Вы тут

Першыя пашпарты юным беларусам уручылі прадстаўнікі органаў улады


Галоўны дакумент грамадзяніна ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці 24 падлеткі атрымалі з рук кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай.


Для ўдзельнікаў мерапрыемства падзея стала радаснай удвая — не кожны дзень можна наведаць будынак Адміністрацыі Прэзідэнта і павітацца з кіраўніком установы. Але гэта магчымасць для кожнага з іх — зароблены шанц. Удзельнікі акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!» — выдатнікі вучобы, удзельнікі навуковых канферэнцый, пераможцы спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, алімпіяд.

Адметна, што ў беларускую сталіцу на святочнае мерапрыемства трапілі дзеці з усіх абласцей краіны.

«Я проста ўпэўненая, што гэты дзень запомніцца маладым людзям на ўсё жыццё. Будучыня краіны ў руках маладых, таму нам вельмі хацелася б, каб моладзь цаніла усё тое, што ёсць у Беларусі. За невялікі ў гісторыі прамежак часу наша краіна стала прыгожай і квітнеючай, яна вядомая на міжнароднай арэне. Мы бачым, з якой любоўю і трапятаннем да яе ставяцца самі беларусы. Адным з прыярытэтных напрамкаў палітыкі дзяржавы з'яўляецца праца з моладдзю. Прэзідэнт заўсёды ставіць сур'ёзныя задачы ў гэтым кірунку, падкрэсліваючы яго асаблівую важнасць, — сказала Наталля Качанава. — Дзе б вы ні былі і куды б ні выязджалі, вы павінны ведаць, што ў вас ёсць свая родная зямля, свой родны дом — Беларусь, і вы патрэбныя тут. Скончыўшы школу, атрымаўшы адукацыю і прафесію, якія вы для сябе выбераце, вы заўсёды зможаце тут рэалізавацца, у тым ліку ў сваім родным горадзе, вёсцы, раёне».

***

У святочны дзень запрасіў школьнікаў на Чырвонаармейскую, 9 і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Міхаіл Мясніковіч уручыў першы пашпарт 18 прадстаўнікам таленавітай моладзі з Гомельскай, Брэсцкай, Мінскай абласцей і сталіцы.

У акцыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Мы — грамадзяне Беларусі!», прысвечанай Дню Канстытуцыі, прынялі ўдзел 3000 хлопцаў і дзяўчат з усёй краіны. У рамках падзеі адбылося 167 святочных цырымоній уручэння пашпартоў 14-гадовым падлеткам з рук кіраўнікоў заканадаўчай, выканаўчай улады і грамадскіх дзеячаў.

***

У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Конкурс фатаграфій-матыватараў прымеркаваны да 25-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На суд кампетэнтнага журы было прадстаўлена каля 800 работ на тэмы: патрыятызм, Канстытуцыя, гістарычная спадчына, правы, свабоды і абавязкі грамадзяніна, беларуская нацыя, гісторыя народа і малая радзіма. Пры ацэнцы работ улічвалася адпаведнасць зместу фатаграфій заяўленай тэматыцы, кампазіцыйнае і каляровае рашэнне, мастацкі ўзровень работ, арыгінальнасць ідэі, стыль выкладання. Пераможцамі сталі 23 падлеткі, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы ў розных намінацыях.

Найлепшыя работы дзяцей будуць адабраны ў навучальнае выданне для школьнікаў «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Марыя ДАДАЛКА, Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?