Вы тут

Таполя схапіла галінкамі месяц...


І нясмеласць першага кахання, і спроба асэнсавання гісторыі роднага краю, і філасофская назіральнасць за жыццём, і мудрасць у разуменні чалавечай душы, і нават гумарыстычнае напаўненне маркотнай тэмы адзіноты, няспраўджанага пачуцця, смерці — усё гэта чытач знойдзе ў сціплым па аб’ёме першым зборніку вершаў Алены Карасёвай «Замак» (Мінск, «Бел-прынт», 2018).


Ёсць вобразы, якія ўражваюць жыццялюбным задорам і нечаканасцю: не кожны нават паэт можа ўбачыць нешта новае ў тых «дэкарацыях», што заўжды акаляюць нас:

Таполя схапіла галінкамі месяц —

Не пусціць у чорную бездань нябёс.

Альбо

У майго Анёла крылы кажана…

І яшчэ:

Сонца паела маліны,

Выцерла рукі аб неба.

Як ні дзіўна, адна з тэм, што найбольш хвалюе паэтэсу, — тэма смерці (альбо нясмерці па-за зямным існаваннем чалавека). Раз-пораз вяртаючыся да роздумаў, аўтарка нібы спрабуе пранікнуць у сэнс гэтай з’явы, у яе метафізічную прыроду і знайсці тое, што суцешыць і дасць нейкую надзею. Але… Як чалавек, які жыве тут і зараз, які мусіць вырашаць надзённыя праблемы, вяртаецца да таго, з чаго пачынала:

А ці ёсць пасля смерці турботы?

З таго свету навін не чуваць…

Мы па мёртвых галосім заўсёды.

А павінны б жывым спачуваць.

У некаторых вершах смерць стаіць побач з… рамантычным каханнем. І гэты факт падказвае, што за аўтарку можна не хвалявацца: яна будзе жыць доўга і шчасліва. Бо «непарыўнасць» Эраса і Танатаса ў светабачанні якраз сведчыць пра маладосць натуры і наяўнасць процьмы творчай энергіі, якая яшчэ толькі спее пад спудам напластавання з абрыўкаў перажытага, але яшчэ не асэнсаванага… А калі нешта спее, то яно мусіць выспець, трансфармавацца ў «гатовы прадукт» лірычнай думкі…

Тым больш што працаваць яшчэ ёсць над чым: у вершах часта сустракаюцца «зацёртыя» выразы, словы, якія менавіта для паэзіі страцілі сваё першапачатковае значэнне: сэрца, душа… Дый й слова «каханне» гэтаксама: прыкмета творчай сталасці аўтара — калі ён прызнаецца ў сваіх пачуццях, не гаворачы пра іх напрамую… Зусім як лірычная гераіня ў адным з іранічных вершаў Алены Карасёвай:

Казаць бы: «Я цябе кахаю!»

Замест таго кажу: «Вітаю»…

А вось тут, хоць аўтарка і ўжывае шырока распаўсюджанае выслоўе, дый яшчэ з адценнем маралізатарства, у выніку верш атрымаўся нечаканым і здзівіў арыгінальнай думкай:

Я табе, дружа, не раю

Казаць: «Мая хата з краю!»

Калі да нас яны дойдуць,

Перш-наперш «крайняга» знойдуць.

Шчыра, нязмушана, пераканаўча…

Тадора ШПІЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».