Вы тут

На парадку дня — пытанні аховы здароўя


Шэраг законапраектаў сацыяльнага блока, што датычацца сістэмы аховы здароўя, будзе разгледжаны на вясенняй сесіі парламента, якая адкрыецца 2 красавіка. У прыватнасці, змены закрануць такія сферы, як трансплантацыя і дапаможныя рэпрадукцыйныя тэхналогіі, а таксама шлюб і сям'ю. Пра гэта расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валянціна КУРСЕВІЧ.


Трансплантацыя: кола донараў пашырыцца

У лютым споўнілася 10 гадоў з першай трансплантацыі сэрца ў Беларусі. За гэта дзесяцігоддзе айчынныя трансплантолагі занялі лідарскія пазіцыі на постсавецкай прасторы па колькасці перасадак і ўвайшлі ў дзясятку найлепшых у свеце па трансплантацыі сэрца. На мільён жыхароў у нашай краіне прыходзіцца 51,7 трансплантацыі (для параўнання ў Расіі гэты паказчык складае 10,1), а паказчыкі лятальнасці і выжывальнасці не саступаюць еўрапейскім. Адметна, што з кожным годам колькасць аперацый расце, таму наспелі змены і ў заканадаўстве.

На вясенняй сесіі будзе разгледжаны законапраект «Аб змяненні закона аб трансплантацыі органаў і тканак». У прыватнасці, прапануецца пашырыць кола асоб, якія адносяцца да патэнцыяльных жывых донараў. Гэта будуць не толькі браты і сёстры, дзядулі і бабулі, як цяпер, але прадзядулі і прабабулі. Таксама законапраект прадугледжвае, што пра забор органаў і тканак у жывых донараў медыкі абавязкова павінны інфармаваць органы ўнутраных спраў. Робіцца гэта з мэтай папярэдзіць нядобрасумленныя здзелкі пры трансплантацыі.

Каб адмовіцца ад забору органаў і тканак пасля смерці, у нашай краіне варта загадзя скласці пісьмовую заяву. Калі ж чалавек перадумае і вырашыць забраць такую заяву (а такія выпадкі здараюцца), новае заканадаўства ўстановіць парадак вяртання такога пісьма і пералік тых асоб, якія змогуць гэта зрабіць. Акрамя таго, будзе створаны адзіны рэгістр аб трансплантацыі, дзе будуць утрымлівацца звесткі аб тым, каму яна праведзена, у каго забраны органы і каму іх трансплантуюць.

Рэпрадуктыўныя тэхналогіі: узрост донараў павялічыцца

— У Беларусі створана адна з найлепшых на постсавецкай прасторы сістэм па ахове здароўя маці і дзіцяці, а ў свеце мы займаем 25-е месца сярод 179 краін па ўмовах камфортнасці для мацярынства. Тым часам праблема з рэпрадуктыўным здароўем існуе, — канстатуе Валянціна Курсевіч. — Каля 14 % пар пакутуюць на бясплоддзе. Прычым расце як жаночае, так і мужчынскае бясплоддзе.

Яшчэ адзін важны законапраект, які разгледзяць дэпутаты на вясенняй сесіі, — «Аб змяненні закона аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях». Заканадаўцы прапануюць пашырыць кола асоб, якія адносяцца да неананімных донараў. Цяпер імі могуць стаць толькі родныя пацыента. Паколькі інстытут ананімных донараў у нас развіцця пакуль не атрымаў, то мяркуецца, што неананімнымі донарамі могуць стаць не толькі сваякі пацыента. Таксама прапануецца ўнесці папраўкі, якія датычацца выкарыстання клетак аднаго донара ў дачыненні не больш чым да 20 пацыентаў, якім прымяняюцца дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі. Гэта робіцца, каб выключыць верагоднасць сустрэч у будучым асоб, пры зачацці якіх выкарыстоўваліся палавыя клеткі аднаго і таго ж донара.

Яшчэ адна папраўка ўносіцца па ініцыятыве Следчага камітэта: пры нараджэнні дзіцяці ад сурагатнай маці неабходна рабіць яго генетычную экспертызу. Гэта дазволіць пазбегнуць у будучым судовых іскаў. Акрамя таго, прапануецца павялічыць узрост сурагатнай маці да 49 гадоў у тых выпадках, калі яна з'яўляецца сваячкай сямейнай пары ці жанчыны, якая карыстаецца донарскай яйцаклеткай. Цяпер сурагатнай маці можа стаць жанчына ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў, якая ўжо мае дзіця.

Таксама Валянціна Курсевіч расказала, якія пытанні ўзнікалі пры дапрацоўцы законапраекта. У выніку вырашана павялічыць узрост мужчын-донараў сперматазоідаў з 40 да 50 гадоў. Узрост жанчын-донараў яйцаклеткі таксама павялічыцца да 49 гадоў, але толькі ў тых выпадках, калі яна з'яўляецца сваячкай. У астатніх выпадках узрост застаецца ранейшы — ад 18 да 35 гадоў.

Захоўваць донарскія клеткі можна будзе больш за 10 гадоў, бо сучасныя тэхналогіі дазваляюць гэта рабіць. Таксама жанчына можа захоўваць яйцаклеткі без медыцынскіх паказанняў, напрыклад, у выпадках, калі яна вырашае будаваць кар'еру і адкласці мацярынства. Акрамя гэтага, працэдуру ЭКА пры неананімным донарстве па-ранейшаму будуць рабіць толькі сямейным парам. Адзінокія жанчыны могуць скарыстацца клеткамі толькі ананімных донараў. Гэта робіцца, каб у будучым пазбегнуць прэтэнзій. Узрост жанчыны для працэдуры ЭКА не павышаецца і не зніжаецца — яе можна выканаць да 49 гадоў.

Сістэму апекі ўдасканаляць

Новаўвядзенні прадугледжаны і ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб сям'і і шлюбе. Адпаведны законапраект рыхтуецца да першага чытання. У прыватнасці, будзе ўведзена такое паняцце, як шлюбны дагавор. А змяніць яго ці скасаваць можна будзе толькі па рашэнні суда.

Плануецца ўдасканаліць сістэму апекі і папячыцельства ў адносінах да паўналетніх, якія прызнаны недзеяздольнымі.

— Тэрытарыяльныя органы аховы здароўя будуць адказваць за недзеяздольных асоб, якія маюць псіхічныя захворванні, алкагольную ці наркатычную залежнасць. Астатнія асобы, якія не ўвайшлі ў сфарміраваны Міністэрствам аховы здароўя пералік, будуць знаходзіцца пад апекай органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, — адзначыла Валянціна Курсевіч.

Таксама законапраект прадугледжвае, што апеку над непаўналетнімі можна не афармляць, калі бацькі з уважлівай прычыны адсутнічаюць і пакідаюць дзяцей на блізкіх сваякоў на тэрмін да аднаго года.

Валянціна Курсевіч паведаміла, што змяненні і дапаўненні ў закон «Аб ахове здароўя» рыхтуюцца ў адпаведнасці з планам на бягучы год, у хуткім часе законапраект паступіць на разгляд дэпутатам. Асаблівую ўвагу ў ім плануецца аддаць павышэнню якасці і даступнасці меддапамогі. Шмат пытанняў будзе прысвечана кантралюемаму лячэнню ў амбулаторных умовах такіх хвароб, як туберкулёз, ВІЧ-інфекцыя, гепатыты і рассеяны склероз.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».