Вы тут

Пацярпелых ад выбуху гранаты ў Печах выпішуць праз тыдзень


14 сакавіка падчас вучэбных заняткаў у навучальным цэнтры ў Печах адбылося надзвычайнае здарэнне. Радавы тэрміновай службы выпусціў з рук у акоп гранату РГД-5. Кіраўнік заняткаў, старшы лейтэнант Дзмітрый Філіповіч, выкінуў салдата з акопа і прыкрыў яго сваім целам. Абодва ваеннаслужачыя атрымалі раненні ў ногі.


- Зараз стан пацыентаў стабільна здавальняючы,  - кажа палкоўнік медыцынскай службы, вядучы хірург медыцынскай часці 432-га галоўнага ваеннага клінічнага цэнтра Аляксей Трухан. - Яны знаходзяцца пад назіраннем урачоў Рэспубліканскага цэнтра па лячэнні пацыентаў з агнястрэльнымі раненнямі і мінна-выбуховымі траўмамі. У нас ёсць усе ўмовы для лячэння пацыентаў з такой паталогіяй.

Мяркуецца, што ў шпіталі пацыенты прабудуць каля тыдня, пасля чаго здолеюць працягваць ваенную службу. Раны ў іх пераважна на нагах. Яны паверхневыя, ніякай пагрозы для жыцця не ўяўляюць. Тыднёвая вытрымка неабходна таму, што ўсе агнястрэльныя раненні па змоўчанні лічацца інфікаванымі. Рызыка развіцця ўскладненняў пры іх вышэйшая. Таму пацыенты атрымліваюць антыбактэрыяльную тэрапію і за імі вядзецца назіранне.

...У руках Дзмітрыя Філіповіча – бронекамізэлька са слядамі ад удараў. Менавіта яна прыкрыла афіцэра ад асколкаў РГД-5. Але, на жаль, не да канца. Афіцэр кульгае, але стараецца трымацца бадзёра. Дома яго чакаюць жонка і двое дзяцей. Тэлефон яго ўчора не змаўкаў амаль да адбою.

- Гэта здарылася раніцай, - згадвае Дзмітрый Філіповіч. - Былі планавыя заняткі па кіданні наступальных і абарончых гранат. У маім падначаленні былі 52 чалавекі. Давялося дзейнічаць па сітуацыі. Памятаю толькі, як я апынуўся на сваім падначаленым. Першае, што прыйшло ў галаву, - ці цэлы салдат? Пра сябе неяк і не думаў. У падсвядомасці яшчэ з салдацкіх часоў быў алгарытм, як дзейнічаць, калі нешта падобнае здарыцца. Вось упершыню і давялося прымяніць гэта на практыцы. Праз паўгадзіны пасля таго, што здарылася, патэлефанаваў жонцы. Сказаў, што адбылося надзвычайнае здарэнне і што я жывы.

Старшы лейтэнант выратаваў радавога Паўла Бацяноўскага. Хлопцу 24 гады, ён родам з Мінска. Мае вышэйшую адукацыю – спецыяліст прамысловай справы, магістр кіравання і эканомікі. На тэрміновай службе прабыў зусім мала – яго прызвалі 26 лістапада. Трапіў у падпарадкаванне да Дзмітрыя Філіповіча. Афіцэр робіць асобны акцэнт на тым, што ўся складанасць практыкавання была ў тым, што граната-та баявая. Часам, калі яе бяруць у рукі салдаты, у іх пачынаецца мандраж. Так адбылося і ў чацвер.

- Я і сам не разумею, што ж магло пайсці не так, - кажа салдат. Да таго мы кідалі вучэбныя гранаты. Баявую ўзяў у рукі ў першы раз. Зрабіў замах, а калі стаў кідаць, то зразумеў, што гранаты ў руцэ і няма. Спалохацца я не паспеў. Старшы лейтэнант адрэагаваў вокамгненна. За гэта яму велізарны дзякуй. Толькі пасля таго, як я ўсвядоміў, што ж магло адбыцца, то быў у шоку.

Афіцэр і салдат знаходзяцца ў адной палаце. Кажуць, што доўга абмяркоўвалі тыя падзеі, якія прывялі іх на бальнічныя койкі. Але бачна, што Павел Бацяноўскі вельмі разгублены і збянтэжаны...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.