Вы тут

Ратуша і пейзажы — на габеленах


Ад сярэднявечных шпалер пачатак


У даўнія часы ад здольнасцяў жанчыны да рукадзелля, умення ткаць, шыць, вязаць, вышываць у многім залежаў дабрабыт і лад жыцця сям’і. Тканыя кашулі, спадніцы, паясы складалі аснову любога гардэроба, а ручнікі, посцілкі, прасціны, дываны выкарыстоўваліся ў побыце. Таму і лагічна, што чым больш умелай і спрытнай была гаспадыня — тым прыгажэйшым і больш дагледжаным, гарманічным выглядаў яе дом. Нядзіўна, што дзяўчыну без загадзя падрыхтаванага самаробнага пасагу не надта імкнуліся клікаць замуж.

Сёння дбайным гаспадыням зусім не патрэбна ўмець карыстацца ткацкім станком, прасці воўну ды стрыгчы авечак, але само старажытнае майстэрства ткачых свайго значэння і каштоўнасці не страціла. Хутчэй набыло новую функцыю — мастацкую. Традыцыйныя тэхналогіі ў спалучэнні з сучаснымі крэатыўнымі падыходамі дазваляюць майстрам ствараць сапраўдныя шэдэўры. Напрыклад, тканыя габелены, дзякуючы якім стала знакамітай ткачыха са старажытнай Гародні Алена Шунейка. Дарэчы, яе творчасць унесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Як гэта павялося здаўна ў беларусаў, свае ўменні і імкненне да творчасці Алена Шунейка пераняла ад бацькі. Яшчэ ў 1950-я гады Фелікс Шунейка стварыў творчую лабараторыю па ткацтве пры Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Ён прапанаваў удасканаліць пераборнае аднабаковае ткацтва («закладанне»), каб атрымаць магчымасць выконваць складаныя дэкаратыўныя і сюжэтныя кампазіцыі маштабных памераў. Стварыў аўтарскія гарызантальныя кросны з 6-метровым бёрдам, што дазваляла працаваць адначасова пяці ткачам. Таксама ў гэты час пачалі выкарыстоўваць вялікую гаму (каля 500 колераў у адным габелене) каляровых адценняў. Гэта наблізіла гродзенскі метад ткацтва габеленаў да сярэднявечных шматколерных шпалер.

Праз некаторы час майстэрня прыйшла ў заняпад, але справа майстра канчаткова не знікла: яе адрадзілі дзеці заснавальніка Алена і Яўген у 1980 годзе. І сёння ў абласным цэнтры народнай творчасці ў Гродне дэманструюцца ўнікальныя вертыкальныя кросны — адзіныя ў Беларусі, а справу бацькі працягвае мастачка Алена Шунейка.

Габелены і дываны-кілімы, што майстрыха стварае ў традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва Гродзеншчыны, можна назваць сапраўднымі творамі мастацтва. Гэта заўсёды арыгінальныя маштабныя і міні-габеленавыя кампазіцыі з выявамі помнікаў архітэктуры, гераічнымі сюжэтамі, стылізаванымі расліннымі матывамі. Алена Шунейка гарманічна спалучае традыцыйныя першаўзоры з творчым аўтарскім падыходам.

Кожны твор мастачкі — жывапісная тэкстыльная карціна са сваім сюжэтам і каляровым рашэннем. Тут мы бачым і народныя матывы («Купальскі вянок», «Жнейкі»), і з любоўю намаляваныя родныя краявіды («Вясна Панямоння», «Раніца»), і важныя моманты гісторыі («Праз стагоддзі», «Заслаўска-Мінская харугва»). У апошняе дзесяцігоддзе майстрыха асабліва часта звяртаецца да тэмы любімага горада і яго гісторыі. Так, з’явіліся габелены «Каложа», «Фарны касцёл», «Фара Вітаўта», «Горад майго дзяцінства». У іх шэрагу асаблівае месца займае манументальная «Гродзенская Ратуша 1784».

У гэтай унікальнай рабоце Алена Шунейка ўвасобіла цэнтр Гродна, які часткова захаваўся да нашых дзён, а таксама пабудовы, якіх сёння ўжо не пабачыць у рэчаіснасці. Так, на палатне выткана Гродзенская ратуша, пабудаваная ў 1784 годзе, Фара Вітаўта. А побач — Фарны касцёл, дом купца Мураўёва, сквер.

За 30 гадоў майстрыхай створана больш як чатыры дзясяткі тэкстыльных твораў розных памераў у розных тэхніках ткацтва. Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што з цягам часу творца ўсё часцей звяртаецца да эксперыментаў з колерам: вытрыманыя, спакойныя фарбы змяняюцца больш яскравымі, а рэалістычныя прыёмы замяняюцца аўтарскім бачаннем.

 З унікальнымі творамі гэтай самабытнай мастачкі можна пазнаёміцца ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, дзе і сёння працуе Алена Шунейка, а таксама ў сталічнай парафіі Найсвяцейшай Троіцы і Св. Роха на Залатой Горцы. Як вядома, спадчына і традыцыі жывуць, калі маюць пераемнікаў у сучаснасці, таму можна верыць, што мастацтва ўнікальнай ткачыхі не знікне ў будучыні: майстрыха з радасцю праводзіць майстар-класы і заняткі ў розных рэгіёнах Беларусі.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.