Вы тут

Самая вялікая праблема — дэмаграфія


Для таго каб мець упэўненасць у заўтрашнім дні, рэгіёну, нават невялікаму, недастаткова мець адну паспяховую кампанію. Горад Круглае — выразны таму прыклад. Зусім нядаўна Круглянская перасоўная механізаваная калона № 266 была галоўным градаўтваральным прадпрыемствам, забяспечвала раёну ўсе паказчыкі, давала годныя заробкі дзвюм тысячам работнікаў, адбудоўвала горад і напаўняла райцэнтр якаснымі паслугамі. Аднак летась прадпрыемства сутыкнулася з вялікай колькасцю праблем, і раёну прыйшлося шукаць новыя апоры. Мы распыталі старшыню Круглянскага райвыканкама Івана БАРТАШЭВІЧА пра тое, наколькі гэта ўдалося.


— Іван Мікалаевіч, раскажыце, з чым Кругляншчына сустракае вясну?

— Наш рэгіён аграпрамысловы: тут працуюць сем сельгасарганізацый і 15 фермерскіх гаспадарак. Землі добрыя, па ўзроўні ўрадлівасці гэтакія ж, як на Шклоўшчыне, у суседнім Бялыніцкім і ў Горацкім раёнах. Бал урадлівасці пашы больш за 36, таму тут заўсёды атрымлівалі годныя ўраджаі. Летась, як ўсюды ў Беларусі, на жніве адбілася засуха: мы не даатрымалі збожжа каля 40 % да ўзроўню 2017 года. Для кукурузы і шматгадовых траў наадварот — надвор'е было спрыяльнае, мы заклалі і кукурузнага сіласу ў дастатковай колькасці, і травяністых кармоў.

Зіма нам пакінула надзеі на добры ўраджай. Вясну чакаем цёплую і раннюю, без моцнай паводкі. Мы зараз вывозім на палі арганіку, працуе звяно Круглянскага аграпрамтэхзабеспячэння, кампенсуем недахоп дарагіх фосфарных угнаенняў. Закупляем і мінеральныя ўгнаенні, з улікам аплаты забяспечаны азотнымі на 26 %. Вырашаем пытанне праз Магілёўскі мясакамбінат, які бярэ крэдыт, і праз кампанію «Бабуліна крынка». Да таго ж гаспадаркі самі перакрэдытоўваюцца па 155-м указе. На сённяшні дзень угнаеннямі для падкормкі азімых культур мы забяспечаны. Паступова назапашваем іх пад яравую сяўбу.

Калі захоўваць усе агратэхнічныя прыёмы: своечасова пасеяць, выканаць догляд за пасевамі, то залежнасць ад надвор'я можна мінімізаваць. Тэхніка ў раёне для гэтага ёсць.

Што датычыцца кадравага забеспячэння сельгаспрадпрыемстваў, — няма пытанняў па інжынернай службе ў механізацыі, агранамічная служба ўкамплектаваная. Не хапае жывёлаводаў: урачоў і заатэхнікаў. Шукаем, адпраўляем на навучанне тэхнікаў-асемянатараў, ад іх у многім залежыць аднаўленне статка.

Працуем з моладдзю. Многія маладыя спецыялісты застаюцца, асабліва мясцовыя. Яны адпрацоўваюць, ствараюць сем'і, мы даём ім жыллё.

Жыллё будуем пакуль толькі ў райцэнтры. Запланавалі на сёлета два 20-кватэрныя дамы. Адзін з іх ужо ўзводзіцца.

У нас для моладзі створаны добрыя ўмовы. Мясціны тут вельмі прыгожыя, ёсць цудоўныя ўмовы для адпачынку. У нас вельмі добрая экалогія: заводаў няма, шкодных выкідаў няма. Напэўна, Кругляншчына — самая чыстая зона ў вобласці. Таму да нас з задавальненнем прыязджаюць турысты. У нас ёсць Мікалаеўскія сажалкі, якія вельмі любяць і беларусы, і расіяне.

Садкамі і школамі, медыцынскімі ўстановамі мы забяспечаны. У нас хапае школьных аўтобусаў. Іншая праблема: ёсць школы, дзе колькасць дзяцей амаль такая ж, як колькасць настаўнікаў і тэхперсаналу. Таму некаторыя прыходзіцца зачыняць, некаторыя ўзбуйняць. Але гэта не адбіваецца на дзецях і бацьках. У нас школы добра аснашчаныя, маюць інтэрактыўныя дошкі, сучаснае абсталяванне.

Трэба сказаць, што дэмаграфічная сітуацыя ў Круглянскім раёне складаная: смяротнасць удвая перавышае нараджальнасць, але за два месяцы гэтага года нарадзілася на чатыры дзіцяці больш, чым за аналагічны перыяд летась. Пры гэтым смяротнасць засталася на папярэднім узроўні.

Мы шмат увагі аддаём і старым. У Шапялевічах маецца бальніца сястрынскага догляду. Рэгулярна наведваюць яе сацыяльныя работнікі, медыкі, ідэолагі, ратавальнікі, прадстаўнікі ўсіх службаў раёна.

Прадстаўнікі ўлады сустракаюцца з пенсіянерамі, размаўляюць пра ўсё, што тых хвалюе: газазабеспячэнне, дарогі, добраўпарадкаванне. Па выніках такіх сустрэч складаецца пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама, каб вырашаць праблемы людзей. Не ўсё ўдаецца зрабіць адразу, некаторыя пытанні патрабуюць часу і сродкаў.

Не забываем ветэранаў, віншуем іх са святамі, дапамагаем прадуктамі, у вядзенні падсобнай гаспадаркі. Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны засталося ў раёне няшмат. Увогуле, ветэраны ў нас актыўныя і даюць добры прыклад маладым. Яны аб'ядноўваюцца ў свае арганізацыі пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, пры музеі, бібліятэцы, раённым доме культуры. Бачылі б вы, як прыгожа спяваюць і якія строі ствараюць удзельнікі ветэранскага хору «Надзея»! Гэтыя людзі натхняюць астатніх, у тым ліку маладых.

— Кругляншчына можа пахваліцца вопытам прыватных інвестыцый. Раскажыце пра гэта, калі ласка.

— На тэрыторыі былога льнозавода засталіся шохі (вялікія адкрытыя па баках навесы для захоўвання трасты. — «Зв.»), якія не выкарыстоўваліся, бо вытворчасць у Круглым пасля аб'яднання з холдынгам «Магілёўабллён» закрылі. Калі раней мы вырошчвалі і перапрацоўвалі лён, то цяпер аказваем паслугі Шклоўскаму льнозаводу — сеем 1000 гектараў гэтай культуры.

Прыватная кампанія «Рамісдрэўкамплект» спачатку выкупіла адну шоху. Раней яе вытворчасць была паблізу ад жылых дамоў, шум і пыл перашкаджалі людзям. Уладальнік перавёз абсталяванне на тэрыторыю былога льнозавода, абшыў шохі, і цяпер там працуюць 100 чалавек. Яны займаюцца дрэваапрацоўкай, наладзілі безадходную вытворчасць. Вырабляюць палеты і прадаюць іх у Германію. Разам з цагляным заводам «Усходні», які перапрацоўвае адходы поліэтылену, гэтыя дзве кампаніі забяспечваюць даведзенае раёну заданне па экспарце.

Цяпер «Рамісдрэўкамплект» плануе пашырацца і запускае вытворчасць яшчэ адной запатрабаванай за мяжой прадукцыі — пелет.

— Іван Мікалаевіч, вы працуеце ў Круглым ужо год. Якія характэрныя рысы мясцовых жыхароў заўважылі?

— Тутэйшыя людзі лагодныя і вельмі гасцінныя: гэта заўважаюць усе прыезджыя. Прыветлівыя і працаздольныя: раён невялікі, але паказчыкі кажуць самі за сябе. У нас ёсць традыцыя святкаваць Дзень вёскі. У 2018 годзе рабілі яго ў Прыганях. Збіраем людзей, якія жылі там, а цяпер з'ехалі за мяжу або ў іншыя рэгіёны. Ушаноўваем перадавікоў, ветэранаў, ладзім канцэрт, выязны гандаль. Людзям вельмі падабаецца.

Кругляншчына для мяне стала роднай.

Што датычыцца ПМК № 266, то прадпрыемства, запэўніў старшыня райвыканкама, паступова выходзіць з крызісу. Яно выйграла тэндары на будаўніцтва ў Магілёве, Талачыне, Шклоўскім раёне, тым самым забяспечыла сябе работай. Акрамя таго, арганізацыя шукае новыя нішы: вырабляе тратуарную плітку, блокі, шклопакеты. Раён спадзяецца, што кампаніі ўдасца выйсці на ўзровень 2015—2016 гадоў, і тады паказчыкі па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна будуць выкананыя ўсе без выключэння.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, г. Круглае

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніцца 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніцца 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.