Вы тут

Ці дастаткова праўды?


Чым вымяраецца каштоўнасць «Оскара»


Кадр з фільма «Зялёная кніга».

Ёсць рэчы, актуальнасць якіх не залежыць ад часу. Кнігі, музыка, выяўленчае мастацтва, кіно. У гэтую ж катэгорыю варта запісаць стужкі, якія атрымалі прэмію «Оскар». Гэты «знак якасці» кіназнаўцам падаецца незразумелым, бо сёння «Оскар» — нешта іншае, хоць дагэтуль вельмі прыцягальнае ды значнае. І сёлетняя прэмія зноў пацвердзіла гэтую гіпотэзу.

Па статуэткі

Калі звярнуцца да гісторыі (ці паглядзець оскараўскія фільмы), то можна заўважыць, што цяпер многія з іх ствараюцца менавіта дзеля вылучэння на кінапрэмію. Прага атрымаць статуэткі настолькі вялізная, што яшчэ 30 гадоў назад у некаторых студыях афіцыяльна быў усталяваны «сезон Оскара»: стужкі, якія мелі вялікія шанцы атрымаць узнагароды, павінны былі выходзіць увосень або ў снежні. Таму размовы пра тое, што сёння «Оскар» — гэта ў першую чаргу кан’юнктурнае кіно, маюць пад сабой сапраўдны базіс. Два гады таму, калі ўзнагароду атрымала стужка «Святло месяца» Бары Джэнкінса, пра галівудскую оскараўскую кан’юнктуру пачалі гаварыць яшчэ больш, а давер да самай гучнай кінапрэміі свету паменшыўся, хоць для масавага гледача, па сутнасці, нічога не змянілася: знак якасці «Оскара» і цяпер стаіць на першым месцы пры выбары фільма для вечаровых праглядаў. Дарэчы, зразумела, што «Оскар» працуе і на супрацоўнікаў кінаіндустрыі: па статыстыцы, аскараносныя кінематаграфісты атрымліваюць на 20 % больш прапаноў па рабоце, а стужкі-пераможцы наогул становяцца хітамі з неверагоднымі, часам касмічнымі, касавымі зборамі. Такая заўважная карысць робіць мядзведжую паслугу самой прэміі: ці можна сёння ўспрымаць сур’ёзна конкурс, якога, па сутнасці, няма? Амерыканскія сацыёлагі нават вынайшлі формулу тыповага оскараўскага фільма: «сур’ёзны, сумны або дэпрэсіўны». І сапраўды, такіх стужак у конкурсе шмат, і сярод пераможцаў іх таксама пераважная большасць.

Што да сёлетняга «Оскара», то ў ліку намінантаў на лепшае кіно былі «Багемская рапсодыя» (баяпік пра лёс знакамітага Фрэдзі Мерк’юры), нашумелая «Рома» (спроба стрымінгавага сэрвісу Netflix даказаць, што будучыня кінапракату пад пагрозай), «Чалавек на Месяцы» (кіно стваральніка «Ла-Ла-Лэнду» Дэміяна Шэзела), «Зорка нарадзілася» (музычная стужка з Ледзі Гагай у галоўнай ролі), «Фаварытка» Ёргаса Ланцімаса, масавая «Чорная пантэра», «Улада» з Крысціянам Бэйлам у ролі вялікага палітыка. Яшчэ тры стужкі — «Чорны кланавец» Спайка Лі, «Калі Біл-стрыт магла б загаварыць» Бары Джэнкінса ды «Зялёная кніга» Пітэра Фарэлі як нельга лепш укладаюцца ў канцэпцыю «Оскара», дзе абавязкова павінны быць кан’юнктурныя рэвалюцыйныя фільмы.

Перамогу многія кіназнаўцы прадракалі «Роме» Куарона — у выніку стужка ўсё ж атрымала тры статуэткі, але не за найлепшае кіно: Куарона прызналі найлепшым рэжысёрам, «Рому» — найлепшай стужкай на замежнай мове, таксама далі прыз за аператарскую работу. Але нягледзячы на тое, што ў рэкламу «Ромы» Netflix уклаў больш за 30$ мільёнаў, стужка аб жыцці мексіканскай сям’і не здолела скарыць журы. Да таго ж кінасупольнасць скептычна паставілася да таго, што «Рома» — не кіно ў класічным разуменні: вельмі мала яно паказвалася ў кінатэатрах, вельмі многа — на стрымінгавым сэрвісе ў інтэрнэце. Такое «асучасніванне», адыход ад традыцый кінематографа выклікалі неадназначныя рэакцыі: некаторыя нават выказвалі меркаванне, што хутка кіно будуць здымаць і мікрахвалевыя печы. Вось і доказ таго, што «Оскар», які, дарэчы, сёлета (упершыню за 30 гадоў!) прайшоў без вядучага, не так ужо і гатовы да перамен, хоць і спрабуе дэманстраваць адваротнае.

Статуэткі дасталіся і іншым намінантам: найлепшую мужчынскую галоўную ролю выканаў Рамі Малек у «Багемскай рапсодыі» (стужка атрымала прыз яшчэ і за найлепшы мантаж, жаночую — Алівія Колман у «Фаварытцы»; статуэтку за найлепшы адаптаваны сцэнарый атрымаў «Чорны кланавец». Але галоўная ўзнагарода дасталася «Зялёнай кнізе» Пітэра Фарэлі, якая сапраўды не стала расчараваннем сёлетняй прэміі, і вось, чаму.

Агранка характараў

«Зялёная кніга» — гэта ў першую чаргу неверагодна прыгожае роад-муві, якое сапраўды адбылося ў 60-я гады ў Амерыцы. Магчыма, для кіно сувязь з рэальнасцю — не самае важнае, асабліва сёння, калі светам кінематографа стала кіраваць камп’ютарная графіка ды фантастычныя сюжэты, але менавіта гэтая сапраўднасць робіць «Зялёную кнігу» не проста цікавай, але магічнай, выклікае абсалютна апраўданае жаданне пражываць жыццё разам з героямі. Адзін са сцэнарыстаў фільма — Нік Валелонга — у часопісе TIME выказаў думку, што не хацелася дадаваць чагосьці да гэтай гісторыі, прыдумваць таго, чаго не існавала, бо гісторыя настолькі неверагодная, што гэтай праўды дастаткова, каб яна захапіла. Справа тут не толькі ў прафесійнасці сцэнарыста, але і ў яго прыналежнасці да гэтай гісторыі: Нік — сын прататыпа галоўнага героя «Зялёнай кнігі».

Пра што ж фільм? Гэта камедыйная драма, роад-муві пра тое, як амерыканскі музыкант з афрыканскімі каранямі вырашае паехаць на гастролі па поўдню Амерыкі ў эпоху жорсткай расавай сегрэгацыі. Ехаць аднаму небяспечна, таму музыкант знаходзіць незвычайнага кампаньёна. У «Зялёнай кнізе» сышліся неверагодныя характары: Дон Шырлі (Махершала Алі), таленавіты класічны музыкант, багаты, вытанчаны інтэлектуал ды Тоні Валелонга (Віга Мортэнсен) — італьянскі мігрант з беднага квартала Нью-Ёрка, які прывык зарабляць на жыццё кулакамі ў якасці сек’юрыці ў казіно ці языком (за апошняе нават атрымаў мянушку Балбатун), неадукаваны ды поўны стэрэатыпаў. Як гэтыя людзі наогул маглі сустрэцца? Чаму яны паехалі ў двухмесячнае падарожжа разам? Як вытрымалі такі доўгі час побач? Пасля прагляду стужкі пытанняў не застаецца наогул: іх сустрэча, падарожжа, размовы ды развагі падаюцца настолькі арганічнымі, што ніякіх адказаў ужо і не трэба.

І вось вышыбала Тоні, які быў звольнены з казіно, павінен шукаць іншую работу: вялікую італьянскую сям’ю ў некалькі пакаленняў варта карміць. Прапанова вазіць па штатах віртуознага музыканта падаецца цікавай: плацяць шмат, даюць новую машыну, а ўзамен патрабуюць усяго толькі навыкаў пунктуальнасці ды гарантавання бяспекі піяніста Дона Шырлі. Адзіная праблема: Дон — афраамерыканец, а Тоні — чалавек з забабонамі. Тым не менш прапанова вартая, і вось Тоні ўжо трымае ў руках тую самую зялёную кнігу — выданне, якое да 1966 года друкавалася ў Амерыцы ў выглядзе гіда для цемнаскурых падарожнікаў: са спісам месцаў, дзе бяспечна спыняцца на начлег, снедаць ды наогул хадзіць па вуліцах.

Два месяцы — вялізны адрэзак часу, за які сапраўды можа змяніцца жыццё. Асабліва калі двое супрацьлеглых асоб праводзяць гэты час побач. Тоні вучыцца слухаць класічную музыку, спрабуе быць інтэлігентным у высокакультурным грамадстве, вучыць віртуознага музыканта есці курыныя ножкі рукамі(!), атрымліваць асалоду ад джаза, іграць не толькі для багатых, але і для бедных, пазбаўляецца стэрэатыпнага мыслення, але захоўвае сваю неўміручую хітрасць. Дон Шырлі робіць Тоні чалавекам, які цяпер можа адчуваць, дапамагае яму пісаць прыгожыя лісты жонцы, але і сам становіцца больш свабодным, які, нават будучы інтэлектуалам, дазваляе сабе не вельмі інтэлектуальная, але вельмі прыемныя дробязі, спантанныя ўчынкі. Наогул, «Зялёная кніга» — гэта сведчанне таго, што не заўсёды статус у грамадстве робіць чалавека багатым ці вялікім. Ты можаш валодаць дарагой кватэрай, антыкварыятам, вытанчанымі рэчамі, вопраткай, культурным асяроддзем, але ў душы будзе толькі адчуванне адзіноты, а навакольныя не прымуць цябе, бо тваё багацце — усяго толькі прыгожая абгортка. А сапраўды каштоўным камяням патрэбная больш сур’ёзная агранка. І героі фільма сталі такой «агранкай» адзін для аднаго.

З верай у кіно

Пітэр Фарэлі амаль 25 гадоў таму зняў неверагодную камедыю «Дурны ды яшчэ дурнейшы» — таксама роад-муві пра мужчынскую салідарнасць і перамогу над забабонамі. Зразумела, «Зялёная кніга» — гісторыя з больш глыбокім бэкграўндам, з сапраўднай гісторыяй, але па месэджы ды моцы ўздзеяння абедзве стужкі ўнікальныя, бо апісваюць стаўленне грамадства да вельмі важных праблем.

Стужка Фарэлі атрымала тры ўзнагароды: стала найлепшым фільмам, узяла статуэткі за найлепшы сцэнарый ды мужчынскую ролю другога плана (прыз дастаўся Махершалу Алі). Наогул акцёры — асаблівая частка фільма. Тут няма другасных персанажаў — усе вельмі ўнікальныя, эксклюзіўныя, нават героі эпізодаў. І гэта апраўдана: Махершалу Алі, які атрымлівае свой другі «Оскар» за 2 гады (мінулы ён атрымаў за ролю ў «Святле Месяца»), зараз вельмі запатрабаваны акцёр (абавязкова звярніце ўвагу на яго ролю ў серыяле «Сапраўдны дэтэктыў» — адразу заўважыце перапляценні з гісторыяй з «Зялёнай кнігі»). Віга Мортэнсен наогул неверагодна ўжыўся ў ролю: набраў больш за 20 кілаграмаў, арганічна ўпісаўся ў вобраз італьянскага мігранта, хоць казаў рэжысёру, што гэта вялікая рызыка. Дарэчы, у акцёра з яго героем моцная сувязь: Мортэнсен выканаў ролю Тоні, а прататып Тоні сваім балбатунствам знайшоў работу ў кіно і зняўся ў такім шэрагу фільмаў, што нават Мортэнсен можа пазайздросціць гэтай фільмаграфіі: тут і «Клан Сапрана», і «Хросны бацька», «Вар’яцкі бык»! Але і гэта не ўсё: у «Зялёнай кнізе» зняліся многія родныя Тоні Валелонгі, зразумела ж, у ролі тых самых родных — як жа без вялізнай італьянскай сям’і!

Магчыма, такая блізкасць, такое разуменне акцёрамі, рэжысёрамі, сцэнарыстамі гісторыі і зрабіла «Зялёную кнігу» не чарговым драматычным фільмам пра барацьбу са стэрэатыпамі, а сапраўднай камедыяй, у якой знойдзецца месца і суму, і слязам, але не будзе адчування, што рэжысёр спрабаваў «націснуць» на жывое ды проста выклікаць у гледача спачуванне. Усё ж праўдзе — быць, і, магчыма, такія стужкі вернуць веру ў «Оскар», у кіно ды наогул у чалавецтва.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.