Вы тут

У красавіку запланаваны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю


Аб гэтым стала вядома падчас сустрэчы Прэзідэнта з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Кезбан Нілванай Дарамай.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прычына сустрэчы заключаецца не толькі ў яго глыбокай павазе да гэтай краіны і Пасла як добрага прадстаўніка Турцыі ў Беларусі. "Ёсць і практычны бок справы: у сярэдзіне красавіка, вы ведаеце, у нас — афіцыйны візіт Беларусі на вышэйшым узроўні ў Турцыю і сустрэча з вашым Прэзідэнтам, таму (ёсць — "Звязда") цэлы шэраг абставінаў, якія падштурхоўваюць нас да гэтай гутаркi", — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў надзею на тое, што бліжэйшыя пасяджэнні сумеснай міжурадавай камісіі Беларусі і Турцыі дадуць добрыя вынікі ў плане падрыхтоўкi перамоў з прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

"Але будзем лічыць, што наша з вамі сустрэча сёння — гэта першы крок да канкрэтнай падрыхтоўкi гэтага візіту. Таму, спадарыня Пасол, давайце абмяркуем нашы пытанні з пункту гледжання тых праблем, якія ў нас існуюць, таму што ўсё добрае — яно бачна, прыемна пра яго гаварыць, але, тым не менш, заўсёды ёсць жа і праблемы, якія трэба вырашаць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У адваротным выпадку, не трэба было б сустракацца, перамовы весці, калі ўсё добра. Мы павінны вырашаць праблемныя пытанні. Я хацеў , каб мы адкрыта абмеркавалі тыя праблемныя пытанні, якія вы лічыце трэба вырашыць сёння, заўтра і ў доўгатэрміновай перспектыве".

У адказ дыпламат падзякавала Прэзідэнту за прыём — для яе гэта гонар і магчымасць для правядзення падрыхтоўчай работы напярэдадні візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Турцыю. Паводле яе слоў, сапраўды ёсць некалькі пытанняў, якія яна хацела б абмеркаваць.

"Перш за ўсё, хачу адзначыць, што мы не бачым праблем у адносінах паміж нашымі краінамі і лічым гэта нагодай для гонару", — адзначыла Кезбан Нілвана Дарама.

У тэму

Галоўнае аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Турцыі:

  • У 2018 годзе тавараабарот дасягнуў 984 млн долараў (104,4 % да 2017), экспарт — 183 млн долараў (136,2 %), імпарт — 801 млн долараў (99,2 %). Сальда адмоўнае ў памеры 618 млн долараў.
  • Без уліку нафты, нафтапрадуктаў і азотных угнаенняў тэмп росту экспарту склаў 140,8 %.
  • У студзені 2019 тавараабарот склаўся на ўзроўні 60,3 млн долараў (68,6 % да студзеня 2018), экспарт — 11,7 млн ​​ долараў (59,8 %), імпарт — 48,6 млн долараў (71,2 %) , сальда адмоўнае ў памеры 36,9 млн долараў.
  • Аснова беларускага экспарту ў Турцыю — калійныя ўгнаенні, злучэннi, якія ўтрымліваюць функцыянальную нітрыльную групу, жгут сінтэтычных нітак, ільняныя тканіны, полікарбонавыя кіслоты, сінтэтычныя нячэсаныя валокны, дрот з нелегіраванай сталі, паліўная драўніна, газетная папера.
  • У сваю чаргу, мы імпартуем сельгаспрадукцыю, трыкатажныя палотны і тканіны, сінтэтычныя ніткі, адзенне і абутак, часткі і прылады для аўтатрактарнай тэхнікі.
  • У 2018 годзе абарот паслуг склаў 54,5 млн долараў (117,6 % да 2017), экспарт — 37 млн ​​долараў (122,3 %), імпарт — 17,5 млн долараў (108,9 %). Сальда станоўчае ў памеры за 19,5 млн долараў.
  •  Па выніках 2018-га аб'ём турэцкіх інвестыцый у эканоміку Беларусі склаў 43,1 млн долараў (83,6 % да 2017), у тым ліку прамых — 41,5 млн долараў (96,5 %).

Пазней падрабязнасцямі сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы дыпламат падзялілася з журналістамі

"Безумоўна, гаворка ішла пра тэмы, якія звязаны з падрыхтоўчымі пытаннямі перад візітам спадара Прэзідэнта ў Турэцкую Рэспубліку. Мы абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях, якія стаяць на парадку, — адзначыла яна. — Справа ў тым, што два гады таму нам была пастаўлена мэта — працаваць над павелічэннем (паказчыкаў — "Звязда") гандлёва-эканамічных адносін, а таксама пашыраць супрацоўніцтва па шэрагу пытанняў, сярод якіх — супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навукі і тэхналогій".

Яна патлумачыла, што мае на ўвазе афіцыйны візіт прэзідэнта Турцыі ў Рэспубліку Беларусь у лістападзе 2016 года. Паводле яе слоў, на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абмеркавалі тыя поспехі, якія былі дасягнуты з моманту пастаноўкі мэты два гады таму, таксама казалі пра тое, што бакам неабходна ставіць больш амбіцыйныя мэты на наступны перыяд.

"Справа ў тым, што адносіны паміж краінамі грунтуюцца на глыбокім узаемным даверы, а таксама на дружбе. І мы валодаем вельмі моцным фундаментам для развіцця адносінаў, тым больш, што якіх-небудзь пытанняў, якога-небудзь праблемнага парадку паміж нашымі краінамі не існуе", — падкрэсліла Кезбан Нілвана Дарама.

Яшчэ на сустрэчы абмяркоўваліся магчымасці пашырэння спектру пытанняў, па якіх вядзецца двухбаковае супрацоўніцтва, — гэта і павелічэнне рэйсаў паміж дзвюма дзяржавамі, і развіццё гандлёва-эканамічных адносін у больш збалансаваным разуменні, і рэалізацыя мер падтрымкі для прыцягнення большай колькасці турэцкіх інвестараў у беларускую эканоміку, і развіццё адносін у сферы турызму.

Дарэчы, у рамках візіту будзе дапоўнена дагаворна-прававая база.

Магчыма, напярэдадні або падчас візіту Прэзідэнта ў Турцыю будуць адкрыты сумесныя прадпрыемствы, рэалізаваны праекты? "Цяпер гаворка ідзе пра тры праекты, якія атрымаюць рэалізацыю ў рамках візіту. Я пакуль не хацела б агучваць іх, пакуль што гэта будзе занадта заўчасна", — адзначыла яна.

Аднак дыпламат распавяла, што ў рамках візіту запланаваны форум, на якім дзелавыя колы змогуць абмеркаваць новыя напрамкі дзейнасці. Кезбан Нілвана Дарама выказала надзею, што на гэтым мерапрыемстве новыя праекты будуць створаны і, разам з навінамі аб візіце Прэзідэнта ў Турцыю, аб іх стане вядома ў СМІ.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.