Вы тут

Як захаваць жыццё і здароўе беларускіх грамадзян?


Як захаваць жыццё і здароўе беларускіх грамадзян і папярэдзіць тыя правапарушэнні, што спрыяюць гібелі людзей? Адказ на гэта пытанне шукалі ў Гомелі на рэспубліканскім семінары, прысвечаным ажыццяўленню наглядна-прафілактычнай дзейнасці.


— Апошнім часам было шмат зроблена для ўмацавання бяспекі жыццядзейнасці людзей і намецілася тэндэнцыя зніжэння колькасці пацярпелых ад знешніх прычын — нават у параўнанні з іншымі краінамі, — заўважыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Станіслаў Зась. — Але ёсць і праблемы. Так, за мінулы год на 15 працэнтаў павялічылася колькасць пажараў і пацярпелых на іх — на 4,5 працэнта. За гэтымі працэнтамі жыцці 517 чалавек, што загінулі ад пажараў. Таму трэба шукаць прычыны — недзе мы недапрацоўваем. Неабходна задзейнічаць рэзервы ўсіх ведамстваў па ўмацаванні бяспечнага асяроддзя для жыццядзейнасці насельніцтва, абменьвацца вопытам. Важна павышаць эфектыўнасць адукацыі моладзі. У тым ліку больш эфектыўна выкарыстоўваць тыя адукацыйныя цэнтры бяспекі МНС, якія створаны ў кожнай вобласці. Магчыма, трэба пашыраць іх сетку.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях рэспублікі Беларусь стала асноўным арганізатарам рэспубліканскага семінара, а ўдзельнікамі — усе, чыя дзейнасць тым ці іншым чынам датычыцца прафілактыкі небяспечных жыццёвых сітуацый. З такімі выпадкамі часцяком непасрэдна сутыкаюцца члены наглядальных камісій на месцах. Іх вопыт работы на Гомельшчыне варты ўвагі. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась адзначыў, што ёсць розныя пункты гледжання:

— Важна зразумець, наколькі эфектыўна яны працуюць. Трэба казаць пра павышэнне эфектыўнасці работы такіх камісій. Каб адыходзіць ад фармалізму і рэальна працаваць там, дзе гэта патрэбна. У тым ліку там, дзе мясцовыя органы ўлады могуць аказаць людзям рэальную дапамогу.

Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч расказала, што ў вобласці сёння працуе 341 наглядальная камісія, работу якіх каардынуюць старшыні сельсаветаў:

— Камісіі ў першую чаргу звяртаюць увагу на шматдзетныя сем'і, дзе ёсць непаўналетнія дзеці, на інвалідаў, адзінокіх і адзінока пражываючых, а таксама на грамадзян, якія ўваходзяць у групу рызыкі.

Дарэчы, многія, да каго ў дзверы пастукалі члены наглядальнай камісіі, вельмі ўдзячныя той дапамозе, якую аказалі людзям пасля абследавання іх дамоў. Ды і самі члены камісій паступова змянілі стаўленне да выканання сваіх абавязкаў — бо адчулі ўдзячнасць і сваю адказнасць за бездапаможных людзей.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік асабліва адзначыў ролю супрацоўнікаў МНС і УУС, якія звычайна ўзначальваюць каманду тых, хто прыходзіць у дамы грамадзян:

— Першымі заходзяць два афіцэры, а за імі ідуць прадстаўнікі мясцовай улады, адукацыі, сацабароны, медыцыны, энергетыкі, газаўшчыкі. Кожны глядзіць тое, за што ён адказны. Гэтыя камісіі на месцы прымаюць рашэнні, даюць тэрмін на выпраўленне хібаў, а потым правяраюць. У населеныя пункты камісіі выязджаюць рэгулярна па графіку.

Па кожным факце, які ўяўляе пагрозу жыццю і здароўю людзей, а таксама іх гібелі ад знешніх прычын праводзіцца дэталёвае вывучэнне сітуацыі. Вынікі такой дзейнасці штотыднёва разглядаюцца на нарадах з гар- і райвыканкамамі вобласці ў рэжыме відэаканферэнцыі.

З гэтага года па даручэнні кіраўніка дзяржавы ва ўсёй краіне праводзіцца адзіны дзень бяспекі. Важна зрабіць так, каб ён праходзіў не фармальна, а па-сапраўднаму эфектыўна для ўсіх грамадзян Беларусі. Пра гэта таксама ішла гутарка падчас абмену досведам усіх зацікаўленых бакоў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?