Вы тут

Як без рызыкі навесці парадак на падворку?


Хоць эколагі і ратавальнікі даўно кажуць ва ўнісон аб тым, што карысць ад выпальвання травы мінімальная і непараўнальная са шкодай, якую тое наносіць жывёльнаму і расліннаму свету, — усё роўна год ад году людзі пазбаўляюцца на падворках ад мінулагодняй расліннасці прымітыўным і небяспечным спосабам. Які, аднак, перыядычна прыводзіць і да трагедый.


Першая ахвяра веснавых палаў у Беларусі з'явілася ўжо ў мінулыя выхадныя. У суботу ў аграгарадку Ліскі Рэчыцкага раёна мужчына прыйшоў адведаць маці. Але ўбачыў на прысядзібным участку сляды ад пажару і... цела. Па папярэдняй версіі, жанчына зладзіла выпальванне травы, а калі сітуацыя выйшла з-пад кантролю, спрабавала самастойна справіцца з агнём. Аднак страціла прытомнасць, упала і выбрацца ўжо не змагла...

— Звычайна сакавік для ратавальнікаў — месяц складаны, — каментуе сітуацыю афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Адначасова могуць мець месца тры неспрыяльныя з'явы: пажары ў экасістэмах, снег, які ў вялікай колькасці застаецца ў вярхоўях рэк і паводка. Невялікія снегазапасы прывялі да таго, што дзве апошнія праблемы на сёння неактуальныя. Але гэта азначае аўтаматычнае пагаршэнне першай.

Прадказальна сітуацыя ўскладнілася па Брэсцкай вобласці, дзе снег сыходзіць раней. Па стане на 18 сакавіка на гэты рэгіён прыйшлося 64 узгаранні на зямлі з 81 у цэлым па краіне. Што будзе далей — залежыць ад літасці надвор'я. Напрыклад, летась трава і хмызняк гарэлі 1390 разоў на агульнай плошчы ў 760 гектараў. Сувымерная статыстыка атрымалася і па выніках 2017-га.

І амаль усе выпадкі прыходзяцца на дзейнасць чалавечых рук. Пажары ад вясновых навальніц складаюць мізэрны працэнт.

— Добры гаспадар мусіць наводзіць парадак на сваёй тэрыторыі ўвосень. Яшчэ перад надыходам зімы трэба прыбраць апалае лісце і засохлыя сцябліны раслін. Калі гэта зроблена не было, то такія «сюрпрызы» з'яўляюцца адразу, калі сыходзіць снег. Пазбавіцца ад іх вырашаюць простым шляхам — кінуць запалку. Чамусьці існуе думка, што гарэнне будзе кантралюемае, хоць гэта зусім не так. Меншая колькасць выпадкаў прыходзіцца на неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, калі на сухую траву ляціць непатушаная цыгарэта. Зусім экзатычныя выпадкі ўзгаранняў абавязаны паходжаннем няспраўнаму глушыцелю аўтамабіля, калі іскры з яго ляцяць наўпрост на траву.

У пачатку красавіка 2017 года ў Гродзенскую гарадскую клінічную бальніцу трапіў 48-гадовы мужчына з тэрмічнымі апёкамі 1-й і 2-й ступені 20 працэнтаў цела. Аказалася, што ён закурыў і заснуў на траве. Цыгарэта ўпала, падпаліла сухую траву і вопратку.

Але часцей за ўсё ахвярамі такіх пажараў становяцца асобы пажылога ўзросту. Каардынацыя рухаў у іх ужо не тая. І дастаткова любой дробязі, — крыху замарудзіліся, падзьмуў ветрык, каб агонь выйшаў з-пад нават такога хісткага кантролю. Далей чалавек хвалюецца, бянтэжыцца, а агонь адсякае магчымыя шляхі адступлення, бо распаўсюджваецца з хуткасцю чалавека, які бяжыць, — гэта 7-8 кіламетраў за гадзіну...

Фота БелТА.

— Спальваць смецце на сваім участку дазваляецца, але для гэтага трэба выконваць элементарныя правілы бяспекі. Многія іх ігнаруюць або проста не ведаюць. Распальваць вогнішчы дазволена на адлегласці не менш за 10 метраў ад будынкаў, 20 метраў — ад лясоў і 30 метраў — ад сціртаў сена і саломы. Пад рукой трэба мець любы сродак, які патушыць агонь. Гэта можа быць вядро з вадой або з пяском ці вогнетушыцель. Месца, дзе шчыруе агонь, трэба акапаць, каб ён фізічна не змог выйсці за «дазволеныя» межы. І не пакідаць яго без нагляду і пад наглядам дзяцей. Звяртаемся да маладых сваякоў — завітайце на падворак да сваіх бабуль і дзядуль, дапамажыце ім навесці парадак правільна. Тым больш што вясна — самы час для таго, каб адрамантаваць загадзя печ і праводку. І яшчэ нагадаць пра тое, што траву можа падпаліць і іскра з мангала. Ставіць яго трэба на адлегласці не менш за пяць метраў ад дома, і пад ім не павінна быць ніякай расліннасці.

— А ці можна патушыць такі пажар самому?

— Перш за ўсё трэба паведаміць аб узгаранні ратавальнікам. Але і самастойна ліквідаваць гарэнне травы і хмызняку не так і складана. Вышыня распаўсюджвання агню, як правіла, невялікая — прыкладна на ўзроўні калена. Трэба ўзброіцца звязкам прутоў або галінак лісцевага дрэва і збіваць гэтай імправізаванай «мяцёлкай» агонь або закідваць край агню пяском. І нават калі полымя затушылі, то лепш прыкладна паўгадзіны заставацца на месцы. Справа ў тым, што недзе можа заставацца схаванае гарэнне... Увогуле, калі вяртацца да выпадкаў з пацярпелымі, то пажылыя людзі — ахвяры веснавых выпальванняў — атрымліваюць часцей за ўсё адначасова і моцныя камбінаваныя апёкі, і атручэнне чадным газам.

Гэта пацвярджае і мартыралог мінулага года. 7 красавіка ў вёсцы Відзібор Столінскага раёна загінуў 60-гадовы мужчына, які выпальваў на сваім участку сухую расліннасць. Крыху пазней, 19 красавіка, на полі каля вёскі Дроздзіна Барысаўскага раёна пры тушэнні пажару травы быў знойдзены моцна абгарэлы труп мужчыны. Пасля высветлілася, што небараку было 56 гадоў...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Вясна з пахам куродыму

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла