдзена на месцах баёў. Толькі ў ліпені і пачатку жніўня 1941 года больш за 9 тысяч байцоў і камандзіраў 160-й дывізіі склалі галовы на чавускай зямлі. Падчас сваіх летніх вахтаў пошукавікі знаходзяць на тэрыторыі раёна нешта новае часоў вайны. І музейная экспазіцыя штогод папаўняецца.

— Мяне перапаўняюць пачуцці, інфармацыю, што я атрымаў, яшчэ трэба перапрацаваць, — Яўген Зайцаў не хавае сваіх эмоцый ад такога глыбокага экскурсу ў ваеннае мінулае. — Я, канешне, ведаў, што дзеда не знайсці, але ад таго, што я пабываў на тым месцы, дзе ён хадзіў, паглядзеў яго вачамі на гэтую мясцовасць, мне стала лягчэй. Сёлета маёй маці споўніцца 80 гадоў, яна перасоўваецца з цяжкасцю, сюды яна дакладна не даедзе. Для яе будзе вялікай радасцю ўбачыць здымкі з месцаў, дзе ваяваў яе бацька. А вось я, магчыма, прыеду яшчэ раз. Мне здаецца, што я вельмі блізка падышоў да таго месца, дзе знік без вестак мой дзед. І я вельмі ўдзячны Мікалаю Барысенку, Сяргею Тагаеву, усім астатнім «віккруўцам», якія мне дапамагалі, за іх павагу і садзейнічанне. Чарговы раз пераканаўся, што беларусы — гэта нашы браты. Калі ехаў сюды, не ведаў, з кім буду сустракацца, куды звяртацца. Але мне ўвесь час шчасціла на добрых людзей.

На чыгуначным вакзале Чавус памяць воінаў 160-й стралковай дывізіі ўвекавечана ў помніку. Пакуль Яўген фатаграфуе знакавае месца, удалечыні набліжаецца цягнік, які едзе з боку Крычава. Час на секунду праламляецца, і замест снегу раптоўна з'яўляецца ліпеньская зелень, а з акна вагона махае нам рукой зусім яшчэ малады хлопец у гімнасцёрцы...

Мікалай Барысенка, камандзір Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»:

— Лёс гэтай дывізіі трагічны. Першы яе батальён прыбыў на чыгуначную станцыю Чавус 10 ліпеня 1941-га, калі немцы ўжо фарсіравалі Дняпро і знаходзіліся за 15 кіламетраў ад Гарбавіч. Падраздзяленні дывізіі прыбывалі ў Чавусы яшчэ да 14 ліпеня, а 15-га яны былі ўжо захопленыя ворагам. Эшалоны, між тым, працягвалі ісці, але выгружаліся на бліжніх да Чавус станцыях — у Верамейках, Крычаве. Чырвонаармейцаў 160-й дывізіі на пазіцыі накіроўвала вышэйстаячае камандаванне, прычым нават не таго корпуса, у які яна ўваходзіла. Гэтыя пазіцыі былі вельмі ўмоўныя, суцэльнай абароны не існавала, салдаты з ходу ўступалі ў бой. Дывізія так і не змагла сабрацца разам. Калі прыбыў штаб дывізіі, ён не ведаў, дзе яе батальёны, палкі. Немцы прабілі дарогу і пайшлі на Смаленск, а нашы пазіцыі заставаліся ўбаку. Салдаты сядзелі ў акопах і траншэях і думалі, што трымаюць абарону. А немцам галоўнае было рухацца наперад. Пасля 17 ліпеня штаб 20-га стралковага корпуса, якому падпарадкоўвалася 160-я дывізія, накіраваўся ўздоўж Проні ў бок вёскі Аляксандраўка-2. У абарончых баях загінулі камандзір корпуса генерал Сцяпан Яромін і яго намеснік. Штабныя дакументы дагэтуль ляжаць закапаныя дзесьці ў раёне Прапойска (сённяшняга Слаўгарада). Мы іх шукаем, але пакуль безвынікова.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Сяргея ТАГАЕВА

Загаловак у газеце: Шляхам Паўла Гараева

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.