Вы тут

МІкола Лупсякоў. Чараўнік у слове, вандроўнік у жыцці


Сваё першае знаёмства з творчасцю Міколы Лупсякова помню добра. А як інакш, калі ягоная кніжка «Міхалаў дуб» па-ранейшаму ў маёй хатняй бібліятэцы. Невялікая, усяго некалькі ўлікова-выдавецкіх аракушаў, яна не згубілася ў шэрагу аб’ёмных тамоў, сярод якіх і два Міколы Радзівонавіча — «Дняпроўская чайка» (1988) і «Выбраныя творы» (2014). Апошняя выйшла ў серыі «Беларускі кнігазбор». Абедзве пасмяротныя. Як і «Міхалаў дуб», пазначаная 1974 годам. Не стала ж М. Лупсякова 12 лютага 1972-га. Па сёння здзіўляюся, чаму нічога з напісанага ім не прачытаў да «Міхалава дуба». Уважліва сачыў за часопісным публікацыямі, а апавяданне «Навальніца», якое так уразіла, было змешчана ў «Полымі» — яшчэ ў дзявятым нумары за 1971 год.


Дзякуючы «Навальніцы» і адкрыўся для мяне свет прозы М. Лупсякова, аднаго з лепшых нацыянальных апавядальнікаў. У «малой прозе» ён займае годнае месца поруч з Янкам Брылём, Іван Навуменкам Алесем Ралько, Міколам Ракітным, Янам Скрыганам…

Апавяданне «Навальніца» пры пэўнай сваёй традыцыйнасці — найлепшае пацвярджэнне таму, як таленавіты пісьменнік надзіва хораша можа сказаць пра тое, аб чым да яго гаварылі многія. Не паўтарыўшыся, не сышоўшы да банальнасці. Хоць ступіць на такі шлях як быццам вымагаў сюжэт. Героі твора — з тых, у каго жыццё не заладзілася: Янка аўдавеў, Алена разышлася з п’яніцам-мужам. Моўчкі прыглядаюцца адзін да аднаго, а выказаць тое, што на душы, не асмельваюцца. Адважыліся толькі тады, калі на лузе іх заспела навальніца.

Пад дождж, які не сціхае, непрыкметна кранаюцца і таго, што абодвух даўно хвалюе. Алена скардзіцца на мужа, які піў. Янка прызнаецца:

«— Дык і я ж выпіваю, праўда, рэдка. Але цяпер у мяне ўсё інакшае, Алена, чуеш? Я гэта адчуваю ўвесь апошні час. Усё забуду. Перайначу жыццё […]».

Шчаслівыя, хоць, бадай, таго, якое вялікае шчасце напаткала іх, пакуль цалкам не ўсведамляюць, на чоўне перапраўляюцца праз раку: «[…] Алена сядзела прыціхлая, задумліва пазірала на яго. Па твары блукалі трывога, разгубленасць, неспакой. Ён зразумеў яе і сказаў:

— Не думай… Усё наладзіцца.

Яна адразу пасвятлела тварам, падбадзёрылася.

Блізка, як не з-пад самага чоўна, узняліся дзікія качкі…»

Вось і ўсё апавяданне. Не надта і вялікае, а ўражанне такое, што перагарнуў старонкі аповесці. Аб каханні, аб складанасцях жыцця. З кнігай разлучацца не хацелася. Былі ў ёй і іншыя творы, напісаныя гэтаксама па-майстэрску. Ды чамусьці інтуітыўна спачатку ўзяўся за «Навальніцу». Бадай, пры ўсёй сваёй звыкласці прыцягнула назва. Але знаёмства з «Навальніцай» было дастаткова, каб з задавальненнем прачытаць усю кнігу.

Пасля ў тагачаснай «ленінцы» адшукаў і іншыя кнігі М. Лупсякова. Знаёмячыся з імі, неаднойчы лавіў сябе на думцы, што слова «навальніца» пакінула адметны ва ўсім ягоным жыцці след. Героям аднайменнага апавядання яна прынесла светлую радасць пачуццця. Мікола Радзівонавіч, пішучы яго, згадваў і іншую навальніцу — ваеннае ліхалецце, якое прыносіла боль, выклікала згадкі пра цяжкае раненне, след ад якога застаўся на ўсё яго жыццё.

Нарадзіўся 4 сакавіка 1919 гогда ў Маскве, але праз два гады сям’я вярнулася на радзіму, у вёску Папаратнае, што на Жлобіншчыне. Бацьку прызначылі старшынёй мясцовага калгаса. Дагэтуль ён плаваў матросам на лінкоры «Петрапалаўск», на ледаколе «Таймыр». Пра гэта, зразумела, шмат расквазваў сваім сынам — іх было ў яго двое. З ранніх гадоў у жыццё Колі ўвайшла і прыгажосць прыроды. У сваім жыццяпісе «Старонка з біяграфіі» — ён сапраўды невялікі, хай сабе і не адна старонка, шмат пісаць не было часу — згадваў, што «найвялікшым шчасцем былі выгары, у якіх шмат карасёў, уюноў. Вясною ў выгарах, пад спакойныя водбліскі захаду, стаяў стогн, радасны плач, гул і тлум — гэта заходзілася ў спевах усё, што жыло там. Мы, падлеткі, да позняй ночы праседжвалі дзе-небудзь ля двара, слухалі канцэрты з выгараў, марылі, расказвалі казкі і пра ведзьмаў, мерцвякоў, што ходзяць па начах. Усё захапляла, страшыла». Безумоўна, і фантазію абуджала. Захапіўся і кнігамі. «Да слёз, да нямога захаплення зачараваў» Янка Маўр сваёй аповесцю «У краіне райскай птушкі». Вялікае ўражанне пакінула «Узнятая цаліна» Міхаіла Шолахава. Гэтую кнігу ў перакладзе на беларускую мову падарылі яму ў школе за добрую вучобу.

Захацелася і самому што-небудзь напісаць. Адразу размахнуўся на некалькі апавяданняў: «[…] напісаў апавяданне пра вартаўніка, які ноччу вартаваў вясковыя двары і на ўскраіне сустрэўся з воўкам, пра жанчыну, што ехала на таварняку ў далёкі горад, і яшчэ некалькі апавяданняў […]». Змест іх цягам часу забыўся, а што быў упэўнены ў сабе — не запамятаў. Іх з падрабязнай біяграфіяй прапанаваў у выдавецтва. Там іх пераслалі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, у кабінет маладога аўтара.

Адказ атрымаў ад Кузьмы Чорнага. Узрадавала, што пісьменнік, творы якога вывучаў, абнадзеіў: «[…] у вас ёсць здольнасці». Яшчэ і тое запомніў, «што ў сваім лісце Кузьма Чорны раіў рабіць канцоўку апавядання нечаканай, каб зацікавіць чытача». Забягаючы наперад, нельга не сказаць, што гэтай парады М. Лупсякоў прытрымліваўся далёка не заўсёды. Не таму, аднак, што не давяраў Мікалаю Карлавічу. Да яго заўсёды ставіўся з вялікай павагай.

Творы М. Лупсякова ў асноўным без вострага дынамічнага сюжэта. Якая можа быць нечаканасць канцоўкі? Але новае апавяданне, якое неўзабаве паслаў К. Чорнаму, ужо назвай сваёй адпавядала ягоным пажаданням. Твор яму спадабаўся і быў змешчаны ў альманаху «Аднагодкі» (1935). Дзякуючы гэтай публікацыі М. Лупсякоў завочна пазнаёміўся з такімі вядомымі пазней пісьменнікамі, як Алесь Бачыла, Іван Грамовіч, Міхась Калачынскі, Усевалад Краўчанка, Рыгор Няхай, Пімен Панчанка, якія таксама выступілі ў «Аднагодках».

У тым жа годзе паступіў і на рабфак пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Праз год стаў студэнтам літаратурнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1941 годзе. А потым для яго, як і для ўсіх савецкіх людзей, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пасля заканчэння артылерыйскага вучылішча ваяваў пад Масквой, на Цэнтральным, Варонежскім франтах, на Курскай дузе. Вайна яго скончылася ў 1943 годзе пад Харкавам. Асколак фашысцкага снарада прабіў камандзіру батарэі М. Лупяскову левае вока, застраўшы ў міліметры ад мозгу. Урачы, як ні сталіся, так і не дасталі кавалачак металу. Усё жыццё насіў яго...

Падлячыўшыся, дэмібілізаваўся. Год працаваў у рэдакцыі газеты «Казахстанская правда». Пасля вызвалення Беларусі вярнуўся на Радзіму. Звязаў лёс з часопісамі «Беларусь», «Бярозка». Але толькі да 1949 года. Здароўе не дазваляла рэгулярна выходзіць на работу. Але шмат падарожнічаў. З задавальненнем ехаў на прыроду. Яна была для яго стыхіяй, што пастаянна вабіла і ў якой заўсёды адчуваў сябе сваім.

Па ўспамінах ягонага сябра і земляка Хведара Жычкі, «у Мінск Мікола прыязджаў рэдка, можа адзін-два разы ў месяц на некалькі дзён. У рэчавым мяшку ён прывозіў жмуты спісанай уборыстым почыркам — часцей за ўсё алоўкам — паперы. Яна адразу ж трапляла на стол выдавецкай машыністкі Таццяны Фёдараўны Корзун, якая адкладвала ўсё і друкавала, з захапленнем ківаючы галавой: як хораша напісана!». Пісаў жа «недзе пад стогам ці на пні, на вакзале ці на пошце (расказваюць, аднойчы яго затрымалі на ваенным палігоне — вычытваў карэктуру новай сваёй кнігі), без слоўнікаў і даведнікаў, спадзеючыся толькі на сваю памяць, на ўласныя назіранні, на свае веды…»

З 1941 года па 1944-ы не друкаваўся, але, як прызнаваўся ў аўтабіяграфіі, «цяжкія гады выпрабаванняў не прайшлі дарэмна. Захацелася выказацца па-сапраўднаму стала, усур’ёз». Што спраўдзіў дадзенае самому сабе слова, пераканала дэбютная кніга «Першая атака» (1944). У ёй было і некалькі апавяданняў, падказаных уласным вайсковым вопытам. На іх у першую чаргу звярнуў увагу Іван Мележ, для якога Вялікая Айчынная вайна, як вядома таксама скончылася цяжкім раненнем Сваю рэцэнзію так і назваў — «Апавяданні пра вайну», падкрэсліўшы жыццёвасць і праўдзівасць твораў свайго маладога калегі: «Яго героі прыйшлі ў апавяданні не з літаратуры, а з жыцця. Пісьменнік бачыў, любіў іх у жыцці і шчыра расказаў пра іх у сваіх творах».

Пачынаючы з «Першай атакі» ў творчасці М. Лупсякова вызначыліся і два тэматычныя пласты: вайна і сучаснасць, хоць зрэдку кідаў позірк і ў недалёкае мінулае. Калі яшчэ больш канкрэтызаваць паняцце «сучаснасць», то для яго гэта — прырода і чалавек. У ступені замілавання ёю, у здатнасці перадаць самыя тонкія нюансы лупсякоўскія апавяданні можна параўнаць з творамі вядомага рускага празаіка Міхаіла Прышвіна.

У М. Лупсякова прырода таксама жыве, дыхае, дорыць сваё хараство і заўсёды неадлучная ад чалавека, яго ўнутранага стану, ягоных памкненняў. Яна нават як бы свайго роду дзейная асоба. Шмат якія апавяданні і «гучаць» дзякуючы гэтаму. Персанажы праз лучнасць з ёю раскрываюцца з лепшага боку. Як урач Аляксей Застольчын з апавядання «Дажджы», ад імя якога вядзецца аповед: «— Спявалі салаўі… Вы разумееце — дождж сячэ, а ў зялёных кустах, у хмызняках спяваюць салаўі. Ды як спяваюць! Іншы гэтулькі кален выкіне, што і не пералічыць! Праўда, дождж быў цяплейшы. І быў я адзін тут, у гэтым месцы. Месца незнаёмае, лугі — абшары такія, што і канцакраю не відаць. Трава па калені, дзікі гарошак чапляецца за ногі — ісці нельга, а салаўі спяваюць, і дождж ільецца. Прыгожа, праўда?»

Любоўю да прыроды прасякнута і апавяданне «Дняпроўская чайка». У аснове яго выпадак у нечым анекдатычны — па неасцярожнасці рыбака птушка праглынула разам з жыўцом кручок. Але М. Лупсякоў гэтую анекдатычнасць «не смакуе», пра сур’ёзнае разважае. Пра тое, як рыбакі застаюцца людзьмі — клапоцяцца аб параненай птушцы так, як не кожны дбае аб самых блізкіх сваіх людзях. Інакш і не могуць, бо ў кожнага з іх «крыштальная душа», як у аднаго з персанажаў апавядання.

Не абыходзіў М. Лупсякоў, аднак, і таго, што можна назваць маральным і сацыяльным злом. Гэта відаць з апавядання «Міхалініха» (у Міколы Радзівонавіча ёсць цэлая падборка твораў «Вясковыя паданні»). Выпадак жудасны, з шэрагу тых, пра які расказаў Змітрок Бядуля ў апавяданні «Ашчаслівіла»...

Кнігі М. Лупсякова «Апавяданні», «Мост» (абедзьве 1947), «Дружба» (1952), «Паядынак» (1957), «У вераб’іную ноч» (1958), «Пераправа» (1959), «На берагах Дняпра» (1966) лепшымі сваімі старонкамі пераконваюць, што хоць звычайна сведчаннем сталасці літаратуры ўспрымаюцца аповесць і раман, не менш можа сказаць і таленавітае апавяданне. Ёсць у яго і цікавыя творы для дзяцей, найперш апавяданне «Мэры Кэт» — пра дзяўчынку і хлопчыка, якія пакуль і не ўсведамляюць, што да іх прыйшло першае каханне, але якія яны прыгожыя ў кволым праяўленні гэтага святога пачуцця.

Без творчасці М. Лупсякова няпоўнае ўяўленне пра беларускую літаратуру другой паловы 40-х — пачатку 70-х адоў мінулага стагоддзя. Міколу Радзівонавіча абышлі розныя прэміі і ўганараванні, ён памяць аб сабе заслужыў творамі, якія дазваляюць адчуць жыццё ва ўсёй яго паўнаце, упэўніцца, што не аднымі працоўнымі заслугамі чалавек варты павагі, а і тым, наколькі яго жыццё, учынкі, дзеянні адпавядаюць высокай маральнасці і сумленнасці. Калі ж ён жыве не так, дык М. Лупсякоў высвятляў прычыну гэтага. Падказваў — не дыдактычна-павучальнага, а праз глыбокае і ўсебаковае спасціжэнне характару, дзе той стрыжань, абапіраючыся на які, можна адчуваць сябе трывала і годна. Іначай і не магло быць, бо ў яго асобе спалучаліся чараўнік слова і вандроўнік у жыцці. А яшчэ нязменна заставаўся чалавекалюбам. Якасць вельмі важная, каб адпавядаць таму, без чаго немагчыма ўявіць сапраўдную літаратуру.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».