Вы тут

Аляксей РОМ: Шансон — ужо не толькі блатная песня


Яго песні не першы год скараюць хіт-парады як беларускіх, так і расійскіх, а таксама ўкраінскіх радыёстанцый. Ён — выканаўца шансона, чалавек, які спявае душой, і проста «дашчэнту» мужчына, пасля інтэрв'ю з якім ужо чакаеш наступнай з ім сустрэчы!


— Калі да вас прыйшло ўсведамленне, што хочаце стаць артыстам?

— Цяжка сказаць, як і адкуль. Проста з самага ранняга дзяцінства ведаў, што хачу спяваць на сцэне. Ведаеце, я амаль нічога дзеля гэтага не рабіў. Лёс сам за мяне ўсё вырашыў.

— Няўжо вы не навучаліся музыцы?

— Музычнай адукацыі, на жаль ці на шчасце, у мяне няма. Я ўмею іграць на гітары, але выключна на аматарскім узроўні. У юнацтве гэта было вельмі добрым бонусам для таго, каб падабацца дзяўчынкам. (Смяецца). Былі частыя вячоркі на лавачках, у альтанках і пад'ездах. Гітара ў той момант была маім верным спадарожнікам і памочнікам. Музычную школу не наведваў, а набіраўся ведаў і вопыту ў двары.

— А адкуль узяўся такі незвычайны псеўданім — «РОМ»?

— Усё вельмі банальна. Лічу сваё поўнае імя — Якімовіч Аляксей Раманавіч — не вельмі сцэнічным, таму, калі прыйшоў час, прыдумаў псеўданім Аляксей РОМ. Гэта ініцыялы імя і імя па бацьку маіх бацькоў. Тату завуць Раман Мечыслававіч, а маму Вольга Міхайлаўна. Таму я не лічу, што падвёў свой род, змяніўшы прозвішча на псеўданім, лічу, што ўсе заўсёды са мной. Я заўсёды пішу «РОМ» заглаўнымі літарамі.

— Чаму выбралі менавіта шансон?

— Я рос і сталеў у «ліхія» 1990-я. Мы, будучы падлеткамі, слухалі не толькі групу «Рукі ўверх», але і шансон. І, вядома, спявалі пад гітару. Акрамя таго, з 18 гадоў пачаў працаваць вакалістам у рэстаранах, спяваць на вяселлях. А ў той час менавіта шансон быў асновай рэпертуару. Пазней я запісаў свае першыя песні, але гэта была папса. Мне вельмі хацелася, каб яны гучалі па радыё і тэлебачанні, а тады туды можна было трапіць, толькі выконваючы папулярную музыку. Але з часам прыйшло ўсведамленне, што гэта не маё, ды і гледачу мала цікавае. Я пачаў больш давяраць свайму густу і сваім адчуванням. Пачаў спрабаваць рабіць тую музыку, якая мне блізкая, і адчуў рэальную аддачу ад гледача і слухача. Пасля гэтага шансону я ўжо не здраджваў.

— Шансон цяперашні і ранейшы моцна адрозніваюцца?

— Цяпер кірунак стаў вельмі шматгранны, гэта ўжо даўно не толькі блатная песня. Ён стаў больш нагадваць тое, што раней называлася эстрадай альбо шлягерам. Гэта тыя кампазіцыі, якія жывуць больш за тры-пяць гадоў, не як хіты-аднадзёнкі. Гэта тыя песні, якія хочацца пераслухоўваць, выконваць у кампаніі блізкіх людзей як у моманты радасці, так і суму.

— Ці папулярны гэты кірунак у Беларусі?

— Я лічу, што не толькі ў нас, але і на прасторах СНД, і таму ёсць мноства пацвярджэнняў. Гэта і поўныя залы, і тая акалічнасць, што радыёстанцыі, у фармаце якіх прысутнічае шансон, — самыя рэйтынгавыя. На іх самая дарагая рэклама, і ў іх самая вялікая, дарослая, плацежаздольная і думаючая аўдыторыя.

— А што наконт моладзі?

— Напрыклад, у Расіі і Украіне вельмі шмат маладых слухаюць і разумеюць шансон. А ў Беларусі асноўная яго аўдыторыя нашмат старэйшая. Я ўвогуле лічу, што практычна кожны чалавек з часам прыходзіць да таго, што яму становіцца зразумелай і патрэбнай такая музыка.

— Творчасць якіх шансанье паўплывала на вас?

— Не магу сказаць, што ў мяне ёсць любімыя выканаўцы. З сабой у дарозе заўсёды ёсць флэшка з музыкай, на ёй сабраныя выканаўцы і кампазіцыі розных жанраў ды кірункаў. Часцей за ўсё гэта не масава-папулярныя творы, а тое, што падабаецца асабіста мне. Хоць наогул музыкі ў жыцці хапае, таму ў вольны час я не так часта яе слухаю. Часцей за ўсё гэта проста радыё ў фонавым рэжыме. Калі еду за рулём у дальняй дарозе, адна з маіх любімых мелодый — гэта цішыня.

— Вы сольны выканаўца. А як ставіцеся да дуэтаў?

— Добра, але пакуль у мяне амаль не было такога вопыту. Аднак на гэтую тэму ёсць шмат планаў і ідэй. Лічу, што першапачаткова трэба адштурхоўвацца ад матэрыялу. Не так важна з кім спяваць, больш важна, што менавіта.

— Ці часта гастралюеце?

— На шчасце, у мяне шмат работы, выступленняў і пераездаў. У асноўным, вядома, па Беларусі, бо гэта мая радзіма. Рэгулярныя гастролі па ёй бываюць вясной і восенню. Часта запрашаюць на дні горада, разнастайныя прыватныя і закрытыя мерапрыемствы як у нас, так і за мяжой. Паколькі я спяваю толькі на рускай мове, гэта абмяжоўвае спектр магчымасцяў, але тым не менш, геаграфія маіх выступленняў усё роўна досыць шырокая. Калі казаць пра замежжа, то неаднаразова выступаў на прыватных мерапрыемствах у Германіі, ААЭ, краінах Балтыі, вельмі шмат ва Украіне, ну і, вядома ж, у Расіі — ад Калінінграда да Далёкага Усходу.

— Што вы думаеце пра крытыку ў свой адрас?

— Да разумнай, абгрунтаванай і, самае галоўнае, кампетэнтнай стаўлюся нармальна. Але я не выношу беспадстаўнай балбатні і размоў «за спінай».

— Вы ўдзельнічалі ў многіх фестывалях. Што было для вас самым складаным?

— Наогул усе іх я падзяліў бы на дзве падгрупы: конкурсныя і проста канцэртнага фармату. Калі ты канкурсант, то самае складанае — сканцэнтравацца на выступленні, правільна падабраць рэпертуар і паспрабаваць максімальна добра праспяваць. Мне шанцавала, я ні разу не вяртаўся дадому без прызавога месца. А з часам нават сталі рэгулярна запрашаць у склад журы. Што датычыцца святочна-канцэртных фестываляў, то ў іх нічога складанага няма. Гэта свята музыкі, новыя знаёмствы, уражанні, сустрэчы з сябрамі.

— Самі пішаце свае песні?

— На жаль, я не заўсёды магу самастойна напісаць такую кампазіцыю, якую хацелася б выканаць. Таму звяртаюся да паслуг прафесіяналаў. Так атрымалася, што за апошнія гады ў мяне амаль няма песень беларускіх аўтараў, за некаторым выключэннем. Часцей за ўсё мне пішуць Аляксандр Яроменка, Сяргей Рускіх-Север, Андрэй Кураеў. З беларускіх кампазітараў я б адзначыў свайго сябра Ігара Аксюту, некалькі твораў якога ўжо запісаў і яшчэ з ім намечана работа.

— Якія творчыя планы на будучыню?

— Увесь час пішуцца новыя песні. Спадзяюся, што яны прыйдуцца даспадобы паважаным слухачам. А наогул, планы — рэч няўдзячная. Спадзяюся даўжэй павыступаць, запісаць шмат добрых кампазіцый, каб яны падабаліся не толькі мне, але і, вядома ж, публіцы.

— Ці даводзілася ў прафесійнай дзейнасці пераступаць цераз сябе?

— На шчасце, не. Наогул, імкнуся жыць па сумленні і па справядлівасці. Як і ва ўсіх, у мяне бываюць спрэчкі, сваркі і непаразуменні з людзьмі і ў паўсядзённым жыцці, і ў рабоце. Лічу, што пакуль ні разу не даводзілася ісці па галовах. Спыняю стасункі з тымі, хто падштурхоўвае мяне пераступіць цераз мае ж прынцыпы. Кожнаму сваё. Жыву, як умею, і нікому не навязваю сваю пазіцыю.

— Ці лічыце сябе паспяховым і шчаслівым чалавекам?

— Што датычыцца шчасця, то ў кожнага яно сваё, і ўсё пазнаецца ў параўнанні. Не хачу гнявіць Бога. Мяркую, я шчаслівы чалавек. А пра поспех хочацца думаць, што ўсё самае важнае яшчэ наперадзе.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».