Вы тут

Што зменіцца ў сістэме ваеннай адукацыі?


Да пачатку ўступнай кампаніі застаецца зусім няшмат часу. Цэнтралізаванае тэсціраванне пачнецца ўсяго праз тры месяцы. Напярэдадні гэтага ў Мінабароны расказалі пра змены, якія адбудуцца ў сістэме ваеннай адукацыі.


Ваенныя кафедры стануць агульнымі?

У буйных універсітэтах з савецкіх часоў захаваліся ваенныя кафедры. У студэнтаў яны вельмі папулярныя. Яно і нядзіўна — навучанне на кафедры залічваецца ў тэрмін ваеннай службы пасля атрымання дыплома. Прычым тут ёсць ажно два варыянты.

Калі студэнт вучыўся на такой кафедры адзін год, то тэрмін яго службы пасля атрымання дыплома скароціцца да шасці месяцаў, паколькі ваенную спецыяльнасць ён ужо атрымаў. Калі ж ён пераходзіць на другі год па жаданні, стане здароўя і высокай паспявальнасці, то пасля заканчэння навучання яму прысвойваецца званне лейтэнанта запасу. Але калі ваеннай кафедры ў альма-матар няма, то і выбару ў студэнта таксама няма, — стаўшы дыпламаваным спецыялістам, ён адправіцца спасцігаць ваенную навуку ў армію на год. Калі, вядома, яго прызнаюць прыгодным да службы. Гэты крытэрый, а таксама паспяховасць і з'яўляюцца краевугольнымі падчас залічэння на ванныя кафедры.

— Цяпер у Міністэрстве адукацыі прапрацоўваецца праект указа аб сеткавай падрыхтоўцы, — адзначыў начальнік упраўлення ваеннай адукацыі Мінабароны Ігар Слуцкі. — Ён дазволіць навучаць студэнтаў не толькі той ВНУ, дзе ёсць ваенная кафедра як штатная структура, але і іншых устаноў адукацыі. Справа ў тым, што адкрыць ваенную кафедру ў кожным універсітэце праблематычна і вельмі дорага.

Такая схема ўжо паспяхова зарэкамендавала сябе ў Расіі. Чакаецца, што на подпіс кіраўніку дзяржавы дакумент паступіць сёлета. Але змяненні закрануць і тыя ваенныя кафедры, якія ўжо працуюць ва ўніверсітэтах. Заняткаў адчувальна прыбавіцца.

— Мы ўнеслі змены ў сумесную пастанову міністэрстваў абароны і адукацыі аб парадку работы ваенных навучальных устаноў па падрыхтоўцы афіцэраў запасу і малодшых ваенных камандзіраў, — працягвае Ігар Слуцкі. — Час навучання павялічыцца да 200 гадзін. Гэта значыць, набор на ваенныя кафедры будзе пачынацца на паўгода раней. Колькасць месцаў будзе вызначацца, зыходзячы з патрэбнасці.

Штогод прызыў закранае сто афіцэраў запасу, якія правучыліся два гады на ваеннай кафедры. Цікава, што прыкладна трэць з іх застаецца на кантрактную службу.

А вось ці будуць студэнтаў падчас летніх вакацый адпраўляць на зборы, пакуль невядома. Будучым летам гэтага не будзе дакладна.

— Такая прапанова нам пакуль не паступала, — сцвярджае Ігар Слуцкі. — Але калі і з'явіцца, то вырашацца будзе далёка не адным ведамствам. Мабыць, гэта работа нават не аднаго года.

Лічбы набору вызначаць у сакавіку

Цяпер вярстаецца праект загада міністра абароны, дзе фарміруюцца кантрольныя лічбы набору. Да 1 красавіка гэты загад будзе падпісаны. Там дакладна будуць пазначаны колькасныя паказчыкі па кожнай спецыяльнасці, спецыялізацыі, кірунку спецыяльнасці. Яны будуць выкладзены ў адкрыты доступ. Тады ж будзе вядома, ці чакаць сёлета набору дзяўчат у Ваенную акадэмію.

Прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія жадаюць паступаць у ваенныя навучальныя ўстановы Беларусі, пачаўся ў ваенкаматах з 1 студзеня. Пакуль што ідзе папярэдні прафесійны адбор. Па яго выніках 11 красавіка стартуе канчатковы адбор. І толькі тыя, хто прайшоў праз гэтую працэдуру, пойдуць здаваць уступныя іспыты.

Экспарт і імпарт адукацыі

Таямніцы вайсковай навукі спасцігаюць у Беларусі і курсанты-іншаземцы. Напрыклад, за 24 гады існавання Ваеннай акадэміі праз яе прайшлі амаль паўтары тысячы замежнікаў. Геаграфія даволі шырокая.

— Асноўныя краіны — Венесуэла, Казахстан, В'етнам, Кітай, — пералічвае намеснік начальніка па вучэбнай рабоце Ваеннай акадэміі Уладзімір Суша. — Тыя спецыялісты, якія рыхтаваліся ў краінах сацыялістычнага лагера ў свой час, дасягнуўшы кіруючых пасад, памятаюць пра сістэму падрыхтоўкі, таму адпраўляюць сваіх падначаленых да нас і цяпер.

А вось беларускія вайскоўцы навучаюцца ў межах АДКБ толькі ў Расіі. І зрабіць гэта можна хіба па кантракце, які заключаецца па дамоўленасці паміж міністэрствамі абароны дзвюх краін. Вучыцца такім чынам няшмат курсантаў — усяго каля 400 чалавек. Ды і тое па спецыяльнасцях, па якіх навучанне ў Беларусі эканамічна немэтазгоднае з-за вельмі малой колькасці слухачоў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».