Вы тут

Дарога жыцця? Як пашанцуе


З той памятнай сакавіцкай аварыі (я, здаецца, нават калісьці згадвала пра яе ў нейкім матэрыяле) мінула роўна пятнаццаць гадоў. Трэць пражытага часу прайшла, а ўсё помніцца, бы было ўчора. Нават гукі, пахі, уласнае адчуванне бяды, якая толькі цудам праскочыла міма, зусім побач, усяго за некалькі міліметраў, дыхнуўшы ў твар такой жудасцю, якую і ў самым кашмарным сне ўявіць не мог. І — як кантраст — звонкая вясновая раніца, высокае неба, набрынялыя бярозы ля дарогі, нясмелы спеў жаўрука дзесьці ў сонечных промнях. Суцэльнае панаванне жыцця і тут жа — страшнае і незваротнае «больш няма». Бо маладога хлопца з машыны, якая ўрэзалася спачатку ў наш аўтобус, а потым у прыдарожнае тоўстае дрэва, ужо не было. Яго з легкавіка, больш падобнага на сплясканую бляшанку, ратавальнікі выразалі аўтагенам. У яго быў акрываўлены твар, а рукі, якія бязвольна звіслі з насілак, былі празрыста-белыя, з тонкімі сінімі жылкамі.


Яго панеслі, а мы так і стаялі ля свайго аўтобуса — гора-турысты, якія не даехалі да Кракава. Аўтобус быў разбіты ўшчэнт: ад удару ў ім высыпаліся ўсе шыбы, лопнула пярэдняе кола, быў скурочаны ўвесь перад. У глыбокі кювет мы не пакаціліся толькі цудам — выратавала тое самае кола, што лопнула: машына трывала «села» на асфальт. Калі б не гэта — спалохам, сінякамі ды драпінамі наўрад ці ўсё б абышлося. А так мы стаялі пад сакавіцкім блакітным небам — перапужаныя, у чужой краіне сярод чыстага поля, але — жывыя, а яго, накрытага з галавой, неслі ў машыну «хуткай», і белыя бездапаможныя рукі хісталіся ў такт хады санітараў...

Пасля шоку прыйшло разуменне, чаго ўдалося пазбегнуць, і ад гэтага стала яшчэ горш. Праз нейкі час нахлынула адчуванне палёгкі і шчасця, і мы ўсе, у нейкай незвычайнай эйфарыі гаварылі-гаварылі, не могучы спыніцца, не слухаючы адно аднаго. Пра дрэнную дарогу, пра тое, на чым ехаць далей, пра лёс (дзякуй богу, яшчэ не суджана было). Пра хлопца, якога гэты самы лёс не пашкадаваў. (Знаў бы дзе павалішся, саломкі б падаслаў. А яго, небараку, бач як на трасе занесла.) Потым, калі паліцэйскія замералі тармазны шлях, якога ў прынцыпе і не было, калі дасталі з разбітай машыны спідометр, стрэлка якога застыла на адзнацы сто шэсцьдзясят, пра лёс ужо не гаварылі. Хмура назіралі за тым, як разгублена хадзілі ля таго дрэва сябры «гоншчыка», што прыехалі праз гадзіну пасля здарэння. (Пасля мы даведаліся, што загінулы хлопец, аб'язджаючы новую машыну, пабіўся з імі аб заклад, што выцісне максімальную хуткасць.) А калі прыехалі яго бацькі, і маці, заломваючы рукі, зазірала нам у вочы і роспачна пыталася: «Як то было?», адна жанчына з нашых не вытрымала: «Як то было? Ваш сын ледзьве не забіў усіх нас — вось як то было!»...

З таго часу, чытаючы зводкі аб дарожна-транспартных здарэннях, я ў агульнай фразе пра колькасць ахвяр заўжды стараюся раздзяліць іх на ўласна ахвяр і на забойцаў. Таму што вельмі, вельмі рэдка ў аварыі вінаватыя «непераадольныя абставіны». Часцей за ўсё вінаватыя канкрэтныя асобна ўзятыя людзі. І няважна, што стала прычынай іх віны — выпітае спіртное, жаданне злавіць адрэналін, выціснуўшы педаль газу да максімуму, няўважлівасць або самаўпэўненасць — ад статусу забойцы гэта іх, па сутнасці, не вызваляе. Нават калі яны гінуць толькі самі, бо яны ж не думаюць такім чынам скончыць жыццё самагубствам, яны проста няўцямна, знянацку забіваюць чалавека — самога сябе. Часта разам з сабой яны цягнуць на той свет сваіх родных людзей, не нашмат радзей — людзей чужых, абсалютна незнаёмых і вінаватых толькі ў тым, што апынуліся з «гоншчыкам» у адным месцы ў адзін час...

Мы апошнім часам вельмі шмат гаворым пра тое, як папярэдзіць аварыі, як даць рады тым, хто п'яным садзіцца за руль або перавышае хуткасць. Пра штрафныя балы, вялікія грашовыя пакаранні, забіранне правоў. А я б у дадатак да ўсіх мер яшчэ і налепку на лабавое шкло парушальнікам наклейвала. З бачнымі здалёк літарамі, прыклееную так, каб і зубамі не ададраць. І надпіс на ёй які-небудзь страшны (як на пачках з цыгарэтамі навучыліся рабіць) накшталт «Сцеражыцеся! Я магу вас забіць!». Ці сеў бы хто ў машыну да такога? Ці захацеў бы сесці ў яе ён сам?

А пра тую даўнюю аварыю я вось чаму ўспомніла. Днямі былі агучаны папярэднія вынікі расследавання ДТЗ, у якім загінуў варатар футбольнага клуба «Віцебск», яго жонка і шасцігадовы сын. Па вячэрняй зімовай трасе машына, у якой знаходзілася двое малых дзяцей, імчала з хуткасцю 113 (!) кіламетраў у гадзіну, у выніку заносу выехала на сустрэчную паласу і ўрэзалася ў эвакуатар. Пры гэтым, як далікатна адзначае прадстаўнік следства, загінулы кіроўца хуткасны рэжым не парушаў — ехаць па той трасе можна аж на сем кіламетраў у гадзіну больш... Толькі наўрад ці гэты факт калі-небудзь стане суцяшэннем для трохгадовага сына футбаліста, які цудам застаўся жывым у той смяротнай гонцы.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.