Вы тут

Добрушскае лясніцтва: сучасныя тэхналогіі і мадэрнізацыя*


Добрушскае лясніцтва ўваходзіць у склад Гомельскага вопытнага лясгаса Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання. Лясніцтва мае вялікую плошчу — больш за 19 тысяч гектараў. Тры чвэрці з іх — землі, якія падвергліся забруджванню пасля катастрофы на ЧАЭС. Зразумела, такія асаблівасці ўплываюць на дзейнасць арганізацыі, якая, дарэчы, па сукупнасці паказчыкаў стала найлепшай сярод 179 лясніцтваў Гомельшчыны.


Ляснічы Ва­дзім КА­РА­ЛЕН­КА.

Тры гады, як Добрушскае лясніцтва ўзначаліў Вадзім Караленка. Ён пачынаў некалі з майстра. Ляснічы кажа, што ў 2016 годзе прыйшлося кардынальна змяняць стратэгію работы. Укараненне сучасных тэхналогій — гэта першапачатковая справа:

— Напрыклад, пры нарыхтоўцы драўніны дзедаўскія метады неактуальныя. Раней валкай лесу займаліся леснікі, а гэта — не іх асноўная задача. Леснікі павінны ахоўваць лес ад шкоднікаў, пажараў, садзіць новыя дрэвы. Не паўсюль можа ўжывацца сучасная лесанарыхтоўчая тэхніка, а вось умелы вальшчык з бензаматорнай пілой зможа дабрацца і туды, дзе не пройдзе спецыялізаваная машына.

Менавіта таму цяпер у лясніцтве ёсць спецыялізаваная брыгада вальшчыкаў. Пяць работнікаў працуюць па так званай скандынаўскай тэхналогіі. Суровыя мужчыны ў касках — віртуозы сваёй справы на дзялянках, дзе вядзецца нарыхтоўка драўніны. Вялізны хваёвы ствол за некалькі хвілін становіцца каштоўным будаўнічым матэрыялам пасля таго, як вальшчык спілуе галіны і распілуе на сартымент. Гэта адзначае, што дрэва падзелена на вызначаныя кавалкі.

— Калі дрэвы павалены правільна, — тлумачыць Вадзім Валер'евіч, — можна максімум якаснай драўніны з іх атрымаць. І ўсё залежыць ад талковага вальшчыка.
У брыгадзе ўсе працуюць вельмі акуратна і зладжана. Пасля чаго пагрузачныя машыны збіраюць гатовую драўніну і вязуць яе на склад. У нас такім чынам павысілася прадукцыйнасць працы ў разліку на аднаго чалавека. Заробак здзельна-прэміяльны. Таму людзі зацікаўленыя працаваць і атрымліваюць ад 1400 да 1800 рублёў. Да таго ж спецыялісты самі вымяраюць аб'ём нарыхтаванай драўніны. Даныя мы пераправяраем. Магу сказаць, што нашы вальшчыкі сумленна працуюць. Калі раней у Добрушскім лясніцтве нарыхтоўвалі за месяц каля 3200 метраў кубічных, то летась — больш за 4000.

Зле­ва на­пра­ва ста­яць: валь­шчы­кі Ана­толь ЗА­ХАР­ЧАН­КА,  Кан­стан­цін БРУ­ЯН­КОЎ, Дзя­ніс АГІ­Е­ВІЧ, Мі­ка­лай ТКА­ЧЭН­КА;  ся­дзяць: трак­та­рыст Ула­дзі­мір ВА­СІ­ЛЕЎ­СКІ і валь­шчык Якаў ШТАРК.

Тое, што вялікія плошчы лясніцтва знаходзяцца на забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі, некалькі ўскладняе работу. Перш чым сячы драўніну з нейкага ўчастка лесу, пілавінне абавязкова правяраецца на ўтрыманне радыяцыйных элементаў. Да таго ж трэба пільна кантраляваць, што ідзе на дровы, а што — на дзелавую драўніну.

— Самае галоўнае — пасля высечкі пасадзіць маладыя дрэвы, — адзначае Вадзім Караленка. — Апошнія тры гады мы сеялі і садзілі ад 100 да 160 гектараў лесу за кожны год. Нам у гэтай справе вельмі дапамагаюць валанцёры. Жыхары Добрушскага раёна кожную вясну далучаюцца да важнай справы. А восенню мы разам праводзім акцыю «Чысты лес».

Штогод супрацоўнікі лясніцтва нямала намаганняў і сродкаў накіроўваюць на навядзенне парадку ў лясным фондзе. Напрыклад, пазалетась была прыбрана ад смецця лесапаласа ўздоўж аўтадарогі М-10, высаджаны дрэўцы каля пасёлка Рассвет, прыбраны звалкі ў лясах, закладзена алея каля царквы ў гонар святога Алега Бранскага. Летась пасадзілі 20 тысяч дрэў вакол скрыжавання аўтамабільных дарог: Добруш — Гомель — Церахоўка — Рассвет. У такіх работах заўсёды прымаюць удзел прадстаўнікі БРСМ і супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Добраахвотнікаў забяспечваюць неабходным інвентаром.

Май­стар ле­су Воль­га ЛА­ПОЦЬ­КА  два га­ды як пра­цуе ў Доб­руш­скім ляс­ніц­тве пас­ля за­кан­чэн­ня бія­ла­гіч­на­га фа­куль­тэ­та  Го­мель­ска­га ўні­вер­сі­тэ­та. Га­во­рыць,  пра­ца­ваць на пры­ро­дзе па­да­ба­ец­ца.  Ця­пер вось пра­вя­рае якасць хва­ё­вых шы­шак, пры­зна­ча­ных для атры­ман­ня на­сен­ня.

Устаноўка мабільных фотапастак у розных раёнах лесу таксама прыносіць плён. Звычайна іх выстаўляюць там, дзе нядобрасумленныя грамадзяне выкідаюць смецце ці браканьеры спакушаюцца на драўніну. Ляснічы гаворыць, што ў такіх выпадках на прафілактыку правапарушэнняў уздзейнічае не толькі штраф, але і «праслаўленне» парушальнікаў у СМІ:

— Такая мера зменшыла колькасць парушэнняў, але лес па-ранейшаму патрабуе да сябе павышанай увагі. Вядома, што апошнім часам па поўдні Беларусі распаўсюдзіўся жук-караед, з якім і мы вядзём барацьбу. У 2017 годзе з-за яго ў лясніцтве прыйшлося высекчы 80 гектараў лесу, а летась — каля 90. Гэтыя плошчы трэба наноў засадзіць дрэвамі. Дарэчы, сёлета плошчы, пашкоджаныя караедам, некалькі паменшыліся. Невялікія ачагі назіраем у асноўным на цяжкадаступных участках.

За апошнія два гады было шмат зроблена для мадэрнізацыі лясніцтва, адзначае Вадзім Валер'евіч:

— Абноўлены выгляд набылі гаражы і склады, пабудаваны новыя навесы для абсталявання, памяняны агароджы. Дзякуючы дырэктару нашага лясгаса Ігару Мікалаевічу Дзягцярыку, для Добрушскага лясніцтва закуплены два новыя трактары і аўтамабіль УАЗ. Для леснікоў — майстроў лесу — набылі тры матацыклы. Сёлета плануем правесці рамонт фасада і даху адміністрацыйнага будынка. Таксама будзем працягваць добраўпарадкаваць тэрыторыю лясніцтва.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

УНП 400399274

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?