Вы тут

Час дыктуе падыходы


На Латвійскай кніжнай выстаўцы беларускі стэнд прадставіў больш за 250 выданняў, у тым ліку кнігі — пераможцы міжнародных конкурсаў, выданні пра гісторыю і турыстычны патэнцыял Беларусі. Найбольшую цікавасць выклікалі праекты, прысвечаныя народнай творчасці і фальклору, медыцыне і псіхалогіі, а таксама выданні для дзяцей. Пазнаёміўшыся з тэхналогіямі кнігавыдання Латвіі, беларускія выдаўцы зрабілі высновы і наконт сваёй працы.


За тры дні пляцоўку наведала амаль 16,4 тысячы аматараў друкаванай кнігі. ХХII Міжнародная выстаўка сабрала каля 100 экспанентаў з васьмі краін, сярод якіх — Чэхія, Літва, Расія, Турцыя, Германія і Украіна. Беларускія кнігавыдаўцы і кнігараспаўсюджвальнікі паўдзельнічалі ўпершыню. У адкрыцці беларускага стэнда ўзялі ўдзел пасол Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч і намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, які ўзначаліў дэлегацыю. Экспазіцыю Беларусі наведалі многія прадстаўнікі нацыянальнай дыяспары ў Латвіі. Акрамя таго, некалькі бібліятэчак беларускіх кніг, прыкладна па 220 асобнікаў у кожнай, беларуская дэлегацыя перадала зацікаўленым установам. Напрыклад, адну такую бібліятэчку атрымала ў падарунак Рыжская асноўная беларуская школа імя Янкі Купалы, яшчэ адну — Елгаўскае беларускае таварыства «Лянок». Дасягнута дамоўленасць аб перадачы падобнай бібліятэчкі і беларускаму цэнтру Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Каля 70 кніжных навінак, якія экспанаваліся на беларускім стэндзе, былі перададзены Пасольству Беларусі ў Латвіі.

Акрамя таго, беларуская дэлегацыя пазнаёмілася з новымі тэхналогіямі кнігавыдання, наведаўшы Елгаўскую друкарню.

— Тут штогод абнаўляюць вытворчасць, таму што без гэтага немагчыма канкурыраваць на кніжным рынку. І калі мы не будзем абнаўляць тэхніку — канкурыраваць на еўрапейскім рынку проста не зможам. Перамагае толькі той, хто выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі. Абнаўленне і прафесіяналізм — залог поспеху кнігавыдавецкай галіны, — падкрэсліў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, падводзячы вынікі ўдзелу ў выстаўцы. — Кожная замежная выстаўка — не толькі пэўны карысны досвед, выбудоўванне эканамічнай стратэгіі і планаў развіцця друкарскай галіны, кнігавыдавецтва і кнігараспаўсюджвання, але і, як бы пафасна гэта ні гучала, прасоўванне Беларусі ў свеце.

Асаблівасцю сёлетняй выстаўкі ў Рызе стала аб’яднанне ў адным павільёне дзвюх экспазіцый — кніжнай і адукацыйнай. Дзякуючы такому спалучэнню кніжныя стэнды зацікавілі маладую аўдыторыю, а асаблівую папулярнасць мела адукацыйная літаратура — развіццёвыя кнігі для дзяцей, кнігі па беларускім фальклоры і культуры наогул, альбомныя выданні. Важным для прадстаўнікоў Беларусі стала абмеркаванне абмену паміж навучальнымі ўстановамі розных краін вучэбнай літаратурай у электронным варыянце. Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава, якая ўваходзіла ў склад дэлегацыі, падкрэсліла, што гэты кніжны кірмаш асаблівую ўвагу ўдзяліў юным наведвальнікам.

— На разнастайных дзіцячых пляцоўках былі паказаны не толькі навінкі дзіцячай літаратуры, але і лялечны спектакль, праведзены майстэрні, гульні, арганізавана зона пясочных лямпаў. Думаю, нам таксама варта рабіць больш дзіцячых пляцовак на Мінскай кніжнай выстаўцы, — адзначыла Алена Паўлава. На думку Ігара Бузоўскага, беларускія кнігавыдаўцы пераканаліся, што рухаюцца ў правільным напрамку, змяняючы падыходы ў галіне распаўсюджвання кніг, друкаваных выданняў і перыёдыкі, праз абнаўленні і фарміраванне новых форм падачы, у ліку якіх — разумныя кіёскі «Белсаюздруку» і новыя кнігарні. Дарэчы, генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч анансаваў адкрыццё абноўленага магазіна «Светач» еўрапейскага фармату, якое запланавана на 30 красавіка.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.