Вы тут

Чуцен голас далёка


Радуе тое, што апошнім часам усё больш увагі ўдзяляецца перакладам. Па-беларуску пераўвасабляюцца творы прадстаўнікоў многіх літаратур. Хоць паступова наладжваецца і зваротная служба. Напісанае беларускімі аўтарамі, найперш паэтамі, знаходзіць водгук у бліжнім і далёкім замежжы. Кола тых, хто «загаварыў» на іншых мовах, даволі прадстаўнічае. Адмоўлюся ад пераліку, хай сабе і кароткага, прозвішчаў, каб каго-небудзь не забыцца. Скажу толькі, што ўсё больш упэўнена на, калі можна так сказаць, інтэрнацыянальныя арбіты выходзіць Міхась Пазнякоў.


Не стану пералічваць ягоныя заслугі перад беларускай літаратурай — яны на слыху. Высокія адзнакі творчасці крытыкамі і літаратуразнаўцамі — таксама. Адно засведчу: нядаўна ў Міхася Пазнякова выйшлі яшчэ тры «замежныя» кнігі. Згадаю іх у той паслядоўнасці, у якой яны пабачылі свет.

Томік выбраных вершаў «Тепло ромашковоі завії», як няцяжка заўважыць, выйшаў у перакладзе на ўкраінскую мову. У 2017 годзе зялёнае святло яму дало чарнігаўскае выдавецтва «Десна Поліграф». Творы з беларускай мовы пераўвасобілі выдатныя ўкраінскія паэты — прэзідэнт Міжнароднай літаратурна-мастацкай Акадэміі Украіны Сяргей Дзюба, Алег Ганчарэнка і Яраслаў Саўчын. С. Дзюба напісаў і прадмову «У нашым доме дзвярэй не будзе…»

У загаловак яе вынесены першы радок аднаго з безназоўных вершаў М. Пазнякова, перакладзенага для гэтай кнігі Я. Саўчыным і С. Дзюбам. Не магу не працытаваць яго. Не толькі таму, што напісаны ён па-майстэрску, вызначаецца выразнасцю грамадзянскай паэзіцыі. Навідавоку і не менш значная прычына.

Лірычны герой, за якім — сам паэт, прамаўляе тое, што не можа не хваляваць асоб з абвостраным успрыманнем несправядлівасці і прагавітым жаданнем дамагацца справядлівасці. У вершы прысутнічае тое, што блізка і яму самому, і перакладчыкам. Інакш яны не звярнулі б увагі на гэты твор. Ды яшчэ С. Дзюба не працытаваў бы яго ў сваім уступным слове. Калі ж глядзець шырэй, гэта і імкненне жыць у сяброўстве і згодзе, а з такога і нараджаецца магчымасць узаемных стасункаў, узаемных перакладаў:

х х х

 В нашім домі не будзе вікон,

Не коптітиме скрушно свіча…

Там тривозі — жаскій, велікій —

Не злетіти з твоего плеча.

……………………………………..

В нашім домі — зіркі не зужиті,

 І дороги — на вси свити!

В цьому домі ти будеш жити,

Як захочеш сюди прийти.

Ураджайным для «перакладнога» М. Пазнякова быў і 2018 год. Летась у яго выйшлі дзве паэтычныя кнігі ў сталіцы Рэспублікі Калмыкіі горадзе Элісце. «Моё богатство» выпушчана па-руску выдавецтвам «Джангар». Як вядома, аўтар і сам піша па-руску. Аднак гэты зборнік перакладны. Беларускамоўныя вершы М. Пазнякова пераўвасобіў вядомы рускі паэт Юрый Шчарбакоў.

Да перакладу ён паставіўся патрабавальна. Захаваны лепшыя якасці паэзіі яго паэтычнага сабрата. Рускамоўны чытач адчуе яе мілагучнасць, вобразную насычанасць. Яго кране тая цеплыня, што ідзе ад шчырасці, улюбёнасці ў жыццё. Повязь жа з малой радзімай настолькі адчувальная, што ўсё гэта быццам бачыш на свае вочы. Прапускаеш праз сэрца, каб яшчэ раз пераканацца ў тым, як шмат значыць сапраўдная паэзія. Прынамсі, гэта добра заўважаецца па такім вершы:

Небо в зеркале речки лежит на мели,

Луч фонарика тянется к звёздам,

И стихи мои слушают коростели,

Что сидят, накричавшись по звёздам.

Ухожу. Зашумела трава на ветру.

Птицы. Спите спокойно в гнездовьях.

Только запахи эти в рюкзак соберу

И звезду зачерпну котелком я.

 У зборніку «Забродье», які выйшаў пад эгідай Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Калмыкіі (магчыма, хтосьці з чытачоў не ведае, таму нагадаю, што Заброддзе — вёска ў Быхаўскім раёне, дзе М. Пазнякоў нарадзіўся) тэксты надрукаваны паралельна на дзвюх мовах — рускай і калмыцкай. Па-калмыцку яны загучалі дзякуючы народнаму паэту Калмыкіі Эрдні Эльдышаву. Ён жа склаў кнігу і з’яўляецца аўтарам прадмовы «Рыцар дабра і свету».

Эрдні Эльдышаў дае высокую ацэнку напісанага тым, хто творчасцю сваёй лішні раз пераконвае, што для сапраўднай паэзіі цесныя нацыянальныя межы: «Паэзія М. Пазнякова моцная глыбокім патрыятызмам, яго грамадзянская лірыка вызначаецца шчырасцю і мудрасцю. Менавіта ў грамадзянскай лірыцы праяўляюцца яркія рысы характару лірычнага героя М. Пазнякова, яго маральная прыгажосць, цвёрдасць і выразнасць перакананняў».

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.