Вы тут

У Гродзенскай вобласці на аднаго кіроўцу прыпадае 10 вакансій


Гэта самая запатрабаваная на сённяшні дзень спецыяльнасць. Кіроўцы патрэбны ўсюды — у аўтапарках, кампаніях па перавозцы грузаў, нават за мяжой менавіта такі спецыяліст хутчэй за іншых знойдзе працу. Калі ў мінулым месяцы ў рэгіёне патрабавалася 500 чалавек па гэтай спецыяльнасці, то на пачатак сакавіка — ужо 540. Тэндэнцыя хоць і не катастрафічная, але патрабуе ўвагі. У такіх умовах многае залежыць ад наймальнікаў. Чым яны могуць прывабіць кіроўцаў, попыт на якіх, можна сказаць, зашкальвае.


Арэнда жылля

У Гродзенскім аўтобусным парку становішчам з кадрамі занепакоены. Горад прырастае новымі мікрараёнамі, што цягне за сабой і новыя маршруты. А кіроўцаў не хапае, паведамілі ў аддзеле кадраў. Напрыклад, на сярэдзіну сакавіка ёсць каля 20 вакансій. На летні сезон прагназуецца іх рост.

— У рабоце нямала стрэсавых сітуацый з пасажырамі, якія не хочуць аплачваць праезд, — адзначыла спецыяліст па рабоце з кадрамі, — ды і парк стары: каля 70 працэнтаў аўтобусаў адпрацавалі свой тэрмін амартызацыі. Не ўсюды ёсць кандыцыянеры, а чалавек хоча працаваць у камфортных умовах.

Між тым праблема аўтапарка не застаецца па-за ўвагай гарадскіх улад. Напрыклад, сёлета плануецца набыць 10 аўтобусаў. Вырашаецца і кадравае пытанне. У рамках праграмы перасялення прыцягваюцца кіроўцы з іншых населеных пунктаў. Яны забяспечваюцца арэндным жыллём на льготных умовах. І такой магчымасцю скарысталіся 14 чалавек. У аўтапарку шукаюць шляхі павялічэння зарплаты, зараз яна дасягае ў сярэднім адной тысячы рублёў.

Фінансавы бок

Попыт на кіроўцаў выкліканы і развіццём транспартна-лагістычнага сектара эканомікі. З'яўляецца ўсё больш кампаній, якія займаюцца грузавымі перавозкамі. Многія спецыялісты менавіта тут шукаюць больш высокія заробкі. Напрыклад, летась з аўтапарка ў дальнабойшчыкі сышлі 60 чалавек. І спыніць гэты працэс пакуль не атрымліваецца.

Дарэчы, ідуць на дальнія рэйсы не толькі прафесіяналы. Некаторыя перавучваюцца, маючы нядрэнныя спецыяльнасці. Не так даўно даведалася, што былы калега, прафесійны рэжысёр з абласной тэлерадыёкампаніі, звольніўся і пайшоў у дальнабойшчыкі. Здзівілася — як так? Столькі гадоў працаваў, дасканала ведае сваю справу, ды і работа цікавая, якая дае шырокае поле для творчасці. Але фінансавы бок аказаўся больш важкі. Да таго ж вакансій тут хоць адбаўляй.

Дастаткова зайсці ў інтэрнэт, каб упэўніцца ў попыце на такіх спецыялістаў на рынку працы. Ёсць прапанова для кіроўцаў, у тым ліку міжнароднікаў. І такая сітуацыя распаўсюджаная, расказаў прадпрымальнік з Гродна Генадзь Сямчук. Яго кампанія мае невялікі парк грузавых аўтамабіляў і некалькі гадоў займаецца перавозкай грузаў па Еўропе і Расіі. У яго заўсёды ёсць вакантныя месцы для кіроўцаў.

Але і прапаноў хапае, адзначае Генадзь. Менавіта на такіх маршрутах можна нядрэнна зарабіць. За месяц — ад тысячы еўра і вышэй. Разам з тым да саіскальнікаў ёсць і патрабаванні. Генадзь не бярэ на работу, калі бачыць, што чалавек часта мяняе працу, напрыклад раз на паўгода. Улічвае, вядома, і стан здароўя, узрост. Дарэчы, перавага аддаецца больш сталым кіроўцам. Па яго словах, у Польшчы, куды часта едуць працаваць беларусы, больш шанцаў у тых, каму ад 40 да 65 гадоў.

Рынак працы за мяжой

Прыгранічны рэгіён, безумоўна, адчувае канкурэнцыю на рынку працы з боку суседзяў. Часцей за ўсё жыхары Гродзеншчыны, у тым ліку і кіроўцы, едуць працаваць у суседнюю Польшчу. У інтэрнэце нямала сайтаў, на якіх перавозчыкі прапануюць работу ў гэтай краіне, прычым тэрмінова і з высокай аплатай. І ўсё ж многія, па словах Генадзя Семчука, вяртаюцца па сямейных абставінах. Многія, але далёка не ўсе. І працэс працоўнай міграцыі толькі пашыраецца. Праўда, тэмпы яго крыху запаволіліся.

Начальнік упраўлення дзяржаўнай службы занятасці камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Собаль прыводзіць такія лічбы. Летась праз агенцтвы выехалі на працу за мяжу 1600 чалавек, што на 300 больш, чым на год раней. Перад гэтым быў скачок працоўнай міграцыі ў два разы. Пераважная большасць накіроўваецца ў Польшчу.

Зразумела, што маштабы міграцыі значна большыя, бо многія шукаюць працу самастойна. Напрыклад, па выбарачным абследаванні асабістых гаспадарак, колькасць працоўных мігрантаў дасягае 10 тысяч.

Як запоўніць вакансіі

Напрыклад, кіроўцаў. У рэгіёне патрэба ў іх толькі расце. Калі на пачатак лютага было 500 вакансій, то на пачатак сакавіка — 540. Колькасць вакансій у 10 разоў перавышае колькасць беспрацоўных кіроўцаў. Але праблема яшчэ і ў самой асобе саіскальніка. Напрыклад, у аўтапарк не возьмуць чалавека, які быў пазбаўлены праў ці меў парушэнні правілаў дарожнай бяспекі. Затое тут бясплатна праводзяць курсы для атрымання адпаведнай катэгорыі. Летась такой магчымасцю скарысталіся 45 чалавек. Садзейнічае ў пошуку кіроўцаў і служба занятасці. Паступова гэтую прафесію асвойваюць жанчыны. У аўтапарку такія прыклады ёсць. Магчыма, гэты працэс набудзе большы размах. Як вядома, жанчыны пачалі кіраваць і буйнагабарытнымі фурамі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Хто разруліць сітуацыю?

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.