Вы тут

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў


Сакавік для школьнікаў — той час, калі трэба вызначацца з выбарам будучай альма-матар. Хтосьці вырашае звязаць сваё жыццё з войскам яшчэ падлеткам і спрабуе паступіць у Мінскае Сувораўскае ваеннае вучылішча. Іншыя выбіраюць у ваенныя ВНУ або адпаведныя факультэты ў грамадзянскіх універсітэтах.


Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. Конкурсны адбор у вучылішча істотны. Але і вучыцца там больш складана, чым у звычайнай школе — жорсткі рэгламент часу, спецыфіка вайсковых прадметаў і вялікая ўвага да фізічнай падрыхтоўкі. Паколькі большасць сувораўцаў звязвае сваю дзейнасць з сілавымі структурамі, то мяркуецца, што яны павінны быць усебакова развітыя. У тым ліку — і ў творчым складніку.

...Яўген Давыдоўскі родам са Стоўбцаў. Ён вучыцца ў сувораўскім другі год. Сёлета перамог у патрыятычным творчым конкурсе, які праводзіўся ў вучылішчы. Пісаў сачыненне па-беларуску.

— Мой дзед быў вайскоўцам, і гэта натхніла мяне на тое, каб самому стаць у армейскія шэрагі. Вось толькі паступіць сюды было вельмі няпроста. Спярша мы праходзілі медыцынскі агляд, пасля здавалі псіхалагічны тэст. А паколькі я вучыўся ў школе нядрэнна, то здаць іспыты па матэматыцы і мове было зусім няцяжка. Самае галоўнае, чаму я навучыўся за гэты час, — самастойнасці асабістага жыцця. Праўда, доўга ўцягваўся ў распарадак дня. Пад'ём — абавязкова а сёмай раніцы, нягледзячы ні на што. Пасля — зарадка, умыванне, прыбіранне ложка, сняданак — і ўрокі.

Сябе Яўген бачыць пасля вучылішча лётчыкам. Для гэтага ўжо цяпер на паглыбленым узроўні вучыць фізіку і матэматыку. Добрыя адзнакі заахвочваюцца — за поспехі ў вучобе хлопцаў узнагароджваюць звальненнем на выхадныя.

— Звычайна мы ходзім у звальненні раз на два тыдні. Крайні тэрмін для вяртання — пяць гадзін вечара ў нядзелю. Вядома, прыязджаюць і бацькі да мяне, але ўсё-такі часцей я сам езджу ў Стоўбцы. І часам лаўлю позіркі на сабе, калі іду ў форме дадому з вакзала. Але нават калі звальнення няма, то для нас створана шырокая культурная праграма. Кожны раз мы абавязкова кудысьці ходзім — у музеі, паркі, на выстаўкі...

З Вячаславам Дзергачовым, які таксама вучыцца на другім курсе сувораўскага, мы гутарым па-беларуску. Хлопец раней вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі ў Чэрвені, падцягваў свае веды самастойна.

— Аднойчы ўвечары я сёрфіў па інтэрнэце. І вось убачыў недзе аб'яву, што прыкладна праз месяц у сувораўскім вучылішчы будзе дзень адкрытых дзвярэй. Адразу пачаў распытваць дзядулю і бабулю, ці былі ў маёй сям'і ваенныя. Даведаўся, што толькі мой прадзед ваяваў падчас Вялікай Айчыннай. І так я вырашыў, што буду першым ваенным у сям'і. З розных крыніц здабываў інфармацыю аб тым, як туды паступаць і як там вучацца. Давялося падцягваць фізічную падрыхтоўку. Напрыклад, раней у мяне былі цяжкасці з падцягваннямі. Цяпер жа для мяне падцягнуцца адзінаццаць разоў — проста. Бацькі паставіліся да майго выбару станоўча, але папрасілі сур'ёзна ўзважыць усе «за» і «супраць».

Да нас перыядычна прыходзяць з вышэйшых ваенных навучальных устаноў і расказваюць пра вучобу ў іх. Больш за ўсё мяне вабяць проціпаветраная абарона і сілы спецыяльных аперацый. На гэта паўплывалі многія фільмы. Але я разумею, што там вучыцца вельмі няпроста. Мы пастаянна займаемся баявой падрыхтоўкай. Напрыклад, акрамя страявой, мы ходзім у цір, страляем з аўтаматаў або пісталетаў. На гадзіну практыкі прыпадаюць дзве тэорыі.

Міхаіл Печуроў, які паступіў у вучылішча летась, — суворавец у трэцім пакаленні. Тут вучыліся яго дзед і бацька. Пазней яны сталі мотастралкамі. У гэтай спецыяльнасці бачыць сябе і Міхаіл.

— Я ведаю тактыка-тэхнічныя характарыстыкі аўтамата Калашнікава, пісталета Макарава. Навучыўся збіраць і разбіраць іх. Ды і прадметы выкладаюцца на зусім іншым узроўні, чым у школе. Таму патрабаванні больш жорсткія. А яшчэ дзейнічае сістэма залікаў! На самастойную падрыхтоўку нам адводзіцца тры гадзіны. Калі не падрыхтуешся — то атрымаеш дрэнную адзнаку і аўтаматычнае пазбаўленне звальнення.

Напрыклад, у звычайнай школе нам ставілі адзнакі па фізкультуры за тое, што мы гулялі ў футбол. Тут жа — поўны комплекс. Залік па фізкультуры мы здаём кожныя два тыдні. У яго ўваходзяць падцягванне, скачок у даўжыню, адцісканне,  вольныя практыкаванні...

Наступны дзень адкрытых дзвярэй у Сувораўскім вучылішчы пройдзе 23 сакавіка.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Суворавец — гучыць з гонарам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.