Вы тут

Удзельніцы «Прадпрымальнай землеўласніцы» вырасцяць спаржу і клубніцы


Цягам лютага бізнес-лэдзі сацыяльнага праекта ладзілі ў мястэчках Аршанскага раёна сустрэчы з аднавяскоўцамі, каб падзяліцца з імі ведамі пра «камерцыю на агародзе». Імправізаваныя семінары з прыхільнікамі ідэі арганізацыі ўласнай справы на зямлі сталі другім этапам праекта «Прадпрымальная землеўласніца». Аднадумцы ўжо сходу абмяркоўвалі, што вырошчваць, дзе ўзяць болей зямлі і калі пачынаць араць. У вёсцы Зубрэвічы, прынамсі, прайшло ўжо некалькі падобных сустрэч, якія назбіралі каля паўсотні ахвотных паспрабаваць сябе ў экалагічным бізнесе. Арганізатары праекта кажуць, што неўзабаве прадпрымальныя вяскоўцы бясплатна атрымаюць якаснае насенне, покрыўны матэрыял для раслін і апарат для вакуумавання прадукцыі.


Эксперымент са смакам грошай

Ужо сёлета ініцыятыўныя жанчыны пасадзяць на сваіх участках агуркі, кабачкі, гарбузы, цыбулю-парэй, бульбу элітных сартоў, галандскія клубніцы, часнок, спаржу. На кожным участку арганізатары праекта мяркуюць адпрацаваць па пяць культур, арыентуючыся на патрэбы рынку і магчымасці мясцовай зямлі. Пры гэтым яны заўважылі, што атрымаць ураджай ад некаторых раслін адразу ўвосень не ўдасца.

Часнок, напрыклад, дасць прыбытак толькі на наступны год, а спаржа ўвогуле будзе гатова да рэалізацыі праз тры гады. Пры гэтым кошт першай пасадкі гектара спаржы складзе 8000 долараў, што аграрыю-пачаткоўцу аднаму дакладна не пацягнуць. Затое і атрымаць праз тры гады з соткі спаржы можна да тысячы долараў. А цяпер перамножце лічбу на гектар. І пры ўсім гэтым насенне і абсталяванне ўдзельніцы атрымліваюць за так, не ўкладваючы ў праект ні капейкі.

— Гэта эксперыментальны праект. Калі ў вас не атрымаецца сабраць ураджай увосень, нічога страшнага, вы нічым не рызыкуеце. Аднак атрымацца проста павінна, бо з вамі будзе працаваць аграном, які раскажа і падкажа, што і чаму адбываецца з гароднінай, і як яе не страціць, — супакойвае ўдзельніц выканаўчы дырэктар праекта «Прадпрымальная землеўласніца» Рыма ЕПУР. — Калі вам ўдасца зарабіць на вырашчаным прадукце — вы і смак грошай адчуеце, і насенне налета вам застанецца, і наступным годам мы будзем далей выбудоўваць адносіны.

У сярэднім у кожнай з патэнцыйных бізнесвумен па 30 сотак зямлі. Гэтага дастаткова, каб вырасціць культуры, лічаць прафесіяналы аграбізнесу.

Пятрушка для сыраедаў, батончыкі з семак і чыпсы са спаржы

Чакаецца, што сацыяльны праект па вырошчванні гародніны перарасце ў другі па апрацоўцы і ўпакоўцы атрыманай экапрадукцыі.

Рыма Епур, як заўзяты прадпрымальнік, ведае, што экапрадукцыя вельмі цэніцца на рынку. Яна лічыць, што з часам можна будзе наладзіць і гатаванне салодкіх батончыкаў з семак на мёдзе. Тут вам для гэтага і гарбуз, і лён, і сланечнік. А са спаржы, вымачанай у спецыяльным расоле і пасля высушанай, атрымліваюцца гэткія своеасаблівыя чыпсы, якія вельмі папулярныя ў Кітаі.

— Адказнасць у праекце ўзаемная. Наша задача — даць якаснае насенне і дапамагчы рэалізаваць вырашчаны прадукт. А вам трэба сачыць за ростам культур і выконваць рэкамендацыі агранома і ментараў, якія будуць падказваць, як і што рабіць, — кажа Рыма Епур, звяртаючыся да ўдзельніц.

— Праект «Прадпрымальная землеўласніца» вельмі актуальны ў плане самазанятасці сельскага насельніцтва і развіцця ў яго эканамічнай актыўнасці, — упэўнены Аляксандр ТРУХАН, дырэктар беларускага дзіцячага фонду, аднаго з арганізатараў праекта. — Для фонду праект важны тым, што матывуе жанчын, якія выхоўваюць дзяцей, ці апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і часова не ўдзельнічаюць у эканоміцы, на больш актыўнае і прадпрымальнае выкарыстанне свайго часу, рэсурсаў і зямлі.

Самазанятасць і супольная кааперацыя

Мяркуецца, што разам з жыхарамі Зубрэвічаў да праекта далучацца ахвотныя і з суседніх вёсак. Абсталяванне для працы на зямлі і з агароднінай арганізатары мяркуюць акумуляваць у цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва (бізнес-інкубатары) у горадзе Барань, што ў Аршанскім раёне. Тут прафесіяналы будуць абрабляць вырашчаныя культуры і пры неабходнасці вакуумаваць іх. Цэх па перапрацоўцы агародніны, які з'явіцца дзесьці на скрыжаванні паміж Зубрэвічамі, Вусцем і Забалаццем, на думку арганізатараў, павінен стаць неад'емнай часткай рэалізацыі праекта.

Толькі кааперацыя з аднадумцамі дасць перавагі і падчас вырошчвання якаснага ўраджаю, і пры яго рэалізацыі. З гэтай думкай прафесіяналаў згодны і Андрэй КІРНЕЎ, старшыня Зубрэвіцкага сельсавета, які заклікае сяльчан браць у карыстанне пустыя землі на вёсцы. Цяпер такіх у Зубрэвічах да дзясятка ўчасткаў па 15—20 сотак.

Аформіць зямлю для працы на ёй можна рознымі шляхамі, аднак найбольш просты — узяць яе ў арэнду на тры гады (у часовае карыстанне). На сям'ю даецца тры гектары. І гэтага больш чым дастаткова, каб папрактыкавацца.

— Мы ўсё жыццё саджаем, але ніхто яшчэ ад гэтага не разбагацеў, — кажа адзін з прысутных.

— Таму, што так, як прапануюць, ніхто ніколі гэтым не займаўся, — пераконвае старшыня. — Зямля будзе цаніцца, проста не ўсе гэта разумеюць. Яна заўжды карміла людзей. Мы ўсе ад яе жывём.

— Той, хто дома мае агарод, нічога не прайграе, — упэўнены Тарас ЯРОМІН, які працуе ў школе настаўнікам працоўнага навучання і мае 50 сотак зямлі. — Я і сябе пракармлю, і лішкі прадам. Мне не цяжка і сабе заараць, і суседзям дапамагчы. А прадукцыі будзе больш.

Узрушаныя сяльчане пачынаюць абмяркоўваць, колькі трэба будзе заплаціць за апрацоўку зямлі, арэнду тэхнікі, колькі вады спатрэбіцца для паліву ды іншыя практычныя моманты. Так што па ўсім відаць, што праект, разлічаны на жанчын, якім будуць дапамагаць мужчыны, рухаецца ў правільным кірунку.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Тысяча долараў з соткі

Выбар рэдакцыі

Культура

На каго палюе русалка?

На каго палюе русалка?

«Прыйшло лета, спякота, і мы ўсё часцей і часцей ідзём на рэчку».

Грамадства

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

«Знаходжанне беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе — гэта не вандроўка натуралістаў і не туры для экстрэмалаў, а сур'ёзная і карпатлівая штод

Спорт

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Ён быў падрыхтаваны адмыслова напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў.

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.