Вы тут

Цана доўгага рубля. Некалькі гісторый з жыцця працоўных мігрантаў


Калі вёска знаходзіцца на 50-кіламетровай адлегласці ад абласнога цэнтра ці сталіцы, то ў яе жыхароў праблем з работай быць не павінна. Не знойдзецца месца ў сельскай гаспадарцы (што з развіццём тэхнікі натуральная справа) — можна скокнуць у электрычку ці маршрутку і паехаць у горад, дзе рабочыя рукі заўсёды патрэбны. Але хапае ў нас і такіх вёсак, ад якіх да мегаполісаў дабірацца паўдня. У найбліжэйшым ад іх райцэнтры — адзіны завод, і той не надта добра сябе адчувае. Тады выйсце — ехаць за мяжу. «МС» прыгледзелася да адной з такіх вёсак на Палессі.


На ўсход...

Алег падаўся на Маскву адразу пасля службы ў арміі: «Усе ехалі, і я паехаў». Разам з аднакласнікамі ўладкаваўся на будоўлю маналітных шматпавярховікаў. Тое, што работа была нелегальнай, хлопца зусім не палохала.

— Калі малады, думаеш у першую чаргу пра грошы, якімі перад тваім носам памахалі, а не пра бяспеку, бальнічныя і аплатны адпачынак, — расказвае Алег. — У лепшыя часы я мог зарабіць 1000—1500 долараў у месяц. Маім бацькам такія сумы толькі сніліся, а мяне яны падштурхоўвалі працаваць больш.

Разуменне сур'ёзнасці прыйшло да маладога чалавека ўпершыню толькі тады, калі адзін з сяброў сарваўся з рыштаванняў і загінуў. Увогуле, у родную вёску з маскоўскіх будоўляў за апошнія гадоў сем прыйшло ўжо тры труны. Ні выплат, ні нават спачувальных лістоў сем'ям загінулых ніхто не даслаў. «Нелегалы ведаюць, на што ідуць», — разводзяць рукамі нядобрасумленныя работадаўцы, але закон на іх баку.

Рызыка для жыцця — не адзіная праблема. Гастарбайтарам прыходзіцца «ўкалваць» так, быццам жывуць яны ў дарэвалюцыйныя часы і 40-гадзінны працоўны тыдзень яшчэ не прыдумалі. Зацемна пачалі, зацемна скончылі. Пад дажджом і снегам, у вецер і маразы. Цярпі, калі прыехаў.

— Жывём мы звычайна ў вагончыках ці інтэрнатах, якія дае наймаючая кампанія. Умовы, мякка кажучы, на трохзоркавы гатэль не цягнуць. Бывала, па 12 чалавек у адным пакоі тулілася.

Яшчэ гады тры таму ўсё гэта было варта цярпець дзеля добрай зарплаты. Зараз сумы атрымліваюцца значна меншыя, таму многія з таварышаў Алега перасталі ездзіць у Маскву і аселі на мінскіх будоўлях. Чаму ж ён не спяшаецца вярнуцца на радзіму?

— Я прызвычаіўся, куды цяпер рыпацца? Фактычна, толькі там і працаваў, — кажа хлопец.

А вось сваяк Алега — Антон — са змяншэннем зарплаты шчыраваць на старых умовах адмовіўся. У вёсцы ў яго сям'я. Пакуль ён матаўся па расійскіх будоўлях і толькі набегамі з'яўляўся дома, яго старэйшы сын падрос і пайшоў у першы клас. Нарадзілася дачушка. На заробленыя грошы пара прыдбала неблагое аўто, купіла дом (старэнькі, але ўжо пачалі рабіць рамонт). Цяпер Антон увогуле нікуды не ездзіць. Цяжкая праца на знос дала аб сабе знаць — забалела спіна. Але без справы дома не сядзіць, пачаў як прыватнік рабіць рамонты. Не так выматвае, але, як высветлілася, і на гэтым можна капейку зарабіць.

...і на захад

Дваццацівасьмігадовага Максіма на перон прыйшлі праводзіць жонка Маша і двухгадовы сын Сашка. Хударлявы галава сям'і з замілаваннем глядзеў на малога і ні на імгненне не адпускаў далонь каханай. Наперадзе яго чакала паўтара месяца без сям'і і доўгая-доўгая дарога. Спачатку на Варшаву, а адтуль — куды шэф скажа. Максім працуе дальнабойшчыкам.

— Калі шчыра, то няма ніякай розніцы, дзе баранку круціць. Беларусь, Еўропа, Азія... Абы толькі грошы плацілі. Хочацца, каб і ў сына ўсё было, і каб жонка ні ў чым патрэбы не мела, — дзеліцца хлопец. — Важна, што я аформлены афіцыйна.

Сапраўды, у Польшчу беларусы едуць працаваць у асноўным легальна. Але для гэтага з самага пачатку трэба грошы ўкласці: на візу і іншыя дакументы, дарогу, пражыванне першым часам. Да таго ж паехаць можна толькі загадзя атрымаўшы запрашэнне ад работадаўца. Як яго знайсці? Праз агенцтвы, якім таксама прыйдзецца выдаткаваць пэўную суму. Але нават пры гэтым ёсць верагоднасць застацца падманутым.

На адным з папулярных беларускіх форумаў людзі якраз дзеляцца гісторыямі пра тое, як іх «кідалі» з работай за мяжой.

«Хацеў уладкавацца маляром-пескаструменьшчыкам у Гданьск, — піша адзін. — Абяцалі 17—19 злотых у гадзіну і ў месяц 280—300 рабочых гадзін. Адразу папярэдзілі, што за пражыванне прыйдзецца плаціць 500 злотых, за ежу — 300—400. Аднак калі прыехаў, чакаў сюрпрыз: каб адпрацаваць 280 гадзін, трэба быць у добрых стасунках з майстрам. А паколькі калектыў быў інтэрнацыянальны, то перавагу ён аддаваў землякам. Плюс «камфартабельнае жыллё» аказалася пакойчыкам на восем чалавек з двухпавярховымі ложкамі. Пры такім раскладзе на рукі я атрымліваў каля 600 долараў... Для Беларусі грошы неблагія, але для Еўропы гэтага мала. У выніку на такіх умовах я доўга не працягнуў і вярнуўся ў Сінявокую».

Апошнія некалькі гадоў у маленькіх гарадах і вёсках на дошках з аб'явамі ўсё часцей з'яўляюцца нумары з тэлефонамі агенцтваў, якія дапамагаюць працаўладкавацца ў Польшчы. Аднойчы мне нават давялося пазнаёміцца з такім «памагатым». Мы ехалі ў адной маршрутцы, а дарога, як вядома, схіляе да доўгіх і шчырых размоў. Мужчына бесперапынна расказваў пра тое, як ужо некалькі гадоў запар возіць беларусаў на заробкі да заходніх суседзяў.

— Ні работы нармальнай, ні перспектыў у нашай вёсцы не відаць, — заявіў ён, чым адразу ж прыцягнуў увагу ўсіх пасажыраў. — А пара, якой я дапамагаў некалькі гадоў таму з дакументамі, кардынальна змяніла сваё жыццё. Працуюць на заводзе, жывуць у невялікім мястэчку на прыграніччы. Вучаць мову, нават грошы адкладваюць. Тут бы ў іх што было? Праца ў калгасе, яшчэ б і сваю гаспадарку трымаць прыйшлося. А там еўрапейскі ўзровень! Я, дарэчы, і сваю маці прымусіў спачатку карову прадаць, а летась і апошняга кабанчыка забілі. Дужа плакала тады, праўда. І цяпер раз-пораз папракае. Сіл у яе яшчэ хапае, але навошта вазіцца з гэтым гноем, калі ўсё можна купіць у краме?

Я слухала разважанні мужчыны моўчкі. А ў галаве круціліся думкі і пра моладзь, якая працуе на чужыне, і пра бедную маці-пенсіянерку. Можа, для яе тыя кароўка з кабанчыкам былі адзіным заняткам, акрамя прагляду тэлевізара? Вясковы чалавек, калі яго пасадзіць у хаце — ён жа памрэ. Натура такая: жывы, пакуль у зямлі капаецца і скацінку даглядае. Але ці зразумее гэта той, хто зарабляе на вывазе рабочай сілы за мяжу? Хто сам ніколі не ўкалваў ні тут, ні там?..

Жаночы погляд

Большасць мужчын, якія працуюць за мяжой, настроеныя на вяртанне дадому. Там — дзеці, жонкі, бацькі. Нават тыя, хто пакуль не паспеў стварыць сям'ю, імкнуцца пабудаваць уласны дом ці набыць кватэру менавіта там, адкуль прыехалі. А вось дзяўчаты, якія адважваюцца на пошукі лепшага за мяжой, глядзяць на сітуацыю пад іншым вуглом.

Тоня па адукацыі настаўніца хіміі. Папрацаваўшы некалькі гадоў па спецыяльнасці, дзяўчына зразумела, што дома ёй «нічога не свеціць» у асабістым плане. Калі змірыцца з нізкай зарплатай яшчэ можна, то з адсутнасцю сям'і — не. Вось дзяўчына і падалася ўслед за мужыкамі са сваёй вёскі ў Расію. Уладкавалася ў падмаскоўную касметычную краму прадаўцом, зняла жыллё, а праз некаторы час і жаніха знайшла. Там жыць і засталася.

А што жанчыны, якія чакаюць у вёсках сваіх мужоў? Іх доля незайздросная. Самі гадуюць дзяцей, самі ўпраўляюцца з хатняй гаспадаркай. «Маскоўскія пакіданкі» — так іх аднойчы назваў мой знаёмы і падкрэсліў, што шкадаваць жанчын не трэба. Маўляў, гэта толькі спачатку яны сумуюць па сваіх мужыках, а на другі-трэці год адзіноты не-не ды пачынаюць паглядваць у «левы бок». Колькі сямей распалася, а колькі знаходзіцца ў стане перманентнага разладу з-за адносін на адлегласці, ніхто дакладна не скажа.

— Пляменнік мой такі харошы хлопец. Не п'е, не курыць, грошы з Расіі прывозіць, хату сваю адбудаваў. І чаго гэтай паве толькі не хапала? — расказвае пяцідзесяцігадовая Вольга. — Прыехаў Вадзік аднойчы дамоў, а там ні жонкі, ні дзяцей. Адна запіска: «Не магу цярпець адзіноту. Прабач».

* * *

Нельга сказаць, што працоўная міграцыя беларусаў — праява выключна нашага часу. Мой прапрадзед Васіль Сацкевіч у пачатку ХХ стагоддзя разам з аднавяскоўцамі ездзіў на заробкі ў Амерыку. На якіх умовах і пры якіх абставінах яны вырашылі адправіцца на іншы канец свету, у сям'і ніхто ніколі не казаў. Ведаю толькі, што ў вёсцы ён быў на добрым рахунку, бо з жывёлай умеў абыходзіцца і лічыўся там кімсьці накшталт ветэрынара. Затое часта ўспаміналі дома пра шлях, які прыйшлося пераадолець дзеду. Уявіце сабе: мужык не тое, што па-англійску, нават па-руску ці беларуску пісаць і чытаць не ўмеў, але праехаў неяк усю Еўропу і перасёк акіян. Пасля жыў некалькі гадоў у культуры абсалютна адрознай ад нашай. І што самае цікавае, цэлым і здаровым вярнуўся дадому.

Ганна ВОЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.