Вы тут

Рост ВРП, хуткае 1000-годдзе і экалогія


Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС правёў брыфінг для прадстаўнікоў мясцовых і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. Кіраўнік вобласці праінфармаваў масмедыя аб тым, па якіх асноўных кірунках будзе развівацца вобласць, якая аснова была закладзеная вынікамі мінулага года, якія важныя падзеі будуць вызначаць грамадскае жыццё рэгіёна. Шмат увагі было аддадзена пытанням экалогіі.


Фота: vb.by

Лічбы і факты

Паводле слоў губернатара, дзякуючы ўстойліваму развіццю вобласці ў 2017 і 2018 гадах удалося перакрыць адставанне 2016 года па асноўным паказчыку — тэмпе росту валавога рэгіянальнага прадукту. За тры гады ён склаў 105,8 працэнта пры заданні 103,9. Напрыклад, сукупны прырост у прамысловасці перавысіў 15 працэнтаў.

Мінулы год склаўся не зусім удала для аграрыяў. У цэлым аб'ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі зніжаны на 1,8 працэнта. І ўсё-такі па выніках года вобласць выйшла на першае месца ў краіне па тэмпах росту вытворчасці малака і прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы.

Са станоўчай дынамікай працаваў будаўнічы комплекс. Уведзена ў эксплуатацыю 634,6 тысячы квадратных метраў жылля. Больш чым у паўтара раза перавышаны прагноз па паступленні прамых замежных інвестыцый. З прыцягненнем якіх вялася рэалізацыя 17 інвестыцыйных праектаў. Напрыклад, у Івацэвіцкім раёне нямецкай кампаніяй распачаты буйны праект па стварэнні вытворчасці мэблі. Амерыканская карпарацыя "Сілікон матэрыялз" будуе ў Пінску прадпрыемства па вытворчасці зліткаў монакрысталічнага крэмнію. ААТ "Брэстмаш" пачало зборку мікрааўтобусаў з кітайскіх камплектуючых.

Новыя школы і бальніцы

Многае зроблена ў сацыяльнай сферы. Брэсцкая вобласць — адзіны рэгіён у рэспубліцы, дзе ўдалося дасягнуць зніжэння паказчыка смяротнасці ў 2018 годзе. Летась скончана будаўніцтва і ўведзены ў строй станцыя хуткай медыцынскай дапамогі ў паўднёва-заходняй частцы горада па вуліцы Суворава, прыбудова да прыёмнага аддзялення гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, хоспіс у Брэсце. Праведзена рэканструкцыя харчовага блока і прыёмнага аддзялення дзіцячай абласной бальніцы, капітальна адрамантавана і мадэрнізавана паліклініка Высокаўскай гарадской бальніцы.

Працягваліся работы па будаўніцтве і рэканструкцыі аб'ектаў адукацыі: адрамантаваны харчовыя блокі ў 28 школах, спартыўная зала маларыцкай СШ № 2, вядзецца будаўніцтва сярэдняй школы ў Брэсце на 1480 месцаў з уводам у эксплуатацыю ў гэтым годзе. Летась адкрыўся дзіцячы садок на 350 месцаў у Паўднёва-Заходнім мікрараёне Брэста. Зараз будуюцца дзіцячыя садкі ў мікрараёне Радужны ў Пінску, мікрараёне Бараўкі-1 у Баранавічах, а таксама школы-садка на 471 месца ў Брэсце. Усе аб'екты будуць здадзеныя сёлета.

Летась у абласным цэнтры з'явіўся новы футбольны манеж. Пасля рамонту адкрыліся спартыўныя залы у Пінску і Ляхавічах. Пабудаваны спартыўныя палі для гульні ў міні-футбол са штучным пакрыццём у парку Іванава і каля Высокаўскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.

Аб'екты 1000-годдзя

Усяго ў рамках падрыхтоўкі да 1000-годдзя Брэста прадугледжана будаўніцтва 27 аб'ектаў. Трынаццаць з іх ужо ўведзена ў строй. У іх ліку капітальны рамонт кальцавога перасячэння аўтамабільных дарог М1 і Р83 Брэст — Камянец — Белавежская пушча, адміністрацыйныя будынкі падатковай інспекцыі і абласной пракуратуры, першы пускавы комплекс першай чаргі Кобрынскага пуцеправода.

У бягучым годзе плануецца да ўводу 14 аб'ектаў. Самы маштабны і значны — Заходні абход, самы доўгачаканы — тэатр лялек. Таксама будуць здадзеныя Дом правасуддзя, пажарнае дэпо ў Паўднёвым гарадку, рэканструкцыя гарадскіх ачышчальных збудаванняў у абласным цэнтры.

Усяго ў Брэсце пройдзе больш за 1000 культурных, спартыўных і грамадскіх мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею. З іх 325 — гэта культурна-масавыя імпрэзы, міжнародныя канферэнцыі, конкурсы, фестывалі, семінары.

Экалагічная бяспека

Кіраўнік вобласці падрабязна гаварыў пра экалагічную бяспеку рэгіёна. У 2018 годзе на ажыццяўленне прыродаахоўных мерапрыемстваў мясцовыя бюджэты накіравалі каля 6,4 мільёна рублёў. За год пабудавана і рэканструявана 58 газаачышчальных установак. Зніжэнне выкідаў у атмасферу склала 594 тоны. Як вядома, паветра найбольш забруджвае аўтатранспарт. Будаўніцтва дарогі "Заходні абход Брэста" і рэканструкцыя Кобрынскага моста накіраваныя на памяншэнне выкідаў ад машын.

Халадзільнае абсталяванне і кандыцыянеры пераведзены на азонабяспечныя фрэоны на дзевяці прамысловых і чатырох сельскагаспадарчых прадпрыемствах вобласці. Да канца пяцігодкі ставіцца задача забяспечыць зніжэнне выкідаў у атмасферу не менш чым на 1000 тон шкодных рэчываў за кошт рэканструкцыі, мадэрнізацыі вытворчасці альбо замены састарэлага абсталявання.

Пазіцыя па акумулятарным заводзе

Старшыня аблвыканкама асобна спыніўся на сітуацыі вакол будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсцкім раёне. Было адзначана, што дзяржаўная экалагічная экспертыза дала заключэнне аб адпаведнасці праекта завода заканадаўству аб ахове атмасфернага паветра, аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, аб ахове і выкарыстанні зямель, аб ахове і выкарыстанні недраў, аб абыходжанні з адходамі, аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе. У заключэнні зробленая выснова, што апісаны тэхналагічны працэс вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятараў у цэлым адпавядае найлепшым даступным тэхнічным метадам, якія ўстаноўлены нарматыўнымі дакументамі Еўрапейскага саюза і Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік вобласці звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што пры ўводзе завода ў эксплуатацыю будзе дадзена ацэнка адпаведнасці альбо неадпаведнасці фактычных параметраў уздзеяння на навакольнае асяроддзе тым, якія заяўлены ў праекце. І ў выпадку парушэнняў заключэнне аб адпаведнасці аб'екта патрабаванням экалагічнай бяспекі выдадзена не будзе, а значыць, завод працаваць не будзе. Гэтую пазіцыю ведае інвестар. Яна не падлягае абмеркаванню і перагляду, сказана на брыфінгу.

Дзяржаўна-грамадскі кантроль

Няма нічога больш важнага, чым жыццё і здароўе людзей. Таму пасля ўвядзення завода ў эксплуатацыю ў цэнтры ўвагі заўсёды будзе ўсебаковы, празрысты, сістэмны кантроль за экалагічнай сітуацыяй, — заявіў старшыня аблвыканкама. — Для таго каб у жыхароў тэрыторый, якія знаходзяцца блізка ад завода, была такая магчымасць, правільным уяўляецца разгледзець пытанне аб стварэнні сумеснай дзяржаўна-грамадскай групы экалагічнага кантролю (трэба яшчэ падумаць, як яна будзе называцца). У групу разам з профільнымі спецыялістамі ўвойдуць прадстаўнікі грамадскасці, каб разам ажыццяўляць кантроль за сітуацыяй. Такая форма сумеснай работы дазволіць атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю і даводзіць яе да ведама грамадскасці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».