Вы тут

Чаму мінімальныя парогавыя значэнні на ЦТ засталіся на ўзроўні 2018 года?


Да старту цэнтралізаванага тэсціравання засталося крыху менш як тры месяцы. Традыцыйна ў гэты час Міністэрства адукацыі вызначаецца з тэставымі баламі, якія будуць прыраўноўваецца на цэнтралізаваным тэсціраванні да нездавальняючай адзнакі. Сёлета абвяшчэння мінімальных парогаў абітурыенты чакалі з асаблівым нецярпеннем, бо пачынаючы з першага этапу рэпетыцыйнага тэсціравання Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў пачала прымяняцца новая методыка падліку балаў на ЦТ.


Адмаўленне ад рэйтынгавай шкалы адразу адбілася на балах, якія абітурыенты ўбачылі па выніках і першага, і другога раунда «рэпетыцыі» будучага экзамену. Пераадолець 50-бальную планку — цяпер не праблема. Каб зразумець, на якія балы абітурыентам трэба арыентавацца, партал adukar.by праводзіў сярод удзельнікаў ІІ раунду рэпетыцыйнага тэсціравання анлайн-апытанне. І высветлілася, што на тэстах па дзяржаўных мовах пераважная большасць абітурыентаў набралі больш як 50 балаў, па фізіцы і матэматыцы —ад 51 да 80 балаў, хіміі і біялогіі — 51-90 балаў і гэтак далей. 

На прэс-канферэнцыі для журналістаў у лістападзе мінулага года дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк папярэджваў, што абітурыентам 2019 года трэба рыхтавацца да павышэння мінімальнага парога. Які ён будзе, Юрый Міксюк сказаць не змог (20, 30 ці 40 балаў?). Удакладніў толькі, што рашэнне будзе прымацца пазней. 

Арганізатары ЦТ запэўніваюць, што іх мэта — укараненне методыкі, якая давала б ацэнку ведаў у абсалютнай велічыні, гэта значыць, стала б больш аб’ектыўнай. А ранейшая рэйтынгавая методыка быццам бы не дазваляла супаставіць узровень ведаў, прадэманстраваных абітурыентам на ЦТ, з яго школьнымі ведамі. Да таго ж новая методыка ліквідуе псіхалагічны бар’ер, які ўзнікаў у абітурыентаў пасля атрымання нізкіх балаў. Напрыклад, 10 балаў на ЦТ — гэта не рэальны ўзровень ведаў абітурыента, а яго рэйтынгавая ацэнка за выкананне канкрэтнага тэста, — так тлумачылі прадстаўнікі РІКВ.

1 сакавіка Міністэрства адукацыі прыняло пастанову № 21 «Аб вызначэнні адзнак, якія прыраўноўваюцца ў 2019 годзе да нездавальняючых». І высветлілася, што мінімальныя парогавыя значэнні засталіся на ўзроўні 2018 года. 

Так, па беларускай або рускай мове нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 24 балаў для філалагічных спецыяльнасцяў і ад 0 да 9 балаў — для ўсіх астатніх спецыяльнасцяў. Калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія з’яўляюцца першай профільнай дысцыплінай, то нездавальняючымі прызнаюцца адзнакі ад 0 да 19 балаў. Станоўчым вынікам лічацца 20 балаў і больш. Калі тыя ж дысцыпліны з’яўляюцца другім профільным іспытам, то планка патрабаванняў зніжаецца, і абітурыенту дастаткова будзе набраць усяго 10 балаў (нездавальняючымі лічацца ад 0 да 9 балаў). 

Калі першай профільнай дысцыплінай з’яўляюцца гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія і замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), нездавальняючымі лічацца балы ад 0 да 24. Калі гэта другая профільная дысцыпліна, то трэба будзе набраць не менш як 15 балаў, каб быць дапушчаным да ўдзелу ў конкурсе. 

А самыя нізкія парогавыя значэнні ўстаноўлены для абітурыентаў, якія будуць сёлета паступаць у ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па групах спецыяльнасцяў «Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства», «Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый», «Меліярацыя і водная гаспадарка» і «Аграінжынерыя».

Для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, ім дастаткова будзе набраць усяго 7 балаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова», «Матэматыка», «Фізіка», «Хімія», «Біялогія», «Гісторыя Беларусі», «Сусветная гісторыя найноўшага часу», «Грамадазнаўства», «Геаграфія» і «Замежныя мовы». Вынік ад 0 да 6 балаў будзе лічыцца нездавальняючым.

Шчыра кажучы, і раней парогавыя значэнні ў 10-15 балаў, а тым больш у 7 балаў па стабальнай шкале выклікалі горкую ўсмешку ў выкладчыкаў ВНУ і педагогаў. А калі цяпер насамрэч балы на ЦТ можна супастаўляць са школьнымі адзнакамі, атрымліваецца ўвогуле вельмі сумная сітуацыя. Дастаткова вырашыць літаральна два-тры заданні з тэста, і ты ўжо можаш прэтэндаваць на запаветны студэнцкі білет? 

Між іншым, на той жа сустрэчы з журналістамі Юрый Міксюк канстатаваў: для таго, хто прэтэндуе на максімальны тэставы бал, нічога не зменіцца. Ім па-ранейшаму трэба будзе даць правільныя адказы на ўсе заданні. Пасля 70–75 балаў, што ранейшая, што новая методыка дае аднолькавы вынік. Тыя, хто паказваў найлепшыя веды, будуць мець і больш высокія балы. А вось сітуацыя ў вобласці нізкіх і сярэдніх балаў зменіцца. Там тэставыя балы павысяцца. Яны насамрэч павысіліся, але мінімальныя прахадныя парогі засталіся ранейшымі. Чаму? Хацелася б атрымаць кампетэнтны адказ на гэта пытанне...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.