Вы тут

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг


Новае назначэнне чэкаў «Жыллё», магчымасць перавесці арэнднае жыллё ў сацыяльнае, упаўнаважаныя асобы для кіравання агульнай маёмасцю, дазвол на пахаванне на закрытых могілках і іншыя змены чакаюць беларусаў у новых рэдакцыях некаторых законаў краіны. Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі, расказаў Юрый ДАРАГАКУПЕЦ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве.


Чэкі на жыллё

Чарговая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, які прынялі восем гадоў таму, — гэта фактычна настольная кніга на 265 старонак. Вясной яго разгледзяць у другім чытанні і, пэўна, ён будзе прыняты, спадзяецца старшыня.

З новага дакумента, у прыватнасці, выдаляць норму, якая датычыцца прыватызацыі жылля. Паколькі з 1 ліпеня 2016 года такая магчымасць была спынена, то ў новым дакуменце не павінна быць раздзела адносна пытання, якое ўжо не існуе, лічыць Юрый Дарагакупец:

— Грамадзяне дагэтуль намагаюцца рэалізаваць чэкі «Жыллё», якія яны не маглі выкарыстаць у свой час. Мы вернемся да гэтага пытання, калі будзем разглядаць закон пра імянныя прыватызацыйныя чэкі. Камісія хоча прапанаваць пашырыць сферу дзеяння чэкаў «Жыллё», бо асабліва шмат просьбаў паступае ад састарэлых людзей, якія хочуць выкарыстаць свае чэкі на рэканструкцыю кватэры: правесці газ, адрамантаваць дах, замяніць вокны... Аднак гэтыя людзі не падпадаюць пад палажэнне, што дазваляе прызнаць іх асобамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Тым не менш яны заслужылі нейкія прэферэнцыі ад дзяржавы. Магчыма, хоць бы некаторыя катэгорыі вызначаць.

Разам з тым дэпутат адзначыў пасіўнасць людзей падчас грамадскага абмеркавання Жыллёвага кодэкса. У камісію паступіла больш як 400 прапаноў. Больш сотні з іх — ад дэпутатаў, і толькі 14 — ад 12 грамадзян. Для параўнання, пры абмеркаванні праекта закона аб абыходжанні з жывёламі прапаноў было больш як 1100.

Упаўнаважаны на кіраванне за 3,2 капейкі з метра

Закон аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні на наступнай сесіі. Пры гэтым, каб паскорыць працэс, ужо створана рабочая група для падрыхтоўкі гэтага дакумента да другога чытання.

Адно з галоўных новаўвядзенняў закона — стварэнне ўпаўнаважанай асобы па кіраванні агульнай маёмасцю. Такога чалавека пасля прафесійнай падрыхтоўкі і навучання будуць прызначаць мясцовыя органы кіравання. Жыхары могуць адмовіцца ад прызначэння ўпаўнаважанага, аднак тады ім прыйдзецца ствараць у доме таварыства ўласнікаў, каб іх інтарэсы прадстаўляў старшыня.

— Такая прапанова ўносіцца дзеля таго, каб маёмасць дамоў, дзе не існуе ніякага кіравання, нейкім чынам даглядалася. Самае цікавае, што гэты законапраект працуе і цяпер, аднак жыхары чамусьці не карыстаюцца яго магчымасцямі, — заўважыў старшыня камісіі.

Мяркуецца, што ўпаўнаважаная асоба ад імені грамадзян будзе заключаць дагаворы з арганізацыямі, якія аказваюць паслугі, і зможа адстойваць інтарэсы ўласнікаў нават у судзе. Пры гэтым дагаворы, што былі заключаны з грамадзянамі раней, не трэба будзе перарабляць нанова. Нягледзячы на тое, што такая пасада стане пэўным дадатковым звяном, дэпутаты спадзяюцца, што яе стварэнне спросціць жыццё людзей.

Плануецца, што чалавек будзе займаць толькі пасаду ўпаўнаважанага і атрымліваць зарплату, а не сумяшчаць работу з асноўнай, як гэта часта робіцца цяпер, калі за агульнай маёмасцю вызначаюць сачыць некага з работнікаў ЖКГ. Пры гэтым у адной асобе не павінны спалучацца і ўпаўнаважаны, і той, хто абслугоўвае жыллё.

— На пасадзе ўпаўнаважанай асобы павінен быць чалавек, які будзе займацца толькі пэўным жыллём, — мяркуе Юрый Дарагакупец. — Міністэрства ЖКГ прапаноўвае плаціць такім людзям зыходзячы са сродкаў, якія плаціць насельніцтва. Калі асобным радком будуць прапісаны адлічэнні на ўтрыманне гэтай асобы, то можна зменшыць нейкія іншыя затраты, напрыклад на тэхабслугоўванне. Або расходы гэтыя ўлічаць пры чарговым штогадовым павышэнні камунальных паслуг на пяць долараў.

Цяпер у сталіцы працуе 620 упаўнаважаных асоб. Калі пералічыць сярэдні заробак у тысячу рублёў, які ўстанавіў кіраўнік дзяржавы, на квадратныя метры, атрымаецца, што кошт гэтай паслугі на кожны метр складзе 3,2 капейкі. Іх і прапануецца вычленіць з кошту іншых паслуг, удакладніў ён.

Чарга, арэнда, высяленне

Замацоўваецца палажэнне пра немагчымасць высялення з жылля членаў і былых членаў сям'і ўласніка, якія на момант прыватызацыі пражывалі з ім, аднак не ўдзельнічалі ў прыватызацыі. Тое ж датычыцца і членаў сям'і ўласніка жылля, якое было збудавана з дзяржпадтрымкай.

— Яны не могуць застацца без жылля, — упэўнены старшыня камісіі. — Часта пры скасаванні шлюбу і падзеле маёмасці жыллё дастаецца таму, на каго былі аформлены правы ўласнасці пры будаўніцтве, і другі бок застаецца ні з чым. Прыняцце новай нормы дазволіць абараніць правы былой паловы. А таксама дзяцей, якім у жыллі дастануцца пэўныя долі.

Разам з тым, чалавека, які жыве ў інтэрнаце і не ўтрымлівае жылплошчу ў належным стане, могуць выселіць.

Адна з асноўных змен кодэкса закране арэнднае жыллё. Людзі, якія пражываюць у такіх памяшканнях, аднак маюць права на сацыяльнае жыллё, змогуць перавесці арэнднае жыллё ў сацыяльнае. Праўда, толькі аднойчы.

Пра пахаванні, цыгарэты і маладажонаў

Закрануў старшыня камісіі і тэму пастаяннага павелічэння колькасці сталічных жыхароў за кошт прыезджых з рэгіёнаў:

— Раней чалавек, які прыязджаў на работу ў сталіцу, жыў, як правіла, у інтэрнаце, прычым нават дзесяцігоддзямі. І гэта было прымальна. Цяпер той, хто прыязджае ў сталіцу, адразу набывае жыллё, калі ёсць грошы. Аднак абмежаванні павінны быць. Мы ж усе кадры забіраем з вёскі, а хто будзе карміць сталіцу праз 50 гадоў?!

Дарэчы, сужэнцы, якія пабраліся шлюбам упершыню, згодна з новымі зменамі, могуць трапіць у чаргу асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў толькі тады, калі ў іх адсутнічае маёмасць не толькі ў сталіцы, але і ў Мінскім раёне.

Пры атрыманні даведак, што даюць падставу лічыцца асобамі, якія маюць патрэбу ў жыллі, будзе разглядацца, якой якасці жыллё у іх ёсць, ці адпавядае яно санітарным нормам і правілам, ці прыдатнае яно для жыцця. І ў кожным выпадку падыходзіць трэба індывідуальна. Пры гэтым метраж падлічвацца, пэўна, будзе па нормах у 10 квадратных метраў на чалавека ў Мінску і па 15 — на раёне, мяркуе Юрый Дарагакупец.

У новым Жыллёвым кодэксе пашыраюць таксама пералік абавязкаў наймадаўцаў памяшканняў, арганізацый-забудоўшчыкаў і тых, што абслугоўваюць жыллё. Больш дакладна прапісваюць паўнамоцтвы мясцовых органаў улады і шмат іншага.

Зменамі ў Закон аб пахаванні і пахавальнай справе ўносіцца норма, якая афіцыйна забараняе іншыя формы пахаванняў, акрамя захавання ў зямлю ці спальвання ў крэматорыі і размяшчэння урны ў калумбарыі. Развейваць прах забаронена.

У новы закон хочуць увесці яшчэ норму, якая, па рашэнні мясцовых распарадчых органаў улады, дазволіць хаваць людзей на могілках, якія ўжо закрытыя. Калі магчымасці дазваляюць пашырыць межы могілак, лепш тут хаваць, чым арганізоўваць новае месца для пахавання, лічыць Юрый Дарагакупец.

Ён акрэсліў і асноўныя змены, якія прадугледжаны Дэкрэтам № 2, што датычыцца антытытунёвага заканадаўства. З 1 студзеня 2020 года прадаваць цыгарэты ў крамах плошчай ад 1000 метраў можна будзе толькі ў спецыяльных аддзелах. А з 1 студзеня 2022-га — знікнуць і палічкі з тытунёвымі вырабамі, якія цяпер знаходзяцца каля месцаў касіраў.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Жыллёвыя ўмовы на новы лад

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.