Вы тут

Новыя прэпараты пачнуць выпускаць на прадпрыемстве ў Скідзелі


Напачатку таблеткі, капсулы, блістары будуць фарміравацца з прывазной сыравіны, але з цягам часу пачне працаваць і завод па выпуску самой субстанцыі. Аб гэтым было заяўлена падчас цырымоніі адкрыцця новага прадпрыемства, будаўніцтва якога вялося пад патранажам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча, упаўнаважанага па супрацоўніцтве з Індыяй.


Для сябе і на экспарт

Два гады таму ў фундамент будучага завода была закладзена сімвалічная капсула. Інвестыцыйны праект на суму 3,3 мільёна долараў ажыццявіла індыйская кампанія «Лок Бэта». На айчынным рынку яна працуе 15 гадоў. Новае сумеснае беларуска-індыйскае прадпрыемства атрымала назву «Навалок».

Як адзначыў падчас адкрыцця Міхаіл Мясніковіч, выбар партнёра невыпадковы. Менавіта Індыя лічыцца адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў лекавых прэпаратаў. І для Беларусі яна таксама стратэгічны партнёр. Адтуль паступае 30 % лекаў, сыравіны і субстанцый усяго аб'ему імпарту фармацэўтычнай галіны. З уводам новага прадпрыемства частка неабходных прэпаратаў будзе вырабляцца ў Беларусі. Гэта дасць і значны эканамічны эфект.

Да таго ж у прадпрыемства «Навалок» ёсць планы заняцца экспартам лекаў у межах Еўразійскага эканамічнага саюза.

Напачатку пастаўкі на знешні рынак складуць 20 працэнтаў, а праз два гады суадносіны будуць пяцьдзясят на пяцьдзясят. Гэта значыць, што на экспарт пойдзе палова лекавых прэпаратаў.

Аб'ёмы — на 2 мільёны

На беларуска-індыйскім прадпрыемстве будуць выпускаць антырэтравірусныя, антыгіпертэнзіўныя, проціязвавыя, процітуберкулёзныя, уралагічныя сродкі. Кажучы прасцей, яны прызначаны для лячэння такіх хвароб, як дыябет, ВІЧ-інфекцыя, гепатыт, туберкулёз ды іншыя.

У год тут будзе вырабляцца каля 260 мільёнаў таблетак і капсул, 15 мільёнаў блістараў і слоікаў. У грашовым эквіваленце гэта складзе 2 мільёны долараў, і аб'ёмы будуць расці.

— Прадпрыемства арыентавана на вытворчасць процівірусных, антыбактэрыяльных прэпаратаў, якія зараз шырока выкарыстоўваюцца ў сістэме аховы здароўя. І, што вельмі важна, усе яны новага пакалення, — падкрэсліў падчас адкрыцця міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка.

Ад таблетак да субстанцый

Супрацоўніцтва з індыйскай кампаніяй у фармацыі будзе працягвацца. Зараз ідзе гаворка аб наступным праекце, які накіраваны на вытворчасць субстанцыі для лекаў. Як адзначыў Валерый Малашка, гэта першы падобны праект у рэспубліцы. Яго галоўная асаблівасць у тым, што сыравіна будзе выкарыстоўвацца на беларускіх прадпрыемствах фармацэўтычнай галіны. Яго размесцяць у другой палове будынка, побач з існуючым заводам у Скідзелі.

У краіне плануецца пабудаваць яшчэ два заводы па вытворчасці лекаў з удзелам індыйскага капіталу. Абодва прадпрыемствы з'явяцца ў сталіцы. На месцы аднаго з іх летась быў урачыста закладзены камень. Індыйскі фармацэўтычны гігант, кіраўнік якога мае беларускія карані, інвестуе ў праект мільён долараў. На заводзе наладзяць вытворчасць як лекаў, так і субстанцый. Прэпараты будуць мець экспартны кірунак.

— Гэта вялікі інавацыйны праект, і мы да яго сур'ёзна рыхтуемся, — паведаміў Міхаіл Мясніковіч. — Падключана Акадэмія навук. Індыйскі бок, у сваю чаргу, рыхтуе дасье да рэгістрацыі, каб выйсці на рынак.

Хутка будзе наладжана яшчэ адно сумеснае прадпрыемства, якое таксама знаходзіцца ў Мінску. Беларуска-індыйскія намаганні павінны даць добры эфект у выпуску ўнікальных лекаў, што паспрыяе развіццю айчыннай фармакалогіі, лічыць Міхаіл Мясніковіч. Да таго ж прадукцыя ўласнай вытворчасці таннейшая за прывазную.

Патрэбны прэферэнцыі

Індыя лічыцца надзейным партнёрам. І з пастаўкай лекаў, і з дагаворнымі абавязацельствамі амаль не бывае праблем. Але вырашэнне некаторых пытанняў можа зацягвацца надоўга. Напрыклад, рэгістрацыя лекаў. У такіх умовах вялося і будаўніцтва Скідзельскага прадпрыемства. Каб гандляваць на тэрыторыі Мытнага саюза, таксама трэба было прайсці доўгі працэс узгаднення абодвум бакам — індыйскай кампаніі і беларускаму прадпрыемству «Белмедпрэпараты».

Паскорыць справу маглі б так званыя спецпраекты. Гэта значыць, што інвестар, які стварае адпаведную вытворчасць, атрымлівае дзяржаўныя прэферэнцыі, ільготы, каб мець магчымасць на пачатку сваёй дзейнасці паспяхова выйсці на рынак.

— Савет Рэспублікі выступіў ініцыятарам шэрагу прапаноў па спецпраектах, каб падтрымаць інвестара, айчыннага ці замежнага — без розніцы, — паведаміў Міхаіл Мясніковіч. — Гэта ідэя не новая. Падобная практыка ёсць у казахаў, што дало ім магчымасць значна падтрымаць у тым ліку фармакалагічную галіну. Наколькі мне вядома, 21 спецпраект дзейнічае ў Расійскай Федэрацыі, з іх два — у вытворчасці лекаў. Такім чынам дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для інвестараў, дапамагае ім «раскруціцца» і ўвайсці на канкурэнтны рынак больш камфортна. Пакуль гэта пытанне ў стадыі абмеркавання.

А між тым менавіта інвестыцыйныя праекты спрыяюць развіццю тэрыторый. Напрыклад, у Скідзелі, які не так даўно стаў горадам — спадарожнікам Гродна, дзякуючы новаму заводу створана 30 рабочых месцаў, яшчэ столькі ж з'явіцца ў наступным годзе. Дзякуючы інвестыцыйнаму праекту краіна зможа выйсці на больш якасны ўзровень як у вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў, так і ў лячэнні пацыентаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Загаловак у газеце: Інвестыцыі ў здароўе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!