Вы тут

Васьмікласнік з Чэрвеня выразае з дрэва рэалістычныя фігуры


Ці магчыма быць гарэзам, і ў той жа час засяроджана, старанна выразаць з дрэва рэалістычныя фігуры? Ягор Жукоўскі, васьмікласнік чэрвеньскай СШ № 2 без цяжкасцяў можа сумяшчаць у сабе гэтыя супрацьлеглыя якасці. Як і многія ў яго ўзросце, падлетак любіць бесклапотна бавіць час, аднак, дзякуючы прыроднай уседлівасці, атрымлівае не толькі задавальненне ад хобі, але і ўзнагароды. Нядаўна Ягор прадставіў сваю работу «Тры Парсючкі, якія стаяць на лыжах» на ХХІІ Рэспубліканскай выстаўцы-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка» і атрымаў Дыплом першай ступені ў намінацыі «Зімовы спорт».


...У школе васьмікласнік, як ён сам прызнаецца, вучыцца «ну так, сярэдне», а вось да руплівай працы яго цягне змалку. І цяпер стараецца дапамагчы не толькі маці і дзядулі, з якімі жыве, але і суседзям: падмесці ў двары, прыбраць грувасткія кавалкі шыферу ці скласці раскіданыя пасля рамонту дошкі. А ў вольны час, калі работы няма, аддае перавагу не інтэрнэту, а вясёлым і непрадказальным гульням з сябрамі на свежым паветры.

Прыйшоўшы ў гурток па разьбе ў мясцовы Дом дзіцячай творчасці, хлопец не чакаў, што заняткі так яго захопяць. Цяпер увесь працэс стварэння вырабу ён ведае да драбніц.

— Спачатку трэба намаляваць трафарэт, каб уявіць, як будзе выглядаць фігура, — расказвае Ягор. — Пасля — абвесці яго на дошцы ці бруску патрэбнага памеру. Адпілаваць лішняе, а затым, узяўшы стамеску, зрэзаць, закругліць у пэўных месцах і адшліфаваць. Важна рабіць гэта акуратна, сачыць за тым, каб не параніцца і нічога не сапсаваць...

Першы выраб — лапатку для ежы — майстраваць было цяжка: спатрэбілася аж два дні. Але з цягам часу справы пайшлі шпарчэй: некалькі гадзін — і фігура гатовая!

Летась Ягор наведваў майстэрню штодня. Пад апекай майстра Сяргея Клёса ён выразаў з дрэва машыны, жывёл, кухонныя прылады... Паступова, дзякуючы ўменням і расповедам настаўніка, сам натхніўся стаць сапраўдным разьбяром. «Сяргей Сяргеевіч умее ўсё! — кажа хлопец. — Ідэі, якія прыходзяць яму ў галаву, паўтарае да дробязяў. І малыя фігуры ўмее выразаць, і вялізныя сталы! Я таксама, як ён, хацеў бы зрабіць хатнюю мэблю. Але для гэтага яшчэ трэба шмат вучыцца».

Сёлета настаўнік змяніўся. Сяргей Клёс паехаў працаваць у Віцебск — і заняткаў стала менш. Але Ягор разьбу не кінуў. Да таго ж, запісаўся яшчэ і на маляванне, неабходнае для паступлення ў каледж. «Скончу дзявяты клас — і паеду да Сяргея Сяргеевіча вучыцца! — марыць падлетак. — Ён запрашаў».

Талент Ягора радуе маму і дзядулю. Дорачы ім свае вырабы, у адказ атрымлівае шчырую ўсмешку, падзяку і пахвалу: «Як прыгожа!», «Малайчына!». Сябры таксама просяць змайстраваць што-небудзь для іх. Ёсць ужо і замовы на продаж ад дарослых. «Трактары шмат часу не займаюць, таму іх не шкада аддаць і за невялікую цану», — усміхаецца Ягор, робячы маленькія крокі да вялікай мары — стаць разбяром-прафесіяналам.

Юлія Адамовіч, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Майстар з восьмага класа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.