Вы тут

Нам ёсць пра што пагаварыць


Вялікая размова з Прэзідэнтам, што праходзіла ў Адміністрацыйным комплексе па мінскім праспекце Пераможцаў, 14, доўжылася больш за сем гадзін


Фота БЕЛТА

Мяркую, хоць раз у жыцці кожны адчуваў вострую патрэбу выгаварыцца. Калі з блізкімі, у сям’і ёсць напруга. Калі з начальнікам ці падначаленымі не ўсё складваецца. Калі… Жыццёвых сітуацый — мноства. Ды не заўсёды “фармат”, абставіны, месца дазваляюць узяць патрэбную танальнасць, выдзеліць час, улічыць нюансы. Размова ж і “недаспець” можа, і “пераспець”. Псіхолагі між тым сцвярджаюць: шматлікіх спрэчак, міжасабовых канфліктаў, нават войнаў, многіх іншых патрасенняў можна было б пазбегнуць, калі б людзі ўмелі гаварыць, слухаць і чуць адзін аднаго, дамаўляцца.

Мяккая сіла слова, бывае, мацней за каменныя крэпасці.

Больш за сем гадзін… Калегі на тым акцэнтуюць увагу. Доўга? Так. Нецярпліваму школьніку, аднак, здоўжваецца і ўрок. А тым, хто ўмее слухаць і паглыбляцца ў сказанае, аналізаваць яго, суадносіць са сваімі думкамі — ці ж доўга? Калі хто не быў на мерапрыемстве ці не глядзеў, не слухаў яго анлайн, варта паглядзець хаця б фрагменты. Каб пераканацца: Прэзідэнт гаварыў, як ён часам удакладняе, шчыра й адкрыта. І гэта вельмі падкупляе. Дарэчы, мой сябар па Ленінградскім дзяржуніверсітэце, які цяпер працуе ў Дзярждуме Расіі, вечарам скінуў невялічкае паведамленне па вайберы: усё глядзеў. І адным толькі словам, але важкім (ну школа ж, і Дума…) зрабіў трапны акцэнт: “Уражвае”.

Так, нам, хто памятае доўгія “застойныя” прамовы Леаніда Брэжнева ці “перабудовачныя” — Міхаіла Гарбачова, патрэбна ўражанне. А ў адметным грамадска-палітычным мерапрыемстве “Вялікая размова з Прэзідэнтам” важнае не толькі пра што. Важна і — як. Мы ўмеем лавіць нюансы. Інфармацыйная ж і танальнасць, атмасфера ў аўдыторыі, а таксама логіка, драматургія, эмацыйная афарбоўка ўсёй дзеі. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць узнавіць тое, што адбывалася 1 сакавіка 2019 года ў Адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14 — гэта будынак побач з Палацам Незалежнасці. Клікніце ў інтэрнэце, калі яшчэ не ў тэме. Я ж, рыхтуючы нататкі, маю перад сабой сціслую справаздачу калег-звяздоўцаў “Вялікая размова з Прэзідэнтам прайшла ў сталіцы”.

Такі фармат размовы з прадстаўнікамі СМІ, шырокай грамадскасці Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выкарыстаў у 2017‑м. Сёлета ў вялікай зале было больш за 200 вядомых у краіне людзей, прадстаўнікоў замежных СМІ. Мы бачылі дзеячаў культуры, мастацтва, падключаліся да размовы палітолагі, эканамісты, работнікі рэальнага сектара эканомікі. Былі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і канфесій. Як бачым, Вялікая размова — запатрабаваная ў сённяшняй беларускай рэальнасці. Больш за тое: свае пытанні, прапановы кіраўніку беларускай дзяржавы можа цяпер падаваць кожны: пра тое напярэдадні абвяшчалі СМІ, а прадстаўнік БелТА пад час размовы інфармаваў, якія асноўныя пытанні паступаюць “ад народа” праз арганізатараў мерапрыемства. Былі й звароты ад замежных грамадзян і, пэўна ж, беларусаў замежжа. Бо, як вядома, да таго, што дзеецца на Бацькаўшчыне, нашы супляменнікі ў свеце праяўляюць велізарны інтарэс. У прыватнасці, сябры рэдакцыі з эстонскай Нарвы Людміла Аннус і Віктар Байкачоў адгукнуліся на Вялікую размову ды скінулі й спасылкі на замежныя СМІ, якія па-рознаму каментуюць падзею ў Беларусі. Што да зваротаў, то іх, заявіла днямі карэспандэнту БелТА кіраўнік Адміністрацыі Наталля Качанава, у час падрыхтоўкі й правядзення мерапрыемства “Вялікая размова з Прэзідэнтам” паступіла каля дзвюх з паловай тысяч. Як ідзе праца з імі — чытайце пад рубрыкай “Са стужкі навін” у гэтым нумары газеты.

Пераказваць, пра што гаварылася пад час Вялікай размовы, а тым больш як — няўдзячная справа, і я за гэта не бяруся. Згадаю толькі некаторыя асноўныя тэмы, пытанні, якія абмяркоўваліся. Цікава прыслухацца да ўступнага слова кіраўніка дзяржавы. Ён акрэсліў “дыскусійнае поле” так: у размове належыць даць аб’ектыўную ацэнку ў дачыненні да самых гучных тэм, якія асабліва хвалююць грамадства. Удакладніў: усё, што прагучыць у зале, стане асновай для падрыхтоўкі штогадовага Паслання Прэзідэнта беларускаму народу й Парламенту. Так што працяг у такой размовы — ужо на ўзроўні рашэнняў, даручэнняў, спраў — будзе.

Яшчэ Прэзідэнт падкрэсліў, што, нягледзячы на моцнае развіццё медыйнай прасторы, цяпер адчуваецца дэфіцыт кантэнту, які б карыстаўся абсалютным даверам аўдыторыі. На жаль, такому недаверу спрыяюць фэйкавыя навіны. “Яны імгненна распаўсюджваюцца, захопліваюць аўдыторыю, бударажаць думкі, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Потым, вядома ж, абвяргаюцца, але градус напружання ў грамадстве не падае. І вы ведаеце, што там, дзе размова ідзе пра вялікую палітыку, небяспека ад падобнага роду інфармацыйных укідаў павялічваецца шматкроць”.

Таму ў інфасвеце, заражаным вірусамі фэйкаў, падвышаецца роля тых выданняў і журналістаў, якія захоўваюць законы прафесійнай этыкі, нормы маралі, паважаюць сваю аўдыторыю ды імкнуцца працаваць з дакладнымі фактамі, максімальна аб’ектыўна. Такіх, праўда, усё менш, але яны ў нас ёсць, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён жа выказаў жаданне, каб і СМІ, якія пазіцыянуюць сябе як незалежныя, і эксперты, што ацэньваюць падзеі ды ствараюць пэўны фон іх успрымання, адчувалі мяжу дапушчальнага. Тую мяжу, за якой парушаецца раўнавага ў грамадстве. Разумелі адказнасць за кожнае сказанае слова: “Таму што мір і парадак у краіне не вартыя прафесійных амбіцый”.

Прэзідэнт нагадаў: знешняя палітыка Беларусі праводзіцца выключна ў інтарэсах забеспячэння бяспекі й захавання міра на Зямлі: “Мы супраць любых праяў агрэсіі — як ваеннай, так і інфармацыйнай. Але па перыметры нашай мяжы ўзнікаюць новыя кропкі напружанасці. Дагаворы, якія забяспечвалі баланс ваенных сіл на планеце, разыходзяцца па швах. У разгары — новая гонка ўзбраенняў. Ды варта нам адрэагаваць на сучасныя выклікі, зрабіць крок у напрамку ўласнай ваеннай магутнасці, як адразу пачынаюцца хваляванні, як у міжнародных палітычных колах, так і на прасторах інтэрнэту”.

Шмат увагі надавалася пад час Вялікай размовы ўзаемастасункам з Расіяй і Еўрасаюзам, сітуацыі ва Украіне. Гаварылі пра Крым, пра будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Аргументавана і з моцным эмацыйным пасылам прагучала думка: Беларусь ніколі не была нахлебнікам у Расіі ды й не будзе. Абмяркоўваліся перспектывы кітайска-беларускай супрацы, фармат “Хельсінкі-2”, які гатова развіваць Беларусь на карысць еўрапейскай бяспекі. Гаварылі пра бізнес, прадпрымальніцтва, якому, адзначалася, свабоды прадастаўлена нават больш, чым у іншых краінах. І пра новую Канстытуцыю, і пра механізмы перадачы ўлады, і пра моўныя пытанні. Яшчэ — пра тое, як важна, каб жанчыны беларускія нараджалі больш дзяцей, пра беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы сям’і, якія мяркуецца прадпрыняць.

Вялікая размова мае шырокі розгалас. І ў пару вясновую хочацца з надзеяй думаць: што пасеяна словамі — тое справамі прарасце.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.