Вы тут

Там, дзе тонка...


Навіна ад суседзяў, якая ўскалыхнула многіх... У Расіі абмяркоўваюць ідэю ўвядзення па прыкладзе Японіі штрафаў для людзей, якія пакутуюць на атлусценне, — тых, у каго талія перавышае аб'ём 90 сантыметраў. Пасыл, вядома, добры — трэба дбаць пра сваё здароўе. («Думай пра тых, хто будзе насіць цябе на руках. Не жары на ноч!») Хоць, напрыклад, той жа колішні галоўны санітарны ўрач Генадзь Анішчанка даводзіць, што прыклад з Японіяй — не самы ўдалы. Маўляў, там монанацыянальная дзяржава, усярэдненыя стандарты і свае асаблівасці канстытуцыі цела. («— Мне ў маім становішчы трэба добра і многа есці. — Наста, у якім яшчэ становішчы? — У становішчы чалавека, які любіць добра і многа есці».) Ага, і менталітэт іншы. («За зіму я набрала дзесяць кілаграмаў. Падкажыце, дзе можна купіць леапардавыя ласіны?»).


Прымусам сапраўды наўрад ці што атрымаецца дабіцца, калі ў чалавека няма жадання. («— Дзяўчына, што вы робіце сёння вечарам? — Я абсалютна свабодная. А што? — Я б на вашым месцы схадзіў у спартзалу».) Ды і ў медаля, як вядома, два бакі. Вось, скажам, прадстаўнікі самага вядомага брэнда бялізны ў свеце Vіctorіa's Secret у канцы мінулага года заявілі, у прыватнасці, што не будуць прымаць на работу мадэляў «памеру плюс». І што? А не гэтага чакалі сучасныя спажыўцы! («— Я прыхільніца здаровага харчавання. — Але ж ты жарэш усё без разбору! — Дык хіба гэта не здорава?») У выніку праз чатыры месяцы брэнд мусіў закрыць паўсотні сваіх крамаў у ЗША. Іншымі словамі, там дзе тонка, там, як вядома, і рвецца. Нейкая неспадзяванка хутчэй за ўсё здараецца ў сітуацыі, дзе ўжо дагэтуль былі пэўныя праблемы. («Дыетолагі раяць есці часта, але патроху. Першая частка рэкамендацыі ў мяне ўжо выдатна атрымліваецца».) Таму, як гаварыў Міхаіл Жванецкі: «Больш рупліва трэба, рабяты. Агульным выглядам авалодалі, цяпер падрабязнасці не трэба прапускаць».

Для кагосьці залішняя вага (я не заклікаю да гэтага!) — абсалютна не перашкода для таго, каб радавацца жыццю. Памятаеце гісторыю, калі секс брытанскай пары... разбурыў трохпавярховы будынак у Ліверпулі? Ложак 290-кілаграмовага мужчыны і яго 200-кілаграмовай партнёршы падчас уцех праваліўся скрозь падлогу на другі паверх, а потым і ў падвал. («— Былі такой добрай парай. Чаму яны разбегліся? — Ён — Шалі, яна — Дзева. Дзева растаўсцела — Шалі не вытрымалі».) Падзенне прывяло да разбурэння не толькі падлогі, але і сцен 250-гадовага будынка. («Добры секс — той, пасля якога нават суседзі выходзяць пакурыць».) Балазе, у той момант у доме нікога не было, адзінай траўмай быў пералом у героя-каханка. Па словах суседзяў, калі пара некалькі разоў на тыдзень вельмі гучна займалася сексам, будынак літаральна дрыжэў, а святло мігацела. На сценах з'явіліся шчыліны, так што лёс дома быў прадвызначаны. («Убачыў у аптэцы ўпакоўку з 12 прэзерватывамі і адной гігіенічнай сурвэткай у падарунак. Не вытрымаў, спытаў у прадаўца: а навошта сурвэтка ў падарунак? Адказ забіў: пот з ілба выціраць!») Я ж казаў — дзе тонка...

Гледачы брытанскага ранішняга шоу былі здзіўлены сюжэтам пра пару з Аўстраліі. Дзяўчына пасля сустрэчы з абраннікам спецыяльна набрала 76 кілаграмаў і стала важыць усе 188... Трэба сказаць, што маладыя людзі пазнаёміліся на глебе захаплення фідэрызмам — адкормліваннем сваіх партнёраў. Дзяўчына есць вялікія порцыі, а па начах у пары адбываюцца інтымныя сеансы кармлення... («Каб спадабацца дзяўчыне-аптэкару, скажы: «Мне пачак віягры». А потым, доўга паглядзеўшы ёй проста ў вочы, дадай: «Ужо не трэба».) Уладальніца пышных формаў заявіла, што стала адчуваць сябе больш упэўнена і сексуальна пасля набору вагі, аднак больш паўнець не збіраецца. Многія гледачы шоу ў каментарыях зазначылі, што не вераць, быццам са 188 кілаграмамі можна весці здаровы лад жыцця... («На конкурсе прыгажосці вельмі непрыгожая дзяўчына стала пераможцай у намінацыі «Міс Малайчына, што прыйшла».)

А вось амерыканская пара з атлусценнем са штата Місуры дзеля першага сексу худзела 11 гадоў! («— Для мяне было расчараваннем даведацца, што ты працуеш у «Макдональдсе». — Расчараванне — вялікае, малое, сярэдняе?») Агулам яны важылі 572 кілаграмы, пасля аперацыі пазбавіліся практычна ад паловы вагі. («Аптыміст Мікалай так і не змог вызначыць, у якім месцы яго жонка худая».) Я ж ужо гаварыў пра два бакі аднаго медаля...

А ў ідэале тонкай павінна быць не толькі талія. Такім жа ва ўсіх хацелася б бачыць і пачуццё гумару. А то ведаеце, як яно часам бывае... («Пасля сексу кінула ў яго ложак манетку, каб вярнуцца... А ён пакрыўдзіўся, падумаў, што заплаціла...») Сталічны заапарк напярэдадні жаночага свята запусціў у сацыяльных сетках жартаўлівы конкурс «Прыгажосць — страшная сіла». Ён прапанаваў даслаць фота каханай жанчыны і напісаць у каментарыях, на якога... жыхара заапарка яна падобная і чаму. Смешна? Каляжанка як пачула пра такі «жарт», адразу выдала: калі б мой муж зрабіў так, ніколі б не даравала! («— Дарагая, ты заўсёды натхняеш мяне на творчасць! — Але ж ты пішаш анекдоты! — Прабач!»)

...І напрыканцы пажаданне: каб не «парваліся» ні талія, ні пачуццё гумару!

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.