Рады б у рай...


З назіранняў: прамінулы 2018-ы быў багаты на яблыкі, багаты настолькі, што сваяк забяспечыў імі ўсіх: радню, суседзяў, супрацоўнікаў, знаёмых сваіх знаёмых...

І нават пасля гэтага свежай садавіною песціць... кароўку. У сакавіку.


Без сястры

Дзень. Аўтобус... Дарога і спадарожнікі. Сярод іх — бабуля з унукам і прыгожая маладзіца з дзвюма дзяўчынкамі. Большай, можа, гадкі з чатыры, і яна ўжо як бы самастойная — сядзіць каля акенца, малая — у мамы на каленях. Там жа — разгорнута кніжка з малюнкамі і дзіцячымі вершамі. Матуля напаўголаса чытае, усе слухаюць. Дочкі, праўда, нядоўга — ім хочацца падурэць. Старэйшая з дзяўчынак пачынае размахваць рукавічкамі і тым самым ледзь не б'е па твары малую... Ёй не баліць — яна смяецца, а вось хлопчык...

— Калі б у мяне была сястрычка, — досыць гучна гаворыць ён, — я яе нік-колі б не біў!

...Заступніку на выгляд гадкоў, можа, сем ці восем. І калі бацькі не купілі яму сястрычку дагэтуль, то ўжо, відаць, і не купяць? А шкада: браток у яе быў бы вельмі харошы!

І ты, Брут?

Разам з Мішам у дзіцячы садок ходзяць Яраслаў, Багдан, Давід, Елісей...

І з дзяўчынкамі ўсё «заблытана». У новенькай адной нянечка папыталася: як завуць? «Забыла», — прашаптала малая.

Мама на дапамогу прыйшла, сказала, што дзяўчынку завуць Ізабелай.

І смех і грэх

На хаду цяпер людзі размаўляюць, нешта п'юць-ядуць, абдымаюцца... Само сабою — працуюць: па мабільніках прымаюць заказы, узгадняюць пастаўкі, даты, па дарозе, у грамадскім транспарце вывучаюць дакументы...

Вось і ў мяне — тэкст: вялікі, напісаны, як на здзек, на лістах у клетачку (прычым — у кожную), ад чаго радкі проста зліваюцца ў суцэльнае шэрае «поле». А горш за тое — апошнія хвілін з 15 чытаць даводзіцца пад досыць гучнае «бу-бу-бу»: мужчына, што сядзіць насупраць і непадалёк (у трамваі — нібы на троне, «пальцы ўроскідку»...), па мабільным кіруе «вытворчасцю» — то-бок аднаму дае даручэнні, з другога нешта спаганяе, трэцяга распякае...

Разам з ім, тым гаротнікам, і ўсімі, хто сядзіць ці стаіць паблізу, моўчкі зносім — у надзеі, што гэта ж некалі скончыцца? Потым, злавіўшы позірк, далікатна спрабуем сказаць чалавеку, што ён тут не адзін, што трэба — хоць бы цішэй, а на добры толк — даўно пара б закругліцца...

Папярэднія намёкі дзядзька «не разумее». На апошні — узрываецца праведным гневам: вы што, маўляў, не разумееце — я з Літвой размаўляю!

— З УСЁЙ?! — міжволі зрываецца ў некага.

Людзі вакол узрываюцца смехам, дзядзька чырванее, «складвае пальцы» — спехам ідзе на выхад. І тым самым пацвярджае старое, як свет, «адкрыццё»: «Смеху баіцца нават той, хто не баіцца нічога».

З дзвюх бед меншую...

Жабракі бываюць розныя. Вось гэты — адназначна — не ў турме гадаваны: ён спачатку шчыра прабачаецца і толькі потым просіць 20 капеек. Не 50, не 10...

Нехта дае — хто лічачы, хто не лічачы, нехта — грэбліва касавурыцца і праходзіць міма, нехта (не без таго) пачынае выхоўваць — вучыць мужчыну жыццю: маўляў, малады (што праўда, відаць, бо яму гадоў сорак?), здаровы і мог бы знайсці работу (тут ужо бабка надвое казала), а бач ты...

Мужчына не крыўдзіцца, не пярэчыць — ён пабіраецца далей.

...Неяк бачылі яго побач, у невялічкай краме. Ён купляў сабе пачак цыгарэт і кубачак кавы. Трэба разумець, зладзіў перакур, пасля якога зноў вярнуўся «на службу».

Яна, вось такая, гонару чалавеку не робіць, але ж...

Лепей прасіць, чым красці.

Страта

Прыгожыя словы «ўгодкі», «жальбіны»: чатыры гады як не стала сяброўкі. Дужа набожнай яна (светлай памяці!) ніколі не была, але ж мы з'ездзілі ў царкву, паставілі свечкі.

Што цікава, калі заходзілі туды, свяціла сонца, калі выходзілі — пачаўся дождж. А ў нас — ні капюшонаў, ні парасонаў...

Прыйшлося, як той казаў, «збіцца з курсу» — нырнуць у бліжэйшую краму і нават узрадавацца, падумаць, як добра было б зараз нешта купіць, прынесці дамоў, сказаць сваім, што вось, маўляў, будзе рэч з гісторыяй, бо купіла па дарозе з царквы, як напамін аб сяброўцы. Ці нават падарунак — ад яе.

Але ж гэта — не з нашым шчасцем, бо нічога вартага ў той крамцы мы не ўбачылі і не прыдбалі: няма сяброўкі — няма падарункаў.

На фінішы

Архіпавіч — пенсіянер са стажам. У вёсцы нечым бы займаўся, а ў горадзе — дома сядзіць, калі некуды ідзе, то хіба ў краму альбо ў паліклініку. І ўжо адтуль што ні «ходка», то навіна: то аднаго знаёмага сустрэў, то другога... У таго інфаркт, той анкалогію лечыць, той суставы мяняе, той на вочы аперацыю зрабіў, а вось таму ўжо нічога не баліць і нічога не трэба — сышоў...

Адкуль выснова:

— Во, да чаго дажываемся: калі і бачымся дзе, то хіба ў лякарнях, калі і гаворым аб чым, то аб хваробах і смерці.

Рады б у рай...

Лявонаўне 87. Сяброўцы і суседцы яе — трошкі менш. Збіраюцца. Вы здагадаліся, куды... Хатулькі з адзежай ужо падрыхтаваны, гарэлка прыкапана, месца на могілках «забраніравана». Што засталося? Ды ці не самае складанае: у лёгкую — дай бог — хвіліну пакінуць сваіх дзяцей, сялібы і свет...

— На гэтым — мы з табой у суседстве жылі, — уздыхае сяброўка, — а на тым, відаць, расставацца прыйдзецца? Ты ж у рай пападзеш — праведніца. А я...

— І ты ў рай, — абрывае суседка, — толькі дурніцай не будзь, не маўчы. Як сарціроўка пачнецца, адразу кажы, што ў пекле ўжо набылася — на гэтым свеце.

Але ж...

Ці вялікі той рай? Ці хопіць месца на ўсіх, хто перажыў раскулачванне, голад, вайну, хто не разгінаўся ад працы, пахаваў дзяцей, за семярых хварэў?

Памром — убачым.

Тэлеграму, шкада, не дасі. А зрэшты...

Мацвееўна пра дзядулю свайго расказвала: якім гаспадаром быў, як сям'ю глядзеў, як напачатку мінулага стагоддзя ў Амерыку на заробкі з'ездзіў, золата навёз.

Ну і далей — як не старым яшчэ аўдавеў, як ажаніўся зноў ды ў хуткім часе памёр...

І тады яго маладая ўдава ўсё чыста пад сябе падгрэбла: і дом, і маёмасць, і грошы, дзецям толькі магілу пакінула — гадоў з 20 ля яе не была.

А потым ці не адумалася: на Радаўніцу далучылася да радні. Прыйшла, пацалавала імя на помніку, на магілу паставіла бутэльку — закаркаваную, крамную — на жоўценькі пясочак (то-бок ніякіх каменьчыкаў там не было). А пляшка між тым на вачах разбілася — друзам «асела на пясок».

...Калі б пра гэта расказваў хто іншы, можна было б не паверыць. Мацвееўна падманваць не будзе: на ўласныя вочы бачыла.

Перад выбарам

...Новыя навіны: на многіх сталічных прыпынках з'явіліся невялічкія табло. У першым слупку там — нумары аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, у другім — канцавыя прыпынкі (то-бок месцы, куды яны могуць завезці), у трэцім — праз колькі хвілін падыдзе найбліжэйшы...

Днём, як правіла, інтэрвалы невялікія. А вось вечарам, калі на нешта спазніўся, прыйдзецца пачакаць. Людзі пра гэта ведаюць і не дзіва, што стараюцца паспець: з задняй пляцоўкі аўтобуса мы бачым тройку дзяўчат, якія бягуць з усіх сіл, даганяючы, прычым апошняя — можна сказаць, на злом галавы, бо да ўсяго — на высокіх абцасах.

— Фу, паспелі! — уляцеўшы ў салон, гаворыць адна з іх.

— І нават ногі не павыкручвалі, — дадае другая, гледзячы на тую, што ўскочыла апошняй.

Яна таксама не маўчыць: крыху перавёўшы дух, пачынае расказваць, што яе суседка на распродажы класныя чаравікі купіла: на таўставатай падэшве, без абцасаў і лёгкія-лёгкія... Спецыяльна, каб сабаку выгульваць.

— Вось і мне трэба, — прызнала праз паўзу, — альбо не бегаць, як той сабака, альбо «сабачы абутак» купіць.

Паралелі

Раніца. Трамвай. Трыццаць хвілін дарогі — трыццаць чытання. Яму, як правіла, мала перашкаджаюць рэкламныя абвесткі, кантралёры, прыпынкі ці пасажыры, якія ўстаюць альбо садзяцца побач.

Хіба надоечы?

Ад чытання «адарвалі» нейчыя ногі: праз шматлікія дзіркі ў джынсах відаць было — худыя, кастлявыя, ссінелыя ад холаду...

Некалі акурат такія можна было ўбачыць у крамах — у... замарожаных курэй.

Сон

Анекдот (а магчыма, і праўда?): дзеўка адна з году ў год абвестку ў газету давала: маўляў, шукаю маладога, прыгожага, адукаванага, добрага, багатага, без шкодных звычак — для стварэння сям'і.

Гадоў з дзесяць на іх ніхто не адгукаўся! І тады — ці не страціўшы надзею — кандыдатка ў нявесты паправіла тэкст: напісала, што шукае вось такога мужчыну ўжо з іншаю мэтай — «хоць паглядзець!»

...Нам некалі пашчасціла: мы з такім працавалі. Як быццам гадамі! А ўсё роўна мала. Таму неяк, сабраўшыся за сталом ды прыгадаўшы тыя часы, зрыфмавалі кароткае:

Налілі мы чаркі,

Келіхі ўзнялі.

З гора, што не з намі,

З радасці — былі.

Некалі. А вось цяпер...

Прыснілася, што той чалавек прыйшоў, паклікаў за сабой ці нават павёў...

Не паспела сцяміць, адкуль? Не пытала, куды (бо без розніцы).

Убачыла, што прыйшлі. Там — велікаваты пакой, паўзмрок, жменька людзей — розных, але аднолькава прыязных. Яны ўсміхаліся, нешта казалі, але што?

Прыслухалася і зразумела: гэта не яны, гэта суседзі за сценкай.

...Прачнуўшыся, доўга думала, ці не пара аднекуль сыходзіць, некуды ісці? Нават у людзей пыталася: можа, гэта знак?

Сказалі, што проста сон.

Валянціна Доўнар

Ад яе ж. Зноў жа з назіранняў і, што называецца, паміж намі жанчынамі. Гады са тры таму ў маленькай крамцы каля вакзала ўразіў выбар калгот. Захацелася і тыя, і гэтыя — то-бок проста цёплыя, вельмі цёплыя і яшчэ цяплейшыя (на вялікія маразы).

Леташняй зімой — нейкія больш, нейкія менш, аднак насіліся ўсе. Сёлетняй — да самых цёплых так і не дайшло.

Значыць, зіма была лёгкай?

А галоўнае, што была!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.