Вы тут

Рэзервы росту эканомікі рэгіёна абмеркавалі на Брэстчыне


Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці за 2018 год і задачы на 2019-ы абмеркавалі на сумесным пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта і сесіі абласнога Савета дэпутатаў. Удзел у ім узяў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ.


Фота: sovrep.gov.by

Са справаздачай выступіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС. Ён адзначыў станоўчую дынаміку ў развіцці эканомікі. З шасці ключавых паказчыкаў эфектыўнасці чатыры выкананы ў поўным аб'ёме. Стабільная сітуацыя і з фінансавымі паказчыкамі.

— Эканомікай вобласці за мінулы год атрымана 725,5 мільёна рублёў чыстага прыбытку, што складае каля 14 працэнтаў ад рэспубліканскага паказчыка, — паведаміў старшыня аблвыканкама. — Доля стратных прадпрыемстваў скарацілася за апошнія тры гады прыкладна ўдвая, але яшчэ застаецца высокай.

Кіраўнік вобласці адзначыў складаную сітуацыю на прадпрыемствах «Брэстаграсэрвіса», у кансервавай галіне, а таксама на прадпрыемствах канцэрнаў «Беллегпрам» і «Белдзяржхарчпрам». Няпростым быў год і для сельскай гаспадаркі рэгіёна. Найбольш па прычыне засухі гаспадаркі недабралі 235 тысяч тон збожжа, 50 тысяч тон цукровых буракоў, 19 тысяч тон рапсу. І ўсё ж назапашаныя кармы дазволілі атрымаць добрыя вынікі ў жывёлагадоўлі. Павялічылася вытворчасць малака і мяса. Па гэтых паказчыках вобласць займае першае месца ў краіне.

Разам з тым жывёлагадоўля Брэстчыны мае яшчэ вялікія рэзервы. На гэта звярнуў увагу ў сваім выступленні Міхаіл Мясніковіч. Застаецца праблема напаўняльнасці новых фермаў і тых, якія нядаўна перажылі рэканструкцыю. Па стане на 1 студзеня гэтага года са 188 рэканструяваных малочнатаварных фермаў на 32 (17 %) жывёлагадоўчыя памяшканні не запоўнены скацінай пад запланаваную магутнасць. У Баранавіцкім, Івацэвіцкім, Ляхавіцкім, Маларыцкім раёнах — па адной такой ферме, у Бярозаўскім, Кобрынскім, Лунінецкім — па пяць, у Драгічынскім — дзве, у Іванаўскім, Пінскім — па чатыры, у Столінскім — тры. І хоць у цэлым вобласць выйшла на першую пазіцыю ў краіне, 39 МТФ летась не дасягнулі ўзроўню вытворчасці малака 2017 года. Вось дзе рэзервы.

Іншыя галіны народнай гаспадаркі таксама паказалі нядрэнныя вынікі, гаварылася на пасяджэнні. Заданне па будаўніцтве жылля выканана на 101 працэнт. Адрамантавана і ўведзена ў эксплуатацыю больш за 330 кіламетраў мясцовых аўтамабільных дарог пры заданні 244. Выконваюцца паказчыкі развіцця знешняга гандлю. Сёння сярод партнёраў рэгіёна — 101 краіна, адкрыта дзесяць новых рынкаў збыту. Напрыклад, экспарт у Кітай павялічыўся ўдвая, гандаль з краінамі Еўрасаюза вырас на 15 працэнтаў. Сведчаннем развіцця малога і сярэдняга бізнесу можа служыць стварэнне 722 новых прадпрыемстваў. Стабільна развівалася і сацыяльная сфера.

Паказчыкі развіцця эканомікі былі прынятыя дэпутатамі да ведама як пункт адліку. Але падчас абмеркавання ўдзельнікі засяродзіліся на праблемах і шляхах іх вырашэння. Нямала ўвагі ўдзялялася кадрам. Бо гэта адзін з галоўных складнікаў паспяховага вырашэння пытанняў мясцовага значэння і задач сацыяльна-эканамічнага развіцця ў цэлым.

— Вучобе кадраў, іх падрыхтоўцы трэба ўдзяляць значна больш увагі, — перакананы Міхаіл Мясніковіч. — Можна арганізаваць пастаянную падрыхтоўку на базе аднаго з універсітэтаў альбо знайсці іншыя формы, але кадры трэба рыхтаваць грунтоўна. Кіраўнікоў неабходна расціць, падтрымліваць, а потым вылучаць на адпаведныя пасады.

Гэтая размова ўзнікла пасля абмеркавання сітуацыі з кадрамі ў сельскай гаспадарцы. На 1 студзеня ў вобласці значылася 15 вакансій кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый. Пры гэтым ёсць гаспадаркі, дзе старшыню не могуць прызначыць па два — два з паловай года. «Чаго можна дабіцца ад такой гаспадаркі? Выконваючы абавязкі — гэта, лічы, дачаснік. Часовае знаходжанне ў якасці кіраўніка сельгаспрадпрыемства з'яўляецца станам нявызначанасці. Чалавек не разумее, у якім статусе ён знаходзіцца. Якіх вынікаў альбо рашучых крокаў з яго можна патрабаваць? Трэба яго альбо прызначаць, альбо шукаць новага чалавека, — заўважыў спікер верхняй палаты парламента.

Удзельнікі сесіі і выканкама падрабязна абмеркавалі стан спраў у прамысловасці. Адзначалася, што па выніках года забяспечаны рост аб'ёмаў вытворчасці ў трох з чатырох секцый прамысловасці. Але, нягледзячы на прынятыя меры па мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні, вобласць не дасягнула запланаванага ўзроўню па інавацыйнай прадукцыі. Яе ўдзельная вага ў агульным аб'ёме склала 3,8 працэнта пры сярэднім рэспубліканскім — 18,6 працэнта. Інавацыйная дзейнасць названая прыярытэтам бягучай пяцігодкі, на гэтым кірунку павінна быць засяроджаная ўвага ўсіх гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адзначаецца ў выніковым дакуменце сумеснага пасяджэння.

Кожная вытворчасць сёння можа і павінна развіваць новыя кірункі дзейнасці, засяродзілі ўвагу на пасяджэнні. Размова ўзнікла вакол вытворчых паказчыкаў Жабінкаўскага цукровага завода, які адстае ад аналагічных вытворцаў з Мінскай, Гродзенскай абласцей па асартыменце, наменклатуры вырабаў. Сёння гэты рынак вельмі складаны. Апошняе звязана з ростам вытворчасці трысняговага цукру. «Таму трэба дыверсіфікаваць вытворчую дзейнасць і выпускаць прадукцыю, у аснове якой цукар, напрыклад кандытарскія дабаўкі. А не проста грузіць цукар мяхамі», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Інавацыйная кадры і дыверсіфікацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».