Вы тут

Конкурс дапамог рэалізаваць у розных кутках краіны шыкоўныя праекты


З чаго пачынаюцца добрыя справы? З ідэі? З людзей, гатовых аб'яднаць вакол сябе іншых? З выдзеленых грошай? Яно, безумоўна, так. Але часам не хапае маленькага штуршка. І конкурс «TANDEM ІV — Устойлівае супрацоўніцтва паміж НДА і мясцовымі органамі ўлады дзеля актывізацыі ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні і развіцця мясцовых супольнасцей у Рэспубліцы Беларусь» дапамог рэалізаваць у розных кутках нашай краіны шэраг шыкоўных праектаў. Стары закінуты парк у Дуброўне ператварыўся ў зону адпачынку, быў добраўпарадкаваны пляж  у Кармянскім раёне, узяты пад ахову ўнікальны дэндрапарк у Краснаполлі, на Гродзеншчыне з'явілася экасцежка для людзей з парушэннямі зроку, у гарпасёлку Мачулішчы актывісты ўзяліся за ахову рэдкіх птушак і раслін, у Ашмянах дзейнічае цудоўны музей Дугі Струвэ, у Кобрынскім раёне вясковыя жыхары зараз могуць з камфортам чакаць прыезду аўтакрам: з'явіліся навесы і лавачкі, у розных кутках Беларусі былі абсталяваны пляцоўкі для дзяцей і заняткаў спортам.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Усяго на конкурс было пададзена 160 заявак, з іх адабраны і прафінансаваны адзінаццаць міні-праектаў, якія прайшлі рэгістрацыю ў Дэпартаменце гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Часта даводзілася чуць, што нашым грамадзянам нічога не патрэбна. З іншага боку, працуючы на месцах у рэгіёнах, мы сутыкаліся з даволі нядрэнным узроўнем грамадзянскай актыўнасці. Супярэчнасць? Мы хацелі разабрацца, хто правы. І для гэтага была задумана спецыяльная праграма, каб матываваць грамадзян, спрыяць развіццю ўзаемадзеяння паміж мясцовымі органамі ўлады і арганізацыямі, — заўважыў падчас выніковай канферэнцыі старшыня праўлення асветніцкага грамадскага аб'яднання «Фонд імя Льва Сапегі» Міраслаў Кобаса. — Нядаўна праведзенае апытанне паказала, што каля 65 працэнтаў грамадзян на пытанне «На каго вы спадзеяцеся ў вырашэнні мясцовых праблем?» адказалі, што на саміх сябе. Яны гатовы ўключыцца ў грамадска карысную працу. Калі вы трапіце ў іх надзённыя праблемы, знойдзеце людзей, здольных арганізаваць вакол сябе іншых, вы асуджаны на поспех.

Так, гэта адна з абавязковых умоў, якая ставіцца перад канкурсантамі, — ствараць праекты, якія будуць здольныя ўцягваць мясцовых жыхароў. Фінансаванне (а дадзеная праграма рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі — ALDA) можна атрымаць пад будматэрыялы ці тыя ж трэнажоры для спартыўнай або дзіцячай пляцоўкі, а паслугі (напрыклад, будаўнічыя работы) — гэта ўжо непасрэдны ўнёсак людзей, якія жывуць у пэўнай мясцовасці. І аказалася, што людзі сёння гатовы прыкласці намаганні для таго, каб зрабіць свой край больш утульным і прыгожым. Часам на будаўнічыя пляцоўкі выходзілі сем'ямі. Людзі прыносілі свае інструменты, забяспечвалі доступ да электраэнергіі і вады, капалі, будавалі, фарбавалі, вялі зварачныя работы, саджалі расліны. Часта праекты, якія пачыналіся з добраўпарадкавання тэрыторый, «абрасталі» іншымі добрымі справамі. Падключаліся ўстановы культуры, ладзіліся канцэрты, святы, адукацыйныя праграмы для дзяцей.

TANDEM ІV засведчыў, што можна шмат зрабіць, калі брацца за справу разам. І не толькі таму, што мясцовыя жыхары гатовы працаваць як валанцёры — бескарысліва. Часам, калі ў пэўным горадзе ці вёсцы актыўна распачыналіся работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, нечакана знаходзіліся новыя рэсурсы — падключаўся бізнес, прадпрыемствы за свой кошт дапамагалі з тэхнікай і будматэрыяламі.

Але самае галоўнае — нараджаўся дыялог, у выніку з'яўляліся новыя тандэмы. Мясцовыя органы ўлады і грамадскія арганізацыі, якія навучыліся працаваць разам, сёння рыхтуюць новыя партнёрскія праекты.

— Большасць праектаў, якія рэалізоўваліся падчас «ТАНДЭМа» — сацыяльнага кірунку, але і такія тэмы, як культура, устойлівае развіццё, здаровы лад жыцця, праекты для дзяцей і моладзі, таксама падтрымліваюцца ў межах праграмы. Што павінны ўлічваць канкурсанты, якія падрыхтуюць праекты для TANDEM V? — пацікавілася «МС» у Міраслава Кобасы.

— Кожная ідэя абавязкова павінна захапіць людзей, каб яны самі стваралі тое, што палепшыць іх жыццё, свет навакол. Па-другое, пасля завяршэння праекта павінна застацца нешта матэрыяльнае.

— А ці можна звяртацца ў Фонд імя Льва Сапегі па ідэі? Усё ж падчас чатырох «ТАНДЭМаў» было падтрымана амаль паўсотні міні-праектаў, зроблена шмат карыснай працы.

— У межах розных праграм фонду нашага аб'яднання на мясцовым узроўні было рэалізавана 99 праектаў. Мы выдалі кнігу, дзе ў сціснутым выглядзе выкладзена інфармацыя пра наш досвед і якраз ёсць багата ідэй для магчымых праектаў.

Напрыклад, вельмі цікавы вопыт уяўляе праект «КУТ» (культура кіравання тэрыторыяй), рэалізаваны ў Ашмянскім раёне, які было б добра распаўсюдзіць па ўсёй краіне. У гэтага праекта вельмі добрая матрыца, там аб'яднана шмат важных кампанентаў: інтарэсы і мясцовых органаў улады, і прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, і грамадзян, развіццё валанцёрскага руху.

Падобныя праекты трэба толькі вітаць, а напаўняць змест кожнага з іх павінны актуальныя пытанні мясцовага жыцця. Падчас рэалізацыі сваіх праектаў удзельнікі «ТАНДЭМаў» рэгулярна сустракаюцца на агульных семінарах, канферэнцыях, круглых сталах, у навучальных паездках. Абмен досведам паміж імі не толькі павялічвае паспяховасць будучых праектаў, але і вядзе да з'яўлення новых яскравых ідэй на будучыню.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: І вы асуджаны на поспех...

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.