Вы тут

Нашчадкі Аркадзя Куляшова: вандроўка скрозь часы і вымярэнні


Магілёўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі: суполка сяброў

Напэўна, кожны хоча разгадаць таямніцу: хто тыя, хто бесперапынна, адважна ствараюць складаную рэч пад назвай «літаратурны працэс»? Час пазнаёміцца з аўтарамі Саюза пісьменнікаў Беларусі! Таму запрашаем вас у вандроўку па абласных аддзяленнях арганізацыі.

Пачынаем знаёмства з сябрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі з экскурсіі па Магілёўскім аддзяленні, якое запрасіла ў свет сучаснай беларускай літаратуры!

Зала першая: агульныя звесткі

На пачатку экскурсіі нас сустрэне Алесь Казека, старшыня аддзялення. Гэта асоба, якая арганізоўвае дзейнасць членаў суполкі — іх у Магілёўскім аддзяленні 38 чалавек. Алесь Казека да таго ж паэт, перакладчык, велізарную частку сваёй творчасці прысвяціў патрыятычным тэмам (вядомай стала, напрыклад, яго паэма «Марыйка» — пра спаленую фашыстамі вёску Боркі).

У Магілёўскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі 18 паэтаў. Яшчэ 11 сяброў пішуць празаічныя мастацкія творы, 9 — публіцыстыку. Але ж сустракаюцца і сапраўдныя ўніверсалы, іх у аддзяленні 8 чалавек (ім падуладныя і проза, і паэзія). Гэта Алёна Беланожка, Леанід Іскроў, Уладзіслаў Кавалёў, Алена Кісель, Віктар Кунцэвіч, Мікалай Леўчанка, Наталля Ніканчук, Марына Сліўко.

Рушым далей.

Зала другая: галерэя новых сяброў

Наша галерэя навічкоў ніколі не пустуе! Вось і ў 2018 годзе аддзяленне папоўнілася пяццю пісьменнікамі. «Вельмі радуе, што да нас імкнуцца маладыя таленты Магілёўскага краю», — падкрэсліў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека.

Прапануем пазнаёміцца і з імі.

Алёна Беланожка, паэт і празаік, драматург, паэтпесеннік.

Што піша? Рамантычную фантастыку, іранічныя дэтэктывы, любоўную і грамадзянска-патрыятычную лірыку, бытавыя апавяданні.

Што і дзе пачытаць? Аповесці «Чамадан с кракадзілавай скуры», «Зорка Рагхігархі», асобыя вершы і апавяданні друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Нёман» і іншых.

 Наталля Ніканчук, паэт і празаік.

Што піша? Дэтэктывы, бытавыя апавяданні, раманы.

Што і дзе пачытаць? Зборнік «Кранаючы неба рукамі», раман «Іаланта» і іншыя творы — у часопісах «Маладосць», «Нёман» і інш.

Уладзімір Харланцьеў, празаік.

Што піша? Прозу.

Што і дзе пачытаць? Кнігі «Штрафнік», «Лёс штрафніка», «Са Шклоўшчыны» ды інш.

Леанід Іскроў, паэт, публіцыст.

Што піша? Філасофскую і грамадзянска-патрыятычную лірыку, публіцысціку, прозу.

Што і дзе пачытаць? Зборнікі вершаў «Судьбы не кляня», кнігі «Отрада родного слова», «Здравствуй, мама, я живой».

Уладзімір Ясеў, паэт.

Што піша? Філасофскую і грамадзянска-патрыятычную лірыку.

Што і дзе пачытаць? Зборнікі вершаў «Палова дыні», «Время ворот».

Зала трэцяя: Выстаўка выданняў

Заканамерна паўстае пытанне: а што стварылі і надрукавалі магілёўскія пісьменнікі за апошні год? Перад намі — галерэя з 11 выданняў.

Віктар Арцем’еў «Магіляўчане». З гэтай кнігі можна даведацца, як жылі і працавалі жыхары Магілёва ў першыя гады пасля Айчыннай вайны.

Віктар Арцем’еў «На мяжы самазнішчэння». У цэнтры ўвагі зборніка — шлях чалавецтва да глабальнай катастрофы, ядзернай ці экалагічнай, пытанне быць ці не жыццю на планеце Зямля.

Віктар Арцем’еў «Вайна ў кожнага была свая». Споведзі франтавікоў і сведкаў вайны.

Мікалай Барысенка «Нашчадкі Спірыдона Собаля». Кніга выдадзена да 100-годдзя Магілёўскай абласной друкарні імя Спірыдона Собаля.

Мікола Падабед «Сонца сярод ночы». Пад гэтай вокладкай жывуць аповесці і апавяданні, якія прымусяць усміхнуцца і навучаць адшукваць нешта пацешнае нават у самых простых бытавых здарэннях.

Яўген Булава «Дубровенка FOREVER, альбо Не забывайце сваіх старых сяброў». Кніга пра сяброўства, пра самыя шчырыя і светлыя адносіны.

Леанід Іскроў «Здравствуй, мама, я живой». Кніга пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, непаўналетніх вязнях фашысцкіх канцлагераў.

Марына Сліўко «НЕрэальнасць». Сцеражыцеся! Бо пад гэтай вокладкай жывуць таямніцы! Яна поўная загадкавых сноў і містычных з’яў (з лёгкім прысмакам пікантнасці).

Жанна Міус (Усцінава) «Дзіўныя дзеткі». Вершы для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Аляксандр Балдоўскі «Ветэраны. Праславіліся ў баях і працы». Кніга пра воінаў, якія адважна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны і тых, хто набліжаў перамогу на працоўным фронце.

Ніна Кавалёва «Як купалі ў купелі». Зборнік вершаў і абрадаў.

Зала чацвёртая: Дасягненні

Калі вы мяркуеце, што ўсе члены магілёўскага аддзялення бавяць час выключна за апантаным стварэннем шэдэўраў, то памыляецеся. У магілёўскіх пісьменнікаў дастаткова творчых рэсурсаў яшчэ і на конкурсы, і на ўдзел у цікавых мерапрыемствах.

За 2018 год ва ўстановах адукацыі, культуры і ў працоўных калектывах праведзена больш за 700 сустрэч з чытачамі. На старонках рэспубліканскіх, абласных і раённых сродкаў масавай інфармацыі надрукавана звыш 500 публікацый нашых пісьменнікаў.

Плён цеснага супрацоўніцтва з абласной грамадскапалітычнай газетай «Магілёўскія ведамасці» — штомесячная літаратурная старонка «Натхненне».

Многія пісьменнікі аддзялення ўзначальваюць літаратурныя аб’яднанні ў горадзе Магілёве і раёнах Магілеўскай вобласці: «Магістраль» Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі (кіраўнік М. А. Сліўко), «Натхненне» МДУ імя А. А. Куляшова (кіраўнік Н. А. Міхальчук), Мікалай Мінчанка (г. Клімавічы), Мікалай Падабед (г. Бялынічы), Мікалай Салаўцоў (г. Чавусы).

Нельга пераацаніць ролю пісьменнікаў у ідэйна-выхаваўчай працы з насельніцтвам у раёнах вобласці. Шмат рупяцца ў гэтым кірунку А. С. Балдоўскі (Крычаўскі раён), М. У. Леўчанка (Быхаўскі раён), М. І. Салаўцоў (Чавускі раён), М. А. Уласенка (Горацкі раён), М. Н. Мінчанка (Клімавіцкі райн), М. І. Падабед (Бялыніцкі раён).

У аддзяленні рэалізоўваюцца шматлікія творчыя праекты. Адзін з іх — літаратурная гасцёўня «Магія слова». Тут з дапамогай члена Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі кандыдата філалагічных навук Алены Кісель ёсць магчымасць прыадкрыць чароўную заслону таямнічасці творчай літаратурнай майстэрні. І калі нехта пажадае пачытаць свае творы, ці палепшыць мастацкі ўзровень, ці стварыць яшчэ нешта цудоўнае, сардэчна запрашаем!

Праведзены інтэрнэт-конкурсы «Мой бераг родны» і «Мяккая лапа». Дарэчы, конкурс «Мяккая лапа» нечакана зрабіўся міжнародным, а колькасць удзельнікаў у ім перасягнула 300!

Пісьменнікі Магілёўскага аддзялення і самі ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі. А Марына Сліўко нават прэзентавала беларускіх пісьменнікаў у Санкт-Пецярбургу — разам з часопісам «Метамарфозы».

Магілёўскія пісьменнікі вырашылі адкрыць для сябе канцэртную дзейнасць — і плённа выступілі з вершамі разам з зоркамі беларускай эстрады на святочным канцэрце, што быў прысвячаны Дню Незалежнасці.

Набіраюць папулярнасць літаратурныя марафоны, якія праводзіліся падчас тыдня роднай мовы, святкавання Дня горада, свята «Александрыя збірае сяброў», святкавання Дня беларускага пісьменства...

«За два апошнія гады ў нас атрымалася наладзіць працу аддзялення, вызначыць асноўныя кірункі развіцця. Усё мацней гучыць голас магілёўскіх пісьменнікаў як у горадзе і вобласці, так і ва ўсёй нашай любай Беларусі і за яе межамі. І мы ўжо на сваіх сходах уздымаем не толькі праблемы, а ўсё смялей заяўляем пра поспехі, дасягненні, — адзначыў старшыня аддзялення. — У будучым годзе асноўную ўвагу неабходна звярнуць не толькі на колькасны паказчык нашай працы, але і на якасны, каб годна прадстаўляць аддзяленне на мясцовым, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, каб уплываць на літаратурны працэс у вобласці. Неабходна змагацца за павышэнне якасці літаратуры, адшукваць і выхоўваць новыя таленты, гадаваць годную змену пакаленню літаратараў Магілёўшчыны».

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.