Вы тут

Шматмоўе паэзіі


Творы сарака сучасных азербайджанскіх паэтаў упершыню перакладзены на беларускую мову. У межах V Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», што праводзіўся падчас Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу, была прэзентавана «Анталогія сучаснай азербайджанскай літаратуры. Паэзія». Перакладчыкамі з азербайджанскай мовы выступілi Таццяна Сівец, Навум Гальпяровіч, Юлія Алейчанка, Валерыя Радунь.


— Гэтае выданне яшчэ раз пацвярджае ўсім вядомую ісціну: духоўнае адзінства і блізкасць не ведаюць перашкод і межаў. Выказаныя ў вершах пачуцці радасці і жалю, болю і перажыванняў у імгненне пераадольваюць кіламетры, знаходзячы водгук у сэрцах многіх людзей на розных кантынентах. Нашы народы гавораць на розных мовах, але паэтычнае слова тым і ўнікальнае, што зразумела ўсім без выключэння, яно па-за часам і межамі. Сумеснай працай мы пабудавалі непарушны мост, які яшчэ больш згуртаваў нашы народы і літаратуры. І яму не страшная непагадзь, час не ўладны над ім, — зазначыў Яшар Аліеў, кіраўнік апарата Цэнтра перакладаў пры Кабінеце міністраў Азербайджанскай Рэспублікі.

У зборніку «Анталогія сучаснай азербайджанскай літаратуры. Паэзія» змешчаны вершы Самеда Вургуна, Алі Керыма, Тофіка Байрама, Мікаіла Мушвіга, Расула Рзы, Набі Хазры, Лэйлы Аліевай і іншых паэтаў розных пакаленняў. Выданне пабачыла свет дзякуючы заказу апарата Цэнтра перакладаў пры Кабінеце міністраў Азербайджанскай Рэспублікі. Аўтарам прадмовы стаў акадэмік Нізамі Джафараў.

— Сапраўды, зроблена вялікая праца не толькі стваральнікамі кнігі, але і ўвогуле абодвума бакамі — а гэта Выдавецкі дом «Звязда» і Цэнтр перакладаў у Баку. Без сяброўскіх сувязяў, якія аказаліся вельмі моцныя, і без людзей, якія вырашылі, што трэба падтрымаць выданне гэтай кніжкі, «Анталогія сучаснай азербайджанскай літаратуры. Паэзія» наўпрост не адбылася б. Радуе, што беларускі чытач можа пазнаёміцца з паэзіяй Азербайджана — вельмі глыбокай, разнастайнай, у нечым падобнай на беларускую, — распавяла ўкладальнік зборніка паэтэса, празаік, драматург, перакладчыца Таццяна Сівец. Спачатку яна планавала перакладаць творы самастойна, але аб’ём аказаўся вельмі вялікі. Ды хацелася, каб уся глыбіня азербайджанскай паэзіі была прадстаўлена ў анталогіі разнастайнымі галасамі беларускіх перакладчыкаў, добрых паэтаў. І гэта насамрэч узбагаціла беларускую літаратуру, бо кожны пераклад робіць шырэйшым абсяг перадусім наш, беларускамоўны, лічыць Таццяна Сівец.

На працягу стагоддзя (з 1918 па 2018 гг.) выйшла каля трыццаці кніг азербайджанскіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову. Сярод апошніх выданняў — зборнікі Чынгіза Алі аглу, Севіндж Нурукызы, Лэйлы Аліевай ды іншых.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.