Такая традыцыя: свята, нават кароткае, адцягвае ўвагу ад сапраўды важных рэчаў. Праз мужчынска-жаночыя дні і іх паслясмачча мы прапусцілі, што карціну Сяргея Лазніцы «Данбас» цяпер можна паглядзець у сеціве, учора ў Мінску адкрыўся ўжо пяты Фестываль нефільтраванага кіно, а мы вярнуліся з фестывалю дакументальных фільмаў ZаgrеbDох, што праходзіць у харвацкай сталіцы. Вярнуліся з уражаннямі ў прыватнасці ад таго, чым асабліва каштоўны кожны кінафэст, — рэгіянальнага конкурсу. Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым — палітычным, сацыяльным, культурным, і паказалі сваё кіно перш за ўсё не як мастацкую з'яву, а як адлюстраванне пералічанага.
Усё астатняе
Утульны фестываль ва ўтульных кіназалах, дзе каля канапак стаяць столікі са свяцільнямі ў абажурах, ва ўтульным трохпавярховым горадзе. Пры грэбаванні цырыманіялам, аб'ёмамі, вонкавым і маштабным, ZаgrеbDох рыхтуе пышную праграму. Напрыклад, складае свой міжнародны конкурс не толькі як канцэптуальны канструкт, але і збор адзначаных прэстыжнымі форумамі фільмаў. Між іншым, сёлета ў ім удзельнічала таксама карціна Sumа беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы. Засталася без узнагарод — ну, бывае, затое справакавала актыўную дыскусію з публікай.
Далей ZаgrеbDох прывозіць рэзанансныя фільмы накшталт «Сведак Пуціна» Віталя Манскага, усяго ў лаўрах «Уолдэна» Дэніэла Цымермана ці «Акварэль» Віктара Касакоўскага, дзеля прэм'еры якой на Венецыянскім кінафестывалі ствараўся адмысловы праектар, здольны паказваць 96 кадраў за секунду. З праектарам нешта пайшло не так, але карціна з бюджэтам у два мільёны еўра ўсё роўна аказалася падзеяй гучнай. Не толькі з-за зайздроснага бюджэту, вядома ж. Адчайна спадзяёмся на паказ «Акварэлі» і ў Мінску, бо гэта тое яшчэ відовішча і глядзець яго трэба менавіта на вялікім экране. А варыяцыі страчваюць сэнс.
«Блакада», «Падзея», «Працэс» — ZаgrеbDох не проста паказаў рэтраспектыву рэжысёра сусветнага класа Сяргея Лазніцы, але і «атрымаў» яго самога. Аўтар дакументальных і ігравых карцін, якія паказваюцца на найгалоўнейшых кінапляцоўках свету накшталт Канскага ці Берлінскага кінафестываляў, прыехаў у Заграб, каб асабіста прадставіць публіцы свае фільмы і правесці майстар-клас. Вось гэта сапраўдная ўдача для фэсту і яго гледача.
«Выкарыстанне хронікі: паміж аўтэнтычным і сканструяваным», — была агучана тэма сустрэчы, на якой запоўніліся не проста ўсе месцы, але і падлога. А Лазніца вядомы сваёй работай з унікальнай хронікай: блакадны Ленінград, жнівеньскі путч 1991 года ці паказальны, замоўлены Сталіным, працэс над прадстаўнікамі прамысловасці па справе арганізацыі дзяржаўнага перавароту ў яго руках становяцца сучасным кіно. Карціны рэжысёра, дарэчы, часта ўдзельнічаюць у «Лістападзе».
Балканскае кіно
Форум. Вось чым становіцца кінафестываль, які апроч іншага — эфемернага мастацтва, эксперыментаў і гучных імёнаў — убірае ў сябе панурае паняцце рэчаіснасці. Рэчаіснасці ўмоўнай, канешне ж, наколькі дакументальнае кіно ўвогуле да яе падатлівае, а падатлівае яно не больш, чым ігравое.
Форум у тым сэнсе, які пайшоў са Старажытнага Рыма. Тэматычны з'езд. Абмен супярэчнасцямі. Рэфлексіі агульнай прасторы. За пятнаццаць гадоў свайго існавання — са слоў майго калегі харвацкага кінакрытыка Драгана Юрака (верыць можна) — ZаgrеbDох стаў важнай пляцоўкай для дакументалістаў балканскага рэгіёна. Пакуль яны імкнуцца сюды трапіць і сказаць сваё слова, на кінафестывалі можна па-суседску абмеркаваць справы агульнага «агарода». Я магу памыляцца, але ўсё ж: рэгіянальны конкурс заграбскага кінафестывалю свядома схіляецца ад мастацтва ў бок надзённага.
Ад таго ж калегі падчас абмеркавання конкурсных фільмаў толькі і чуваць было пра недаступныя мне, як чалавеку звонку, сэнсы. «Ты ўвогуле зразумела, пра што гаворыцца ў фільме?», «Для галоўнай гераіні прызнацца, што яна сербка, той жа камінг-аўт», «Для кінематографа Косава, які нічога не мае, гэты фільм — нешта звышнатуральнае». І глеба кінакрытычных прыярытэтаў захісталася, а на першы план выйшла яна — актуальнасць. Прыкладна тое ж — блізкасць месца, спрацоўвае з Нацыянальным конкурсам «Лістапада», але больш відавочную паралель тут можна правесці з нашымі Асноўнымі конкурсамі, якія даследуюць посткамуністычную прастору, зноў жа ствараючы свайго роду форум.
Гэта палітыка
У адной з кавярняў фестывальнай прасторы сядзеў былы палітычны дзеяч Марка Францішкавіч. Бачна, прыходзіў на абмеркаванне з публікай. Ён стаў галоўным героем карціны «У імя Рэспублікі Харватыя», якая перадала яго радыкальныя погляды, прыхільнікаў, дзейнасць, арышт і вяртанне.
У свой час — мы пра гэта даведваемся з фільма — ён выступаў з пэўнай палітычнай праграмай, у якой называў уваходжанне Харватыі ў Еўрапейскі саюз нелігітымным і прапаноўваў увесці смяротнае пакаранне, каб цяперашнія палітыкі, якія, маўляў, абкрадваюць народ, атрымалі па заслугах. Калі пасля вызвалення ён сеў у сваё аўто і выявіў, што яно не заводзіцца, сярод іншага сказаў: «Што яны зрабілі з маёй машынай?». Яны.
«Ахвяра рэжыму» Марка Францішкавіч — не адзіны палітык у якасці галоўнага героя. Палітыка і Еўрапейскі саюз, правы жанчын, бежанцы, эміграцыя ў яе на ўзбраенні сталі «тытульнымі» тэмамі рэгіянальнага конкурсу, адпаведна, і інтарэсаў дакументалістаў.
Як Венгрыя перад чарговымі выбарамі ў парламент вагалася паміж правымі і левымі — калі ласка ў фільме «Венгрыя 2018» пра работу былога прэм'ер-міністра і цяперашняга кандыдата Ферэнца Дзюрчаня. Ён імкнецца схіліць людзей у левы бок, выступаючы супраць Віктара Орбана, які ў сваю чаргу агітуе супраць бежанцаў, крытыкуе Еўрапейскі саюз, абвінавачвае амерыканскага мільярдэра за ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны і знеслаўляе ўладу карумпаванасцю.
Поўны набор «антыцывілізаванасці», як і пошук знешняга ворага (амерыканскі мільярдэр тут быццам «вораг» СССР Раймон Пуанкарэ), тым не менш атрымлівае большасць у сімпатыі венграў. І падаецца, што гэта не Ферэнц Дзюрчань прайграў, а нешта значна большае.
Дзве гераіні выступаюць за правы жанчын у Італіі ў рабоце «У мяне была мара». Адна як член парламента, другая як палітычная актывістка. Яны сустракаюць некаторае непрыняцце і ў адказ на заклапочанасць гвалтам над жанчынамі могуць пачуць, што гэтыя забойствы — толькі невялічкая турбота. Але адначасова становяцца замешанымі ў пераменах і назіраюць за змяненнем дыспазіцыі ў палітычным жыцці.
Ад фільма да фільма палітыка хоць неяк, але сябе знеслаўляе, становіцца арганічнай прасторай для нараджэння абсурду і пры гэтым заяўляе свой натуральны ўплыў. Ад чаго становіцца неяк няёмка.
Дома нешта не так
Дзве кароткаметражкі — з Косава і Чарнагорыі — запаралельваюцца і запавольваюцца ў бяздзейнай пустэчы родных тэрыторый. Косаўскі фільм «На памежжы» паказвае рады аднолькавых, новых, незанятых дамоў. Некаторыя яшчэ апрацоўваюцца. Будоўля ўвогуле, можна сказаць, ідзе поўным ходам. Але для каго? — людзей тут амаль няма, жыцця таксама. Старыя жыхары статычна перад камерай расказваюць усё адно і тое ж: пакоі чакаюць сваіх маладых гаспадароў, якія часова жывуць за мяжой. Пяць дамоў у радок — для пяці сыноў. 13 хвілін пустых вокнаў — а табе расказалі пра цэлую краіну. Ці заселяць яе з'ехаўшыя сыны і дочкі — невядома. Такі кінематограф часткова прызнанай рэспублікі.
Рэжысёрка карціны «Раз'яднанне: сны наяве» надзела на галаву штучны дом, літаральна, і пайшла даследаваць закінутыя дамы Чарнагорыі. Ужо больш вёртка і артыстычна, але ўсё гэтак жа меланхалічна аўтарка паказала вымушана (ці як?) пакінутую тэрыторыю, якая захавала толькі пашарпаныя сцены і балючую паэзію аб няспраўджаных надзеях краіны.
Карціна «ІKЕА для цябе» ўцягвае ў развагі пра Югаславію і праявы старога рэжыму ў сучаснай Харватыі. Галоўная гераіня, адначасова і рэжысёр фільма, пачынае з абмеркаванняў былога са сваёй сям'ёй, працягвае унутранай незадаволенасцю (на жаль, не растлумачанай) сваёй дзяржавай і нарэшце эмігруе ў Швецыю. Абрыўкі і незразумеласці даюць прынамсі факт уплыву злому эпох. Калі глядзець па гэтым фільме, мінулае адбілася на сучаснай краіне адмысловым чынам: чамусьці тут не хочацца жыць. Але чаму, незразумела.
Універсальнае
Самай моцнай і чуллівай дакументальнай карцінай конкурсу стала «Уна Прымавера». Гэта імя. Аўтарка зрабіла фільм пра сваю 58-гадовую маці Уну, запас крыўды і стомленасці якой прымусіў яе развесціся з мужам. У выніку былыя сужэнцы ўсё роўна сталі жыць на розных паверхах аднаго дома, галоўная гераіня дазволіла мужу піць гарбату на кухні, яны сумесна арганізавалі сямейнае свята, але гэтаму папярэднічаў вялікі эмацыянальны ўсплёск, пралітыя слёзы аб мінулым і марны пошук прывіднай свабоды, з адсутнасцю якой цяпер даводзіцца толькі мірыцца. «Уна Прымавера» атрымала галоўны прыз журы.
Трэнерская гісторыя развярнулася ў румынскай «Кайсе». Дзмітрый Добрэ ў свой час выхаваў чэмпіёна свету па боксе, які ў сваю чаргу пакінуў трэнера і аддаўся сваёй вядомасці. Сёння ўжо пажылы Дзмітрый рыхтуе некалькі баксёраў, сярод якіх асабліва выдзяляе Кайсу, хлопчыка з беднай сям'і. Ад інтрыг, рынгаў і нават перамог у выніку, як той чэмпіён, сыходзіць і Кайса, пра што паведамляе трэнеру ў СМС. Часам і не чакаеш, а знойдзеш чуллівую асабістую драму. У спецыфічным румынскім антуражы і ў кантэксце прафесійнага румынскага бокса.
Нарэшце, журы FІРRЕSСІ знайшло асаблівую кінематаграфічнасць у італьянскай карціне «Гісторыі паўцемры», якая дае слова тым, хто апынуўся на абочыне жыцця. У прыглушаных тонах, захопліваючы тужлівыя рухі, хрыплымі галасамі. Бяздомныя ў начным прытулку — часовым прыстанішчы — адкрыта і даверліва расказваюць пра мінулае і сучаснасць, давяраюць свае турботы, не хаваюць стомленасці. Прыз Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў адышоў «Гісторыям». Як і прыз асноўнага журы — усё ж надрэгіянальнаму кіно.
Хоць універсальнае традыцыйна шануецца не толькі ў кінематографе, а і ў мастацтве ў цэлым — зразумела, канкрэтнае не абмяжоўвае маштабы выказвання творцы, рэгіянальны конкурс ZаgrеbDох са сваёй канцэпцыяй абыходзіцца ўпэўнена. Тут не толькі драмы, жыццёвыя гісторыі, стасункі бацькоў і дзяцей, але і канкрэтныя палітыкі, непаўторныя акалічнасці, хваляванне за сваё роднае. Лікбез, як для мяне, адбыўся. Форум, як для балканцаў, праз гаворачыя артэфакты, смяротнае пакаранне, ІKЕА, таксама.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.