Вы тут

Як зменіцца закон «Аб паштовай сувязі»


Дзейсны закон «Аб паштовай сувязі» быў прыняты ажно ў снежні 2003 года. За гэты час натуральным чынам змянілася многае. І наспела неабходнасць змен у нарматыўна-прававой базе, якая рэгламентуе дзейнасць пошты.


— Законапраект «Аб паштовай сувязі» — адзін з нямногіх, які выклікаў падчас першага чытання вельмі шырокую дыскусію, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэй Рыбак. — Пэўна, гэта звязана з тым, што паслугамі пошты карыстаемся мы ўсе з самага дзяцінства. Лічым гэта ўсё натуральным фонам, і таму заканамерна прад'яўляем павышаныя патрабаванні. Таму мы пастараліся вырашыць усе ўзніклыя пытанні, перш чым уносіць законапраект да другога чытання.

Дык якія ж змены чакаюцца ў законе? Пра іх расказаў член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй Юніцын.

— Мы хочам распрацаваць больш якасныя механізмы прававога рэгулявання дзейнасці пошты ў Беларусі. Гэта і знайшло адлюстраванне ў законапраекце. Для нас важна, каб наступствы работы па новых правілах станоўча паўплывалі на развіццё паштовай сувязі і добра сказаліся на перспектыве. А гэта, у сваю чаргу, прынясе паляпшэнне якасці абслугоўвання
насельніцтва і юрыдычных асоб.

Законапраект быў унесены ў Палату прадстаўнікоў летась 25 кастрычніка. У першым чытанні яго прынялі 6 снежня. Падчас падрыхтоўкі да другога чытання мы двойчы збіралі рабочыя групы, якія ўносілі свае прапановы. У цэлым жа ў 18 артыкулаў законапраекта ўносяцца змяненні і дапаўненні. Некаторыя з іх наогул выкладаюцца ў новай рэдакцыі.

Так, з'яўляецца тлумачэнне паняцця «гібрыднае адпраўленне». Яно спалучае ў сабе выгоды як традыцыйнага папяровага, так і сучаснага электроннага. Скажам, вы адправілі з аднаго канца краіны нейкі дакумент у электроннай форме, а ваш адрасат на другім канцы атрымаў максімальна хутка яго папяровы варыянт. Тое ж працуе і наадварот. Мяркуецца, што гэтай паслугай зацікавяцца перш за ўсё юрыдычныя асобы.

— Таксама ў законапраекце з'яўляецца азначэнне нацыянальнай электроннай паштовай сістэмы, — працягвае Андрэй Юніцын. — Гэта абароненая аўтаматызаваная паштовая сістэма, якая забяспечвае прыём, апрацоўку, захоўванне і ўручэнне ў электроннай форме простых і заказных адпраўленняў, апавяшчэнняў аб атрыманні, а таксама перадачу іншых паведамленняў і пацвярджэнні аб іх дастаўцы і ўручэнні.

Якраз гэтае пытанне выклікала актыўную дыскусію падчас абмеркавання. Былі заўвагі на пасяджэнні рабочай групы ад прадстаўнікоў Савета Рэспублікі і Аператыўна-аналітычнага цэнтра.

— Нам трэба было зразумець, як яе ўбудуюць у нацыянальную сістэму паштовых паслуг і як яна будзе функцыянаваць, як будзе ісці ўзаемадзеянне з адрасатамі, каб гэта было ўсім зразумела, — кажа Андрэй Юніцын. — Праз нашу камісію таксама разглядаўся законапраект аб электронным лічбавым подпісе, і пытанні ўзніклі, таму што гэтыя сферы вельмі шчыльна перасякаюцца. Стваралася ўражанне, што трэба фарміраваць нейкую паралельную сістэму электроннага дакументазвароту і паштовых адпраўленняў, якая будзе канкурыраваць з нацыянальнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай. Але да другога чытання мы гэтыя пытанні знялі.

Сярод іншых навацый — карэкціроўка паняцця паштовай бяспекі, вызначэнне тэрміну «кур'ер», сучаснага пераліку паслуг паштовай сувязі.

— Яшчэ адно пытанне, якое выклікала дыскусію, — дастаўка паштовых адпраўленняў у садаводчыя таварыствы і дачныя кааператывы. Мы стараліся, каб гэтае азначэнне не выпала з прававой сферы паштовай сувязі. Так, законапраект дазваляе таварыствам і кааператывам устанаўліваць абаненцкія скрыні ў месцах, узгодненых з нацыянальным аператарам паштовай сувязі, а таксама забяспечваць доступ супрацоўнікаў і падтрымліваць іх у належным стане.

У цэлым жа пасля першага чытання ў законапраект «Аб паштовай сувязі» было ўнесена каля 50 карэкціровак. 18 лютага законапраект быў накіраваны ў Савет Міністраў, Савет Рэспублікі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, Камітэт дзяржкантролю, аблвыканкамы, Мінгарвыканкам і іншыя профільныя ведамствы.

Хутка пошта запрацуе па-новаму.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Адпраўленні могуць быць і гібрыдныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.

Грамадства

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

Гісторыя кар'еры падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава.

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад.