Вы тут

Інтэрнэт — зона рызыкі ці камфортных пакупак?


Па стане на 1 студзеня гэтага года ў гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь было зарэгістравана 19 400 інтэрнэт-крамаў. За 2018 год іх колькасць павялічылася на 20 працэнтаў. Доля інтэрнэт-гандлю ў агульным тавараабароце складае зараз 3,4 працэнта. Улічваючы агульнасусветную тэндэнцыю інтэнсіўнага развіцця гандлю ў сеціве, Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў было вырашана правесці ў Беларусі пад дэвізам «Абарона спажыўца ў эпоху разумных тэхналогій».


— Сярод тавараў, якія беларусы набываюць праз інтэрнэт-крамы, на першым месцы — бытавая тэхніка і электроніка, на другім — аўтатавары, а на трэцім — тавары для прыгажосці і здароўя, — расказала на сустрэчы з журналістамі начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іна ГАЎРЫЛЬЧЫК. — Яшчэ адна агульнасусветная тэндэнцыя, характэрная і для нашага рынку: усё часцей пакупнікі для набыцця тавараў праз інтэрнэт выкарыстоўваюць уласныя смартфоны.

Па даных міжнародных даследаванняў, адной з глабальных праблем інтэрнэт-гандлю з'яўляецца давер да прадаўца.

«Спажыўцу вельмі важна ведаць, хто прадае яму тавар, а калі такой інфармацыі на сайце няма, то я б катэгарычна не раіла здзяйсняць там пакупкі, — падкрэслівае Іна Гаўрыльчык. — Для спажыўца важна, ці чуе яго прадавец, ці адказвае кампетэнтна на ўсе пытанні, якія яго цікавяць, ці тэлефануюць яму своечасова, ці гатовы разглядаць прэтэнзіі і скаргі. Прасцей кажучы, пакупнік хоча быць упэўнены з тым, што яго права на вяртанне грошай за няякасны тавар будзе забяспечана прадаўцом. Мушу заўважыць, што яшчэ некалькі гадоў таму спажыўцы сумняваліся ў тым, што ім удасца потым знайсці прадаўца, ды і самі прадаўцы лічылі, што ніхто іх не знойдзе і адказнасці яны не нясуць. Але дзякуючы змяненням, што былі ўнесены ў заканадаўства, удалося віртуальны свет наблізіць да рэальнага і забяспечыць абарону правоў спажыўцоў».

Вельмі важным крокам стала стварэнне Гандлёвага рэестра і абавязковая рэгістрацыя ў ім усіх суб'ектаў гаспадарання, якія працуюць у інтэрнэце. Цяпер, калі спажывец зацікавіўся таварам у той ці іншай інтэрнэт-краме, ён можа самастойна праверыць, ці працуе яна на законных падставах. Для гэтага дастаткова зайсці на сайт МАРГ, знайсці ўкладку «Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь», зарэгістравацца і атрымаць інфармацыю, ці ёсць такі прадавец у яго базе.

На сайце інтэрнэт-крамы павінна прысутнічаць назва арганізацыі (прадаўца), юрыдычны адрас, кантактныя тэлефоны, рэжым працы, поўная інфармацыя аб тавары, якая дазваляе спажыўцам зрабіць усвядомлены выбар, цана на тавар, гарантыйны тэрмін, умовы аплаты, тэрміны, умовы, а таксама кошт дастаўкі тавару.

Іна Гаўрыльчык звярнула ўвагу на важную акалічнасць: інтэрнэт-прадавец абавязаны забяспечыць магчымасць дыстанцыйнага пералічэння сродкаў. Па законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» у пакупніка павінен быць выбар: ён можа разлічвацца ў наяўнай ці безнаяўнай форме.

— І калі прадавец адмаўляецца ад атрымання грошай па безнаяўным разліку (аплатай па банкаўскай картцы), то я рэкамендавала б спажыўцу задумацца над тым, ці варта мець справу з такім прадаўцом, таму што гэта з'яўляецца прыкметай нядобрасумленных паводзінаў, у тым ліку ў адносінах да пакупніка, — папярэджвае спецыяліст. — І майце на ўвазе, што забараняецца ўстанаўліваць розныя цэны і тарыфы ў залежнасці ад формы аплаты тавару. На жаль, некаторыя прадаўцы спрабуюць увесці пакупнікоў у зман і кажуць ім, што пры безнаяўнай форме аплаты кошт тавару будзе вышэйшы. Гэта парушае дзеючае заканадаўства.

Да таго ж на сайце інтэрнэт-крамы павінен у абавязковым парадку размяшчацца ўзор дакумента, якія пацвярджае факт набыцця тавару: выява ці фота касавага чэка. Паглядзіце ўважліва, які суб'ект гаспадарання там напісаны, а пры продажы вам тавару паглядзіце ў свой чэк: ці той жа суб'ект прадаў вам заказаны на сайце тавар.

Сёння на многіх замежных інтэрнэт-рэсурсах актыўна рэкламуюцца тавары, рэалізацыя якіх праз інтэрнэт забаронена на тэрыторыі нашай краіны. «Ніколі не купляйце лекі і БАДы ў інтэрнэце, — раіць Іна Гаўрыльчык, — таму што ніхто не можа гарантаваць іх бяспечнасць. Набываючы такі тавар, вы сур'ёзна рызыкуеце не толькі сваімі грашыма, але і здароўем, і нават жыццём. Незаконным з'яўляецца і продаж тавараў праз сацыяльныя сеткі. Інтэрнэт-крамы могуць рэкламаваць сябе ў сацыяльных сетках, але ў такой рэкламе абавязкова павінна прысутнічаць гіперспасылка на сайт інтэрнэт-крамы, які працуе ў нацыянальным сегменце сеткі інтэрнэт. Апошнім часам пачасціліся скаргі на тавары, набытыя ў сацыяльных сетках. Але ў гэтым выпадку прадаюць не інтэрнэт-крамы, а фізічныя асобы. І на такія здзелкі не распаўсюджваецца закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Справу можна вырашыць толькі ў судзе. Але часцей за ўсё, пасля здзяйснення здзелкі прадавец перастае адказваць на званкі, напэўна, уносячы тэлефон пакупніка ў чорныя спісы».

Карыснай для спажыўцоў будзе і наступная інфармацыя. Згодна з рэкламным заканадаўствам распаўсюджванне рэкламы з дапамогай мабільнай сувязі і электроннай пошты дапускаецца толькі са згоды абанента ці адрасата на яе атрыманне. Рэкламная рассылка можа адбывацца ў «Вайберы», «Твітэры» і іншых месенджарах. Здараецца, што пакупнік пагаджаецца на атрыманне рэкламы, а потым яго рашэнне змяняецца, ці ён проста забываецца, што даў згоду, напрыклад пры запаўненні анкеты на бонусную картку. «Майце на ўвазе: калі рэкламадаўца кажа, што не можа адключыць канкрэтнага спажыўца ад рассылкі рэкламы, ён кажа няпраўду, — звяртае ўвагу Іна Гаўрыльчык. — Па першым патрабаванні спажыўца рэкламадаўца абавязаны адключыць рэкламную рассылку, прычым у заканадаўстве не агаворваецца, у якой форме павінна быць агучана такое патрабаванне. А гэта азначае, што дастаткова і тэлефоннага званка...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.