Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Баранкі


Сярод герояў «Вёсак» мне пашанцавала пазнаёміцца са Сцяпанам Грачанікам. Пашанцавала, бо не часта сустрэнеш чалавека, такога ўлюбёнага ў сваю мясціну. Родную вёску і наваколле ён называе раем. А яшчэ свой маленькі рай Сцяпан Пятровіч уладкаваў не толькі на ўласным падворку, але і за ім.


Калгасная гісторыя

Зрэшты, па парадку. З'ездзіць у Баранкі прапанавала старшыня Відамлянскага сельскага Савета Марына КАРАЛЮК. З аднаго боку, вёску не назавеш знікаючай. Тут дзейнічае аграсядзіба, на падыходзе — другая. А з другога... засталося менш за дзясятак сталых жыхароў, пяць пажылых пенсіянераў і сужэнцы Грачанікі. Гаспадары аграсядзібы хоць і зарэгістраваныя ў населеным пункце, прыязджаюць найбольш на банкеты, якія праходзяць у сядзібе. Летам, праўда, многа дачнікаў, нашчадкі былых гаспадароў вывозяць уласных дзяцей на свежае паветра. Але ж, паводле разважанняў Сцяпана Грачаніка, дачнікі вёску не выратуюць. Яе могуць адрадзіць толькі пастаянныя жыхары, якія не баяцца працаваць на зямлі. Так было спакон веку. У гэтай вёсцы жылі бацька і маці Сцяпана, яго дзед, прадзед.

А недзе на рубяжы 50—60-х гадоў, паводле расказу Сцяпана Пятровіча, гаспадарку асабістую забаранілі, агароды адабралі, надзелы абрэзалі ледзь не па вокны. Бацька тады пайшоў у Камянец працаваць на будоўлю. Раз на тыдзень ці нават два не прыязджаў начаваць, бо ў гадзіну ночы займаў чаргу па хлеб. Каб яго купіць да працы, трэба было стаяць з ночы. А свой пячы гаспадыні ўмелі, ды не было з чаго, жыта сеяць не дазвалялася.

— Кукурузу па загадзе Хрушчова сеялі паўсюль, — успамінае гаспадар. — У нашым калгасе яна такая розная была: на калгасным полі па калена вырастала, а на былых людскіх надзелах ледзь не на тры метры ўздымалася. Бо зямля добра вырабленая, падсілкаваная арганікай. Тут уздоўж Лясной такія сенажаці былі, хоць ты гарбату заварвай. Потым касіць перасталі, пачалі вясной паліць сухую траву. Варта было некалькі разоў спаліць, аднагадовыя травы больш не раслі, папёр адзін чарот, які цяпер і разросся спрэс... А раней сенакосу людзям не давалі. Уявіце сабе, нехта тайком накосіць каля рэчкі і не паспее вывезці копку сена адразу, дык брыгадзір убачыць, паднясе запалку і тое сена спаліць. Вось так чалавека адвучвалі ад працы на сваёй зямлі, ад сваёй гаспадаркі. Цяпер пажынаем плады: зямлі хапае, ніхто не хоча на ёй рабіць. Зараз, калі было б жаданне карову трымаць, калгас прывёз бы гатовага сена на падворак, ды ніхто з маладзейшых не хоча, — з горыччу канстатуе гаспадар.

Раней жа Баранкі былі немалой вёскай. Яшчэ ў дзяцінстве Сцяпана Грачаніка ў поле выганялі статак больш за сто кароў. Была пачатковая школа. Потым наш герой хадзіў на заняткі ў Відамлю за пяць кіламетраў. Згадаў, як зімой пасля другой змены іх, пяцікласнікаў, дырэктар школы праводзіў амаль да вёскі, бо ў акрузе вадзіліся ваўкі.

З часоў Камянецкай вежы

А старажытная гісторыя Баранкаў выглядае не проста цікавай, а амаль неверагоднай. Пляменнік Сцяпана Пятровіча пасля ВНУ пэўны час працаваў у брэсцкай гарадской бібліятэцы, шмат звестак адшукаў пра эпоху будаўніцтва Камянецкай вежы. Як вядома, яе ўзводзілі ў ХІІІ стагоддзі, дык вось Баранкі ўжо былі. І з насельніцтвам большым, чым тады ў Камянцы. Праўда, тагачасныя Баранкі размяшчаліся прыкладна за кіламетр ад сучаснай вёскі. А маленькая цяпер рэчка Лясная мела шырыню прыкладна паўтара кіламетра і была суднаходнай. Пра ўрочышча Скудны Груд цяпер ведаюць як пра месца гібелі групы партызан. Была такая трагічная старонка ў гісторыі мінулай вайны. На востраве хаваліся партызаны. Малыя вясковыя пастушкі пасвілі кароў, і адна з іх правалілася ў багну. Дзеці пабеглі паведаміць солтысу. Апошні, калі ратавалі карову, заўважыў партызан, далажыў немцам, пяць чалавек загінула.

Знайшліся звесткі, што раней, калі Лясная была шырокая, нібы Волга, на востраве Скудны Груд хаваліся марскія разбойнікі, што рабавалі судны. Недзе на пачатку 2000-х на месцы былых Баранкаў усё хадзілі так званыя следапыты з металашукальнікамі. Казалі, што знаходзілі сярэбраныя лыжкі, яшчэ нейкую драбязу. Тут жа да 39-га года стаяў яшчэ панскі маёнтак.

Вось такая цікавая вёска ёсць у маляўнічай мясціне недалёка ад Камянца. На цэнтральнай вуліцы захавалася брукаваная дарога з польскіх часоў. Дамы ўзводзілі тут дыхтоўныя, яны хоць і пустыя, не падобныя на закінутыя хаціны. Але жыхароў застаецца жменька.

На сваёй гаспадарцы

Сцяпан і Таццяна Грачанікі да пенсіі працавалі ў райцэнтры, праўда, гаспадарку ўласную трымалі заўсёды. А пасля выхаду на заслужаны адпачынак поўнасцю прысвяцілі сябе вясковым клопатам. Зараз яны трымаюць дзве каровы, каня, розную дробную жыўнасць. «Трусоў завёў на пацеху ўнукам, — з задавальненнем паказвае загон гаспадар. Ён толькі падыходзіць да агароджы і кліча: «Вушасцікі! Вушасцікі!» — і яны нібы каты ці куры збягаюцца на голас.
У якасці прыза атрымліваюць некалькі пачаткаў кукурузы і весела хрумстаюць пачастунак. З другой загарадзі голас падае певень, адным словам, класічная вясковая сядзіба, поўная жыцця.

У 2011 годзе гаспадары грунтоўна перабудавалі былы бацькоўскі дом. На другім паверсе з'явіліся тры жылыя пакоі, значна больш прасторным стаў і першы паверх. Агітавалі каго з дзяцей пераехаць на малую радзіму. Сын жыве ў Брэсце, дачка ў Камянцы. Але ж не хочуць адрывацца ад гарадскіх выгод і магчымасцяў. «Мы ж самі адвучвалі ўласных дзяцей ад працы на зямлі, імкнуліся даць ім адукацыю і ўсяляк арыентавалі на гарадское жыццё. Дык на каго цяпер наракаць?» — па-філасофску разважае Сцяпан Пятровіч. А Таццяна Мікалаеўна дадае, што ў маладосці наогул мала хто можа ацаніць перавагі жыцця на прыродзе. Яна, былая медсястра хірургічнага аддзялення, толькі цяпер па-сапраўднаму заўважыла хараство наваколля, навучылася слухаць салаўя. «Раней, — расказвае, — на працу ўстаеш рана, дадому прыходзіш позна, потым да ночы хатнія клопаты — і зноў уставай. Адным словам, жыццё — канвеер. А цяпер заўважаеш, калі кветкі расцвітаюць, калі лістота ажывае». Нядаўна былыя калегі звярталіся, каб зноў выйшла на работу, не пагадзілася.

Сцяпан Грачанік не проста працуе па гаспадарцы, ён асалоду атрымлівае ад сваёй працы. Вось дровы на наступную зіму ўжо нарыхтоўвае, каб за лета добра высахлі. А ў выхадныя заўсёды ўласную лазню напальвае, кажа, што з парылкі выходзіць памаладзелы. Цяпер гэта адзін з найважнейшых элементаў здаровага ладу жыцця.

Аднойчы сын прывёз прыбор — крокамер, вырашылі паглядзець, колькі бацька за свой звычайны дзень па гаспадарцы натупае. Паказаў той прыбор 22 тысячы крокаў, значыць, прыкладна 11 кіламетраў. Сцяпан Пятровіч лічыць адзіна прымальным спосабам чалавечага існавання рух і працу на зямлі. «Мая гаспадарка — гэта мая незалежнасць у фінансавым плане. Ды і што можа быць лепей за тое, калі кожны дзень бачыш вынік сваёй працы, калі ўласнымі рукамі створыш нешта прыгожае!» — разважае ён. Аднойчы нават дыскусія здарылася ў вясковага гаспадара з мясцовым святаром. Апошні тлумачыў, якія грахі могуць стаць перашкодай на шляху ў рай. «А я і кажу: паглядзіце, бацюшка, хіба не ў раі мы жывём? У нас ёсць вада і паветра, кветкі цвітуць, птушкі пяюць. Дзе ж нам рай той шукаць: на Месяцы ці на Марсе? Вось тут ён, дадзены ўжо чалавеку, трэба толькі рукі прыкласці, не даць прапасці таму, што ёсць, не загубіць прыроду. Махнуў толькі рукой святар», — з усмешкай успамінае даўнюю гутарку Сцяпан Грачанік. А мяне ён нават крыху паўшчуваў: «Чаму ж вы цяпер сабраліся прыехаць, а не праз месяц ці хоць колькі тыдняў, калі ўсё пачне ажываць і зацвітаць? Тады б зразумелі, пра што я гавару». Ды я і так, падаецца, зразумела.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Кавалачак раю сваімі рукамі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.