Вы тут

Таццяна Мархель: «Жанчына павінна быць моцная і думаць пра сябе»


З Таццянай Рыгораўнай Мархель мы сустрэліся пасля спектакля «Мудрамер», у якім яна занятая. Як і яе гераіня, Таццяна Рыгораўна глядзіць на жыццё з аптымізмам і перадае яго кожнаму, з кім сустракаецца. Размаўляючы з Таццянай Мархель, я ніяк не магла паверыць, што нядаўна народнай артыстцы Беларусі споўнілася 80. Здаецца, гэта жанчына ведае сакрэт вечнай маладосці і шчасця. Напярэдадні сакавіцкага свята яна падзялілася ім з намі.


— Таццяна Рыгорыўна, з якімі эмоцыямі вы звычайна выходзіце пасля спектакля?

— Я вельмі люблю хвіліны пасля спектакля, думаю, як усё прайшло. Асабліва люблю ісці дадому пасля «Трох Жызэляў». Дзеля такіх хвілін і працуеш, і жывеш. Гэта самая высокая радасць. Такая цеплыня ўнутры ўзнікае, і пачынаеш верыць у сябе. Адчуваеш, што ўсё недарэмна і ўсё нічога, нават калі ў жыцці ёсць страты і цяжкія хвіліны. Мая мама казала: «Дзякуй Богу за ўсё!» Ты прымаеш усё, што было і ёсць. Гэта не значыць, што трэба проста плысці па цячэнні. Не, ты змагаешся, працуеш, а потым кажаш сабе: «Ну, малайчына!»

Пражыўшы ўжо добрую частку жыцця (не кажу, што ўсё жыццё), я зразумела, што толькі тэатр ніколі не здрадзіць. Усё можа памяняцца: каханне пройдзе, ты застанешся адна. Аднак творчасць дае сілы. Добра нехта прыдумаў гэта.

— Вы зараз пойдзеце ў адпачынак. Якія планы?

— Тэатр зрабіў мне вельмі прыемны падарунак — пуцёўку на два тыдні ў санаторый «Сонечны» пад Брэстам. І рэпертуар так прадумалі, што я магу ўсе гэтыя дні быць вольная.

— Любіце адпачываць? Ці вы больш чалавек працы?

— Безумоўна, працы. Але час для адпачынку таксама знаходжу. Люблю сваё лецішча, там у мяне ўсё расце, буяе. А потым я марожу, закатваю, апускаю агародніну ў склеп. І ўсю зіму свая бульба, морква, памідоры, агуркі. Вядома, на лецішчы — таксама работа, але ж не псіхалагічная, а для душы. Я навучылася лавіць энергетыку далонямі. Стаўлю рэлакс-музыку — і пачынаюць лётаць птушкі, нават матылькі цягнуцца да мяне. Яны, напэўна, чуюць прыемныя гукі. Божы свет усёдаравальны, яму заўсёды можна даверыцца. Мы яшчэ не зусім сапсавалі яго. Ты ведаеш, што сонца кожны дзень узыдзе, што ёсць вясна, лета, восень, зіма. Ёсць нязменныя рэчы, якія не залежаць ад нас, якія нам пасылаюць.

— Ці хапае вам зараз працы ў тэатры? Вось вы і ў новым спектаклі ўдзельнічаеце…

— Не, малавата, вядома, але я да гэтага стаўлюся фаталістычна. Не змагаюся за ролі, думаю, як Бог пасылае, так і будзе. Бывае перыяд, калі менш працы, значыць, потым будзе больш. Калі вельмі за нешта змагаешся, то губляецца элемент нечаканасці. Тое, за што змагаешся, табе сто разоў яшчэ паспее абрыднуць, усе сілы на гэта пакладзеш. Прыемна, калі нічога не чакаеш, а табе потым раз — і ролю прапаноўваюць. Да таго ж акцёры залежаць ад рэпертуару, ад рэжысёрскіх задумак. Мы апошняя інстанцыя, толькі бачым спіс роляў.

Часта бывае, што актрыса вельмі хоча сыграць нейкую ролю. Дый толькі таму, што яна ўпэўнена: у яе гэта добра атрымаецца. А аказваецца, што ты можаш большае, можаш выйсці за межы свайго амплуа. І рэжысёр часта бачыць гэты патэнцыял лепей, чым сам акцёр. У мяне так было з «Жанчынамі Бергмана». Я думала, што Інгрыд — гэта ну зусім не маё! А раптам аказалася, што якраз маё! Я пачала чытаць дзённікі Бергмана, інтэрв’ю з ім. Ён спасылаўся на Юнга — я чытала Юнга. Мне было вельмі цікава, я глядзела яго фільмы, па-іншаму пачала бачыць герояў. Для мяне адкрылася абсалютна новая старонка. А каб я ўпёрлася ў тое, чаго хачу, дык жыла б толькі ў сваім соку.

За «Жанчын Бергмана» я атрымала столькі ўзнагарод, колькі не назбіралася за ўсе астатнія працы. Што ні фестываль, то прыз за найлепшую жаночую ролю. Я заўсёды жартую: «Гэту ўзнагароду давалі мужчыны, бо яны нарэшце ўбачылі жанчыну, якая ўвесь спектакль маўчыць».

— Ці хацелі б вы пражыць жыццё мужчыны, а не жанчыны?

— Не. Я добра стаўлюся да мужчын, яны для мяне — тайна і рамантызм. Але ж мы, жанчыны, нараджаем дзяцей — гэта наша вялікае прызначэнне. Я памятаю, як у мяне нарадзілася двойня ў Віцебску. Ім цяпер ужо па сорак з лішнім. Тады яшчэ не было УГД, і калі я хадзіла цяжарная, то мне казалі, што, напэўна, будзе вялікі хлопчык. Я нарадзіла адно немаўля і думаю: ну ўсё, скончылася. А мне кажуць: «Трэба яшчэ пастарацца, жанчынка. У вас яшчэ адзін». Толькі ў той момант я і даведалася, што ў мяне двойня.

Ёсць у нас асаблівая жаночая рыса — мы рамантычна ставімся да мужчын. Зараз я зразумела, што гэта дрэнна: ты становішся залежнай ад мужчыны, якога кахаеш. Калі мы разыходзіліся з маім мужам Яўгенам Шыпілам, было вельмі балюча. Вялікія адносіны, шчасце і каханне — усё, што было хораша да гэтага, перакрэсліў мужчынскі зігзаг. Я не магла яго перанесці, сабрала дзяцей — і ў Мінск. Я ўжо не будавала другога чалавека, ён перастаў быць для мяне іконай (хай Бог даруе параўнанне). Пігмаліён стварыў сабе жанчыну і ўдыхнуў у яе жыццё. Я не стала ўдыхваць жыццё ў іншага, а пачала напаўняцца ім сама. Гэта было цікава, хоць і цяжка.

— Без мужчыны магчыма пражыць?

— Аднаму пражыць нялёгка. Але ніхто не перашкаджае жанчыне дамаляваць мужчыну, калі патрэбна.

— У вас тры дачкі. Якая вы матуля?

— Дрэнная. Я часам так кажу, а мае дзяўчаты адразу: «Мама, ты што! Чаго ты нагаворваеш на сябе». Усякае бывала ў нас, але нічога, сёння многія дзяўчаты адны гадуюць дзяцей. Жанчына павінна быць моцная і думаць пра сябе.

— Як вы ўспамінаеце сваю матулю? Што яна дала вам?

— Яна дала мне ўсё: і прафесію, і месца на зямлі. Хоць і не выхоўвала мяне неяк асабліва, не павучала. Проста працавала, спявала і плакала, калі бацька загінуў. І я заўсёды з ёй. Зямля, ты на ёй жывеш, і побач бацькі — гэта самы лепшы час у жыцці. У мамы прозвішча Міхалевіч. У яе быў хутар Міхалеўшчына ў Смалявіцкім раёне. Яго раскулачылі, хоць мама не была кулачкай, яна з раніцы да ночы апрацоўвала зямлю. Малодшых усіх саслалі, а мама выйшла за бацьку, паехала ў вёску. Яна была вельмі працавітая і любіла коней. Памятаю, яны хварэлі на сап, а ў нашай хаце ў калідоры была поўная скарбонка з лекамі. Мама забірала хворага каня і лячыла яго.

Калі я паехала з вёскі ў вялікі свет, то ўсё думала, які ён? Ну, пабачыла і нашу краіну, і замежжа. Мы з мужам, як толькі зарабілі першыя грошы, адразу паехалі ў Італію: Венецыя, Фларэнцыя, Рым. У Віцебску ў нас яшчэ нічога не было, галяк, але мы хацелі пабачыць свет. І ўсюды людзям было цікава слухаць песні маёй мамы, у якіх — увесь беларускі ўклад.

Я думаю, мне многае даў Коласаўскі тэатр у Віцебску. Там была цудоўная трупа, беларускі рэпертуар, мова, праца з Валерыем Мазынскім. Мы рабілі творчыя вечары Быкава, Барадуліна і Бураўкіна (яны ж усе — віцябляне). Людзі, якія ўвесь час былі побач, паставілі мяне на ногі, дапамаглі адчуць сябе чалавекам на сваёй зямлі. І гэта дало сілы — і чалавечыя, і творчыя.

— Які мужчына ў вашым жыцці быў самы рамантычны?

— Самы рамантычны ў маім жыцці быў рыжы гарманіст Толік з Каменкі. Я тады хадзіла ў старэйшыя класы школы, а Толік прыходзіў у нашу вёску граць танцы. Я ніколі не танчыла, бо думала, што ўсе навокал убачаць, што ён мне падабаецца. Таму ўсе танцы сядзела ў кусце бэзу пад акном. Мяне там ніхто не бачыў, і я магла колькі заўгодна глядзець на Толіка, як ён разводзіў гармонік, клаў на яго галаву, слухаў. А калі танцы заканчваліся, ён праводзіў адну нашу дзяўчыну. А я ішла дамоў шчаслівая ад таго, што пасядзела і паглядзела на яго.

— І ніколі не расказвалі яму пра свае пачуцці?

— Не, ніхто нічога не ведаў. Я думала, што гэта так сорамна. Рамантыкі мне хапала.

— Ці змянілася стаўленне да паняцця жаноцкасці, ці памяняліся з цягам часу нашы жанчыны?

— Нашы жанчыны сталі разумнейшыя. Яны цяпер больш прагматычна глядзяць на замужжа. Ужо не будуюць мужчыну, а хочуць, каб будавалі іх. Чаму б і не? Мне і моладзь наша вельмі падабаецца. Ідуць такія раскаваныя, вольныя, абдымаюцца. Малайцы! А мы ў вёсцы былі вельмі закамплексаваныя, не дай бог!

— Вас часта называюць сімвалам беларускіх жанчын, вы ўвасабляеце іх вобразы ў спектаклях і песнях. А чым, на вашу думку, беларуская жанчына адрозніваецца ад літоўкі, полькі і г. д.?

— Думаю, беларускія жанчыны больш мяккія, падатлівыя. Вядома, ёсць розныя. Але ў большасці нашы жанчыны спагадлівыя, цярплівыя, чулыя. Памятаю, я толькі прыехала ў Мінск і хадзіла ў пошуках хаты, якую б можна было здымаць (хацелася нешта пасадзіць: я не магу без зямлі). Гляджу — калодзеж у жанчыны ў двары стаіць. Я пытаю ў яе: «Можна, я ў вас пап’ю вадзічкі?» А яна кажа: «Што вы будзеце піць вадзічку. Давайце я лепей прынясу вам малачка». Яна зусім не ведала мяне, але так па-добраму паставілася. Я запомніла яе на ўсё жыццё. Дый колькі добрых учынкаў рабілася і робіцца кожны дзень!

— З узростам жанчына змяняецца знешне, але якія змены адбываюцца ўнутры? Як змяніліся вы, ваша стаўленне да жыцця з цягам часу?

— З гадамі становішся разумнейшай. Прыходзіць прыняцце ўсяго і нават цяжкіх хвілін з удзячнасцю. Як у маёй гераіні ў «Трох Жызэлях». Яна францужанка, можа з’ехаць у Парыж, але вырашае застацца ў беларускай вёсцы. Яна прымае з удзячнасцю ўсё сваё жыццё з яго стратамі, цяжкасцямі і пакутамі. Больш за тое, яна светла, з аптымізмам глядзіць у будучыню. Такую ж думку я сустрэла і ў майго любімага аўтара Германа Гесэ, якога часта перачытваю цяпер. Калі ён піша пра Касталію, то разважае: любая сітуацыя, якую перажыў чалавек, дапамагае падняцца над жыццём, становіцца прыступкай да новага. Калі глядач бачыць маю Жызэль, якая не крыўдзіцца на жыццё, ён адчувае добры шок, прасвятленне. У такім прачытанні ролі мне дапамог не толькі вопыт, але і драматургія, і рэжысёр Аляксандр Гарцуеў. Люблю працаваць з ім.

— Ці падабаецца вам праца ў спектаклі «Беларусь. Дыдактыка»?

— Я заўсёды хвалююся перад гэтым спектаклем: ці цікава гледачам? Бо там няма сюжэта, да якога ўсе прызвычаіліся. Там ёсць свая драматургія, унутраная, і яе трэба дакладна трымаць і звязваць пераходы думак, пачуццяў. Але рэжысёр Аляксандр Марчанка дакладна пабудаваў гэта, ён ішоў ад мяне. Да таго ж мне вельмі дапамагае наш музыка Дзмітрый Лук’янчык. Сваёй музыкай ён стварае неабходную атмасферу. І мне робіцца вельмі лёгка ад работы з ім.

— А ў жыцці вы граеце ролі? Сёння я ганарлівая, сёння — вясёлая?

— Не, мне хапае гэтага на сцэне. А ў жыцці толькі і думаеш пра тое, як даскрэбціся да сваёй сутнасці і да божага. Трэба даць сабе адпачыць у той цагліне, з якой потым будуеш ролі на сцэне.

— Якія жанчыны вас натхняюць?

— Памятаю сваю настаўніцу па танцах у інстытуце. Мне было цяжка пасля вёскі і медвучылішча ўлівацца ў новае жыццё. Аднойчы на танцах граў вальс і яна мне сказала: «Так, Танечка, так, і ў майстэрстве аддавайся цалкам!» Я ніколі не забуду гэтыя словы і заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю маю настаўніцу. Бо тады я паверыла ў сябе і ў сваё прызначэнне. Пасля добрых слоў я лячу на крылах і магу ўсё. Але вельмі баюся, калі людзі хацяць знішчыць мяне. Я веру ва ўсё тое дрэннае, што яны кажуць пра мяне. Вядома, трымаюся, абавязкова падымаюся і іду далей, але мне цяжка. Я ведаю, што ў жыцці нам даецца столькі выпрабаванняў, колькі можам вытрымаць, не больш. Так і ў Бібліі сказана. Памятаю, былі ў жыцці хвіліны, што здавалася: усё, канец. А потым хтосьці нябачны бярэ цябе за рукі, уздымае і нясе далей. Таму я веру. Мая вера ідзе з дзяцінства. Мама была веруючая, хадзіла ў царкву за шэсць кіламетраў, а ў суботу перад Вялікаднем шчыра пасцілася, толькі ваду піла. Вера дапамагае мне ў жыцці. І цяпер я магу падзякаваць за ўсё.

Паліна ЛІСОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?