Вы тут

Ці можна кусаць або ламаць хлеб-соль на вяселлі?


Мы атрымалі ліст ад Марыны М. з Маладзечна. У ім і боль, і роспач, і разважанні. Чытайце самі: «Нядаўна мяне запрасілі на вяселле. Паехалі на машынах у загс, потым пад'ехалі да сталоўкі, дзе будзе праходзіць мерапрыемства. Маці з бацькам выйшлі на парожак і сустрэлі маладых хлебам-соллю. Падышоў тамада і прапанаваў маладым адламаць кавалак хлеба і пакарміць адзін аднаго, макаючы хлеб у сальніцу. Нявеста адламала большы кавалак, тамада агучыў, што менавіта яна стане «галоўнай» у сям'і. Маладых «сустрэлі», усе зайшлі ў сталоўку. Праз дзве гадзіны мы з мужам пайшлі на перапынак і заўважылі, як на падаконніку ў калідорчыку перад залам ляжыць той самы паламаны хлеб-соль, пустая сальніца, ручнік... Ахапіў такі боль за гэтыя ўжо нікому непатрэбныя святыя рэчы. Хачу запытацца: калі так сталася, што на вяселлях з'явілася гэтая традыцыя — ламаць або кусаць каравай? Прыгадваю сваё дзяцінства, калі я купіла ў краме батон і, пакуль ішла дамоў, адламала залацісты акрайчык і з'ела. Дома атрымала ад маці кухталёў і навуку: «Нельга ламаць хлеб, бяду наклічаш на нашу сям'ю»...


Фота svadbami.ru

На жаль, мы паступова адлучаемся ад шматвекавых абрадаў, якія для нас ператвараюцца ў выязную тэатралізаваную дзею. А тыя, хто яшчэ ўчора быў непасрэдным творцам (бацькі маладых, сваты, хросныя бацькі) гэтага сакральнага рытуалу, выключаюцца з яго і займаюць пазіцыю пасіўнага гледача. У такім выпадку бацькі маладых перакладваюць адказнасць за дакладнае выкананне вясельнага абраду на плечы вядучага — чужога чалавека, які часцей за ўсё сам нічога не ведае аб сэнсе сакральнай дзеі. Як вынік: страчваецца дакладнае разуменне зместу рытуалаў, губляюцца ўнутраныя сувязі паміж іх складнікамі.

Пасля таго як маладыя «разбілі-развіталіся» са сваім ранейшым сацыяльным статусам (спачатку яны былі хлопцам і дзяўчынай, а затым сталі жаніхом і нявестай), маці сустракала іх караваем (хлебам-соллю), які ляжаў на ручніку.

Хлеб-соль у руках маці сімвалізаваў перанараджэнне двух разрозненых пачаткаў у абноўленае адзінае цэлае — сям'ю. А таму жаніх і нявеста цалавалі хлеб-соль — знак іх сямейнага шчасця, адзінства, непарушнасці іх саюзу на доўгія гады і прымалі ў свае рукі як першы, самы важны і каштоўны падарунак у іх сумесным сямейным жыцці.

Яшчэ раз звяртаем увагу нашых сучаснікаў: бохан, прыняты з рук маці, які сімвалізаваў шчаслівае шлюбнае жыццё, не ламалі, не кусалі, тым самым робячы яго «недасканалым», а толькі цалавалі (!).

У томе «Вяселле. Абрад» серыі «Беларуская народная творчасць», выдадзенай Нацыянальнай акадэміяй навук, прыведзены 35 рэгіянальных варыянтаў вясельнага абраду (практычна ўсе гісторыка-культурныя рэгіёны Беларусі), зафіксаваных у розныя часавыя перыяды. Ніводнае апісанне вяселля не ўтрымлівае інфармацыі, што жаніх і нявеста ломяць ці кусаюць (што адно і тое ж) вясельны каравай!

Людзі, якія раяць ламаць хлеб на вяселлі, проста не разумеюць логіку развіцця падзей на пачатку святочнай дзеі і, што яшчэ горш, не бачаць увесь рытуальна-абрадавы комплекс у цэлым. Давайце яшчэ коратка. Маладыя едуць у храм або загс у розных машынах, там іх ставяць на адзін ручнік, назад яны вяртаюцца ў адной машыне. Іх сустракаюць адзіным хлебам-соллю. З гэтых прыкладаў вынікае, што галоўным прынцыпам разгортвання падзей становіцца жаданне аб'яднаць пару маладых у адну сям'ю. Ці ж можна ў такім разе парушаць адпрацаваную логіку разгортвання падзей і рушыць сімвал адзінства маладой сям'і — хлеб-соль? Канешне ж, не! У першы дзень ён павінен ляжаць на стале каля маладых, як пачэсны сімвал, а на другі дзень яго можна парэзаць і раздаць гасцям (як, дарэчы, і вясельны каравай).

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў. 

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.