Вы тут

Вялікае ў маленькім


Пагост — гэта не толькі могілкі, месца апошняга спачыну чалавека (як найчасцей успрымаюць сучаснікі). Даўным-даўно гэта слова мела іншы сэнс. Калі зазірнём у «Краткий топонимический словарь Белоруссии» Вадзіма Жучкевіча, то даведаемся, што спачатку пагостам была цэнтральная сядзіба сельскай абшчыны. Толькі ў ХІХ—ХХ стагоддзях ім пачалі называць царкоўныя могілкі. У многім месцах і паселішчы сталі Пагостамі. Іх сёння толькі ў нашай краіне каля дзясятка. Адзін з Пагостаў — даўняя палеская вёска на Тураўшчыне. Знаходзіцца яна ў міжрэччы Прыпяці і Сцвігі. Пра гэтую адну з самых прыгожых і маляўнічых мясцін Беларусі і расказвае ўраджэнец тагачаснага Пагоста Міхаіл Кузьміч. Кніга яго так і называецца — «Мой Погост».


Колькі слоў пра М. Кузьміча. Пісьменнік, кандыдат філалагічных навук. Член Акадэміі расійскай літаратуры. Плённа выступае ў друку з публіцыстычнымі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі. Шырокі чытацкі водгук, а таксама высокую ацэнку крытыкі атрымалі яго кнігі «Стрела в бесконечность» і «У костра в вечерний час». Не сумняваюся, што такое стаўленне будзе да гэтай. Невыпадкова кажу «будзе», бо выйшла яна дзякуючы Віцебскай друкарні нядаўна. Таму многія, хто цікавіцца краязнаўствам, яшчэ не паспелі пазнаёміцца з ёю.

«Мой Погост» пашырае творчыя мажлівасці М. Кузьміча-краязнаўцы. У гэтым напрамку ён плённа працаваў і дагэтуль. Стаў адным з аўтараў зборніка-даследавання пра знакамітых ураджэнцаў Віцебшчыны. Апублікаваў пра некаторых з іх матэрыялы ў перыёдыцы. Аднак да з’яўлення «Моего Погоста» ў беларускай літаратуры і журналістыцы не было такой аб’ёмнай кнігі аб адной вёсцы. Аб’ёмнай не па колькасці старонак, а па насычанасці матэрыяламі. Ахоп яго такі шырокі, што напісалася грунтоўная гісторыя найцікавейшага паселішча. Жыццяпіс як самой вёскі, так і найбліжэйшага наваколля яе ахоплівае некалькі стагоддзяў.

Не адмаўляючы значэння кнігі Мікалая Улашчыка «Была такая вёска…», у якой ён расказаў пра сваю родную Віцкаўшчыну, што цяпер у Дзяржынскім раёне, відавочна, што М. Кузьміч больш усебакова аналізуе тое, што з’яўляецца адметным для гэтых мясцін. Безумоўна, сама сівая даўніна закранута меней. Прычына зразумелая: далёка не ўсе звесткі пра тое, што адбывалася, захаваліся. Але гэта будзе правільным, калі мець на ўвазе падзейную аснову. Ды мінулае ўсё адно прачытваецца добра. Дзякуючы згадкам пра старажытнасці, рэліквіі. Прынамсі, пра мясцовы каменны крыж. Дый мясцовыя паданні, легенды — таксама даўняй «прапіскі». Не кажу ўжо пра адметнасць тутэйшай гаворкі. Шмат якія словы прыводзіць М. Кузьміч. Нават мясцовыя мянушкі.

Падаецца ўсё гэта з любоўю і захапленнем. Так што і тваю чытацкую душу ахінае хваля замілавання да гэтай зямлі. Да яе людзей. І да ўсяго таго, што іх атуляе. Падобнае адчуванне з’яўляецца, напрыклад, калі чытаеш такое «Падмечана, што нават пагостаўскія сабакі брэшуць па-асабліваму, з распевам, доўгім, працяглым: “О-о-о! Гоў-гоў-гоў!”, нагадваючы тураўскую своеасаблівую гаворку. Падарожныя і госці гавораць, што і пеўні тут па-свойму заводзяць ранішнюю пабудку і не так, як у іншых месцах, прытанцоўваюць у курыным царстве, набліжаючы надыход новага дня ці праводзячы яго з вечара на ноч. Іх “кукараку” гучыць неяк працягла, ласкава, запрашаючы гаспадароў падворкаў прачынацца, настройвацца на чарговы працоўны дзень» (так вылучана ў кнізе — А. М.).

Не абышоў увагай М. Кузьміч, канечне, і лёсавызначальныя моманты ў жыцці сваёй роднай вёскі. Яны, зразумела, адпавядалі таму, што адбывалася ва ўсёй краіне: рэвалюцыя, калектывізацыя, Вялікая Айчынная вайна, пасляваенны час… Важна, што мясцовы матэрыял проста «не прывязаны» да ацэнак, што шмат у чым успрымаюцца хрэстаматыйнымі. Над усім пераважае даследчыцкі характар, пэўныя факты ўдакладняюцца, прыводзяцца больш разгорнута. Пахвальна і тое, што прыведзены спісы тых, хто загінуў у барацьбе с фашызмам, а таксама вывезеных у нямецкае рабства. Ніхто не забыты, нішто не забыта — прынцып, якога М. Кузьміч нязменна прытрымліваецца.

Пішучы пра свой Пагост, М. Кузьміч, як гэта відаць са зместу ягонай кнігі, унутрана як бы «азіраўся» на іншыя населеныя пункты. Несумненна, усведамляў важнасць сваёй працы. Аднак разумеў і іншае. Шмат, вельмі шмат яшчэ трэба зрабіць, каб кнігі, падобныя той, за стварэнне якой узяўся, не засталіся адзінкавыя. Як ужо кожны чалавек сам па сабе цікавы, так і тое месца, дзе ўзгадаваўся ён, дзе засталіся ягоныя карані. Невыпадкова прагучала такое яго прызнанне: «Мне ў жыцці пашанцавала на паездкі, экскурсіі, службовые камандзіроўкі, знаёмства і сустрэчы з самымі рознымі людзьмі. Ледзьве адшукаецца дзясяткі два — тры раёнаў рэспублікі, дзе не давялося пабываць. […] І што ні райцэнтр, пасёлак, вёсачка ці хутарок, то вельмі цікавая кніга, старонкі якой практычна не чытаныя, таму што не напісаныя».

Як жа цудоўна, што Пагост М. Кузьміча, вобразна кажучы, ім прачытаны. Радасна і тое, што гэта зроблена на высокім мастацкім узроўні. Ён жа з’явіўся, вырас з глыбокіх даследчыцкіх памкненняў пісьменніка. З усведамлення, што, добра ведаючы сваю малую радзіму, больш палюбіш і Радзіму вялікую, назва якой — Беларусь. Істотны і такі момант: у 2020 годзе гэтаму Пагосту спаўняецца 500 гадоў. Кніга «Мой Погост» — лепшы падарунак да гэтага слаўнага юбілею. Відавочна і тое, што яна — адна з лепшых, што выйшлі летась да Года малой радзімы.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?