Вы тут

Праз танцы бачыцца душа


Вячаслаў Ушакоў, які авалодаў многімі народнымі танцамі, упэўнены: іх асаблівасці ў немалой ступені залежаць ад геаграфічнага становішча


У яго рэпертуары былі танцы многіх народаў: малдаўскія, румынскія, венгерскія, балгарскія, цыганскія, яўрэйскія, амерыканскія. А таксама рускія, беларускія ды ўкраінскія. Пазней ён асвоіў экзатычны стэп. Cам танцаваў, іншых навучаў: студэнтаў і не толькі ў Беларускім дзяржуніверсітэце культуры й мастацтваў. Дарэчы, і ў Беларусь Вячаслаў Клаўдзьевіч прыехаў па запрашэнні кафедры харэаграфіі тады яшчэ Мінскага інстытута культуры. Артыст і танцор, ён і ў педагогіцы шмат гадоў, бо, прызнаецца, не мог і без сцэны жыць, і ўласным досведам імкнуўся дзяліцца.

Танцавальна­-метадычны падыход

Сёння Вячаслаў Ушакоў, нягледзячы на праблемы з пазваночнікам, любімую справу прадаўжае ў складзе танцавальнай групы “Няўрымслівая Клаўдзія”, ім жа створанай. Заўважым: назва сугучная з яго іменем па бацьку… Клаўдзьевіч з танцоркамі летась у верасні перамаглі ў гарадскім фестывалі творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Мастацтва жыць, тварыць мастацтва”. “Няўрымслівай Клаўдзіі” добра жывецца пры аддзяленні дзённага знаходжання пажылых людзей Тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Мінска. Танцоркам далёка за 60, і ўсіх Ушакоў змог захапіць танцамі. Нават тыя, хто раней пра тое й не марыў, апынуліся ў віры новага жыцця: рэпетыцыі, канцэрты, апладысменты-кампліменты, кветкі. Карацей — не засумуеш!

Ведаю: каб нечага дасягнуць у харэаграфіі, лепш асвойвацца ў ёй з малых гадоў — адпрацоўваць рухі, каардынацыю, пластыку. Дзіўлюся, як гэта Клаўдзьевічу ўдалося “прыўзняць” жанчын шаноўнага ўзросту ў катэгорыю артыстак? А танцуюць жа й няпростыя кампазіцыі! “Цярпенне ды яшчэ раз цярпенне. А галоўнае — правільны метадычны падыход, — з хітрынкай у вачах усміхаецца Ушакоў. — Спачатку мы пачалі займацца аэробікай. Патрохі прывучваў будучых танцорак да разумення музыкі, яе адчування, ускладняў заданні. Цяпер яны ўмеюць рытмічна рухацца, робяць драбушкі, хлапкі… Асвоілі такія нескладаныя й прыгожыя бальныя танцы, як па-дэ-катр, падэграс, блюз, падэспань. Далей бачу: хочуць танцаваць і больш сур’ёзна. Прыдумаў кампазіцыю “Пряліцы” па словах рускай народнай песні: спяваюць ды наігрываюць лыжкамі. Нумар адточвалі больш за год. Потым і ўкраінскую народную песню “Розпрягайте, хлопци, коней” мае артысткі не толькі станчылі, але й спелі. Нядаўна з чацвярых спявачак утварыліся “Весялушкі”: спяваюць частушкі. Нават сам я з імі заспяваў!”.

“Няўрымслівая Клаўдзія” ўжо тры гады выступае на пляцоўках цэнтра сацабслугоўвання, раённых і гарадскіх святах. Так што методыкі майстра спрацоўваюць не толькі ў дачыненні да студэнтаў.

Танцаваў — як служыў

Досвед свой танцавальны Вячаслаў Ушакоў збіраў у розных землях і заўсёды гатоў ім дзяліцца. Нарадзіўся ў расійскім горадзе Амутнінску Кіраўскай вобласці ў 1947 годзе. У хуткім часе яго сям’я пераехала жыць у Крым. Якраз пад час пераезду Славік убачыў на вакзале цыганскага хлопчыка: ён так прыгожа танцаваў цыганачку, выкідваў каленцы й вярцеўся, што сабраў цэлую шапку манетак. Тая мімалётная сустрэча стала лёсавызначальнай. Сям’я жыла ў Еўпаторыі, там Славік з пятага класа наведваў танцавальны гурток пры Доме піянераў. А пасля сямі паступіў у Кішынёўскае харэаграфічнае вучылішча, каб стаць артыстам балета. Асвойваць танцавальную навуку давялося з 8 раніцы да 18 вечара. Заняткі былі ў асноўным такія: класічны танец, народны, народна-сцэнічны, фехтаванне, акцёрскае майстэрства, дуэтны танец… У маладыя гады ў яго, прыгадвае, было столькі энергіі, што вечарам з сябрамі хадзіў і на бальныя танцы ў студыю кішынёўскага Дома моладзі, потым — у знакаміты тады Дзяржаўны ансамбль народнага танца Малдаўскай ССР “Жок”.

У ансамблі “Жок” і застаўся — прафесійным артыстам. Маладога танцора ў першы ж год узялі на гастролі: Масква, Фрунзе (цяпер Бішкек), Алма-Ата, Чалябінск, Ташкент, шэраг азіяцкіх гарадоў, Рыга… Далей ансамбль без адпачынку паехаў у Балгарыю, потым танцораў запрасілі на здымкі вядомага цяпер кінафільма “Свадьба в Малиновке”: яны зняліся ў шматлікіх танцах. Ушакоў нават і на кані — як вершнік.

Хоць меў юнак адтэрміноўку ад ваеннай службы, ды сябар папрасіў за кампанію пайсці ў армію. А служыць іх адправілі ў розныя месцы. Ушакоў трапіў у Ансамбль песні й пляскі Адэскай ваеннай акругі. Дні напралёт ён танцаваў ужо салдацкія, матроскія танцы. Пасля арміі ўладкаваўся ў адзін з адэскіх эстрадных калектываў ды ў яго складзе шмат дзе пабываў. Пазней, маючы вялікае жаданне прыдумляць уласныя харэаграфічныя кампазіцыі, Вячаслаў стаў студэнтам Маскоўскага інстытута культуры. Як атрымаў дыплом, хацеў вярнуцца ў “Жок”, у Кішынёў, ды жыццё склалася інакш. Разам з маладой жонкай-танцоркай Валянцінай паехаў на практыку ў Калінінград — там і засталіся. Ушакоў стаў балетмайстрам у філармоніі, маладыя атрымалі кватэру, у іх нарадзіўся сын, і пра пераезды гаворка не вялася. Тым не менш у 1979‑м Ушаковы такі прыехалі ў Беларусь, тут і прыжыліся.

Каларыт беларускага танца

Чаму раптам такое рашэнне? Танцорам прапанавалі выкладаць у Мінскім інстытуце культуры. “Нас запрасіў Віктар Захаравіч Савін, якога я добра ведаў з часу вучобы ў Маскве. Ён атрымаў пасаду загадчыка новай кафедры, шукаў аднадумцаў. Мая Валянціна Пятроўна стала весці заняткі па класічным танцы, я ж выкладаў народна-сцэнічны”, — патлумачыў Вячаслаў Ушакоў.

Вячаслаў Ушакоў з “Няўрымслівай Клаўдзіяй” . Фота minsknews.by

Ён не пакінуў звычкі асвойваць новыя танцы і ўжо, як кажуць, ва ўзросце захапіўся рытмічным стэпам. Тады, праўда, лічылася, што гэта нешта буржуазнае, і танцаваць стэп доўгі час ніхто не адважваўся. А знаўцу малдаўскай харэаграфіі чачотка давалася лёгка. Ушакоў пазнаёміўся з расійскім “каралём чачоткі” Уладзімірам Шубарыным, вядомым па фільме “Небяспечныя гастролі”, дзе той зняўся з Уладзімірам Высоцкім. Знакаміты артыст паказаў, як важна свінгаваць у стэпе, як у тым дапамагаюць спецыяльныя туфлі-“тапсы”, і як самому зрабіць кастаньеты. І ў хуткім часе выкладчык пачаў набіраць групы па авалодванні стэпам. У адну з такіх груп і прыйшла Джэнетта Дзмітрэнка. Іх дуэт “Джэслаў” выступаў з чачоткай ды іншымі танцамі на многіх арт-пляцоўках, быў вядомы ў Беларусі.

А ці прыйшоўся Вячаславу Клаўдзьевічу да душы беларускі народны танец? Так, і ён ім займаўся як прафесіянал: два гады працаваў у навуковай лабараторыі па зборы й апрацоўцы беларускага фальклору пры Інстытуце культуры. Шмат даведаўся пра беларускі нацыянальны касцюм, народныя спевы. А ў адной з вёсачак стары дзед, якому было далёка за 80, паказаў госцю рэдкі танец “Дзяржава”. У ім танцуюць некалькі людзей — і шэсць, і нават восем, — узяўшыся за рукі, не адпускаючы іх. Апісанне гэтага прыгожага й складанага танца зрабіў якраз Вячаслаў Ушакоў.

Сёння ён упэўнены: асаблівасці танцаў кожнай нацыянальнасці залежаць ад геаграфічнага становішча. “Напрыклад, калі Расія шырокая й вялікая, то й танцы яе народа люструюць шырыню душы. А Малдова — невялічкая, народ яе “звыклы да цеснаты”, а танец мае некаторую скаванасць у рухах і дробнасць. Беларусь жа можа пахваліцца й шырынёй рухаў у танцы, і некаторай заціснутасцю. У залежнасці ад свайго тэмпераменту, кожны народ выбірае і тэмп для свайго танца. Скажам, прыбалтыйскія народы любяць танцы сярэдняга тэмпу. Беларусы ж маюць як павольныя кампазіцыі, так і запальныя, завадныя танцы. У Расіі шмат лірычных танцаў, ёсць яны і на Беларусі. У беларускі каларыт свой унёсак зрабілі й народы, якія жывуць па суседстве”, — падзяліўся сваім бачаннем харэограф. Самабытныя, адрозныя ад іншых танцы ў беларусаў — гэта “Лявоніха”, “Полька-Янка”, “Крыжачок”, “Юрачка”, “Лянок”, “Ручнікі” ды іншыя.

Выкладчыцкую дзейнасць Вячаслаў Ушакоў пэўны час сумяшчаў з працай у Аб’яднанні музычных ансамбляў Мінска, у джаз-аркестры. З часам яго заўважылі ў Белдзяржфілармоніі ды ў 1997‑м запрасілі туды на працу.

У Расіі нарадзіўся — у Мінску згадзіўся

Сёння Вячаслаў Ушакоў гаворыць: ён — адзін з нямногіх, каму пашчасціла патрапіць у тую прафесію, што была яму наканавана. Кар’еру танцора пачынаў у Малдове, потым — Украіна, Расія, з танцавальнымі нумарамі аб’ехаў вялікія тэрыторыі былога СССР, пазней танцаваў у Германіі, Бельгіі, Грэцыі, Іспаніі, на Кіпры… У Белдзяржфілармоніі ў яго была ўласная канцэртная праграма “Танцы народаў свету”. Амаль 20 гадоў ён выступаў у стэп-дуэце “Джэслаў” разам з вучаніцай Джэнеттай Дзмітрэнкай быў бадай адзіным стэпістам у Беларусі. А 60‑годдзе Вячаслаў Клаўдзьевіч адзначыў як балетмайстар у заслужаным ансамблі танца “Крыжачок”. Да 2016 года яшчэ дуэт “Джэслаў” выязджаў з малдаўскімі танцамі на фестывалі нацыянальных культур у Гродна, супрацоўнічаў з малдаўскай дыяспарай. Каля 10 гадоў ён, як балетмайстар-пастаноўшчык, натхняе цыганскае шоу “Кустурыца”. Канцэрты калектыву, якія з поспехам праходзяць у Палацы культуры чыгуначнікаў, Палацы культуры МТЗ, у Белдзяржфілармоніі — гэта заслуга і Вячаслава Ушакова.

Прафесію танцора гэты расійскі чалавек, для якога Беларусь стала роднаю, “адстойвае” ўжо не толькі сваімі “потам і крывёю”, але і ўласнай дасведчанасцю. Ён адбыўся тут як цудоўны педагог і танцор. І кар’ера яго склалася, і душа вольна дыхае ў Мінску, якому маэстра сёння прысвячае нават свае вершы.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».