Вы тут

Навіны Добрушскага краю


Школьнік здабывае энергію з раслін

Лаўрэат Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу — Ілья Козыраў з аграгарадка Ігаўка Добрушскага раёна.

Прадметам даследавання школьніка і яго таварыша Арцёма Галаганава стала атрыманне энергіі з раслін. Вучні зрабілі практычную мадэль, з якой раней перамаглі на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ у секцыі «фізіка». Удасканалены праект быў прадстаўлены ў Санкт-Пецярбургу на 15-м Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе — адным з самых буйных навуковых спаборніцтваў для школьнікаў у Расіі.

Больш як 500 юных навукоўцаў і інжынераў прадставілі свае праекты ў галінах фізікі, матэматыкі, біялогіі, медыцыны, робататэхнікі і шэрагу іншых кірункаў. Настаўніцкае журы, як і прадстаўнікі бізнесу, убачылі ў праекце Ільі Козырава прафесійнае даследаванне. У сваім відэароліку юнак прадэманстраваў вынікі працы па атрыманні ўзнаўляльнай энергіі з раслінна-мікробнага элемента. Цяпер школьнік рыхтуецца да ўдзелу ў новых праектах.


Досвед аб'яднаў медыкаў Японіі і Беларусі

Прадстаўнікі Нагасакскага і Фукусімскага медыцынскіх універсітэтаў адкрылі беларуска-японскі медыцынскі цэнтр. Падзея адбылася ў канцы мінулага года ў аграгарадку Карма.

Адкрыццё такой медыка-адукацыйнай установы стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням кіраўнікоў Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, іх японскіх калег і выканаўчай улады раёна. Апошняя дапамагла вызначыцца з памяшканнем.

Спецыялісты лічаць, што работа гэтага цэнтра дапаможа студэнтам у засваенні практычных навыкаў аказання медыцынскай дапамогі ў першасным звяне — медыцынскай амбулаторыі. Пацыенты, у сваю чаргу, атрымаюць якаснае абследаванне і лячэнне. У цэнтр рэгулярна будуць прыязджаць вядучыя выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Таксама адкрыццё цэнтра станоўча адаб'ецца на якасці аказання медыцынскіх паслуг у Карме і павышэнні прафесійнага ўзроўню мясцовых медыкаў. У хуткім часе да праекта далучацца медыкі з Фукусімскага медыцынскага ўніверсітэта. Супрацоўніцтва і досвед працы ў зоне заражэння пасля аварыі на Фукусімскай АЭС будуць вельмі запатрабаваныя, асабліва пасля таго, як Кармянскі цэнтр будзе цалкам абсталяваны.

Такое ўзаемадзеянне паміж беларускім і японскім бакамі будзе спрыяць узбагачэнню ведамі студэнтаў, збліжэнню нашых народаў, якія пацярпелі ад радыяцыі.


Магчымасці для юных

У канцы мінулага года ў Мінску прайшло пасяджэнне Каардынацыйнага савета па рэалізацыі ініцыятывы «Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам» у Рэспубліцы Беларусь. Па яго выніках Добрушу прысвоена ганаровае званне «Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам».

Дарэчы, Добруш далучыўся да гэтай ініцыятывы ЮНІСЕФ яшчэ ў 2008 годзе. Гарадскі савет старшакласнікаў распрацаваў і рэалізаваў праект «Добрыя сэрцы», накіраваны на аказанне дапамогі і падтрымкі дзецям-інвалідам і дзецям, што апынуліся ў сацыяльна небяспечных умовах. Таксама рэалізаваны праект «Востраў» — рэканструявана і добраўпарадкавана гарадская зона адпачынку для арганізацыі і правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі.


Кубкі і талеркі зацікавілі аптавікоў

Прадукцыя Добрушскага фарфоравага завода нядаўна была прадстаўлена на міжнароднай выстаўцы тавараў народнага спажывання Аmbіеntе ў Франкфурце-на-Майне.

У Германіі дабрушане выстаўлялі шырокую палітру прадукцыі ад падарункавага сегмента да посуду індустрыі гасціннасці. Цікавасць выказалі буйныя аптовыя пакупнікі з Румыніі, Польшчы, Італіі, Германіі, Расіі, краін блізкага Усходу. Аmbіеntе — самая буйная ў свеце выстаўка тавараў народнага спажывання — з'яўляецца не толькі інфармацыйнай пляцоўкай, але і месцам для ўсталявання новых дзелавых кантактаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.