Вы тут

Сонечны Вожык. Ларыса Карасіна


Жыў-быў Хлопчык. Маленькі такі хлопчык. Ён знаходзіўся яшчэ ў тым далікатным узросце, калі вераць у цуды, у казку і ў дабро... Жыў ён у невялікім драўляным доме. Бацькі яго кожны дзень ішлі на працу або ехалі ў працяглыя камандзіроўкі, пакідаючы яму гару цацак і суседскую бабулю-нянечку, якая толькі і рабіла, што вязала ля акна і абсалютна не замінала Маленькаму Хлопчыку. А ён, удзячны ёй за гэта, часам дапамагаў размотваць і змотваць у клубочкі ніткі.


У суседскіх хлапчукоў з другой вуліцы былі сёстры і браты, з якімі можна было гуляць. У іх было чым пахваліцца адзін перад адным: то рагаткамі, то сцізорыкамі, то катамі з прывязанымі да хвастоў пустымі бляшанкамі... Без такіх цацак у іх кампанію не прымалі. А нашаму герою няма чаго было прынесці з сабой: катоў яму было шкада, страляць з рагаткі па птушках ён не хацеў... І таму быў заняты сваімі цацкамі ці бегаў у дворыку.

Улетку яшчэ нічога: можна гуляць у невялікім садзе, які, як і дом, быў адгароджаны ад вуліцы шчыльным плотам. Залазіць на любімую старую грушу і разглядаць свет зверху. Зімой жа сад заносіла снегам, і знаходзіцца там доўга неяк не выпадала.

Але зараз была восень. І вось у адзін з такіх сырых і халодных дзён, раніцай, калі Маленькі Хлопчык яшчэ спаў, а сонейка ўжо прачнулася, праз узор аконнай шторы ў пакой пратачыўся невялікі праменьчык. Па гэтым прамені, як па канаце ў цырку, на тоненькіх ножках протупала нешта... Гэта «нешта» ціхенька пацерлася аб шчаку Маленькага Хлопчыка, як бы даючы аб сабе знаць...

— Вой! — усклікнуў Хлопчык і прачнуўся. — Хто гэта колецца так казытліва?

— Гэта я, — адказала «нешта» і, не чакаючы наступнага пытання, удакладніла: — Я — Сонечны Вожык...

— А чаму ты — Сонечны Вожык, а не Сонечны Зайчык? — спытаў малы.

— Ну вось ізноў, — з ценем ледзь заўважнай крыўды вымавіў Сонечны Вожык. — Усе чакаюць толькі зайчыкаў...

— Не, не, — тут жа выправіўся Маленькі Хлопчык, бо быў тонка ўстроеным чалавечкам і адразу адчуваў крыўду іншага. — Я вельмі рады пазнаёміцца з Сонечным Вожыкам! А твае іголкі... яны ж зусім не балюча колюцца! Хочаш, будзем з табою сябраваць?

— Вядома, хачу! — закрычаў Сонечны Вожык. — Вельмі хачу!

І яны пайшлі ў сад, дзе кідаліся адно ў аднаго восеньскім лісцем. Потым Сонечны Вожык прапанаваў забрацца на старую грушу, і яны, седзячы амаль на самай верхавіне, разгойдвалі яе туды-сюды, гуляючы ў моцны ўраган.

Ніколі яшчэ ў Маленькага Хлопчыка не было такога насычанага і яскравага дня! Хіба што калі пасля доўгай камандзіроўкі прыязджалі бацькі і прывозілі з сабой якія-небудзь цікавосткі: дзіўных звяроў з карэньчыкаў або каменьчыкі, якія нагадвалі пра палацы... Ён чакаў надыходу наступнага дня з нецярпеннем. Ніхто яшчэ не гуляўся з ім так, як яго незвычайны сябар. Таму ўсю ноч Хлопчык прачынаўся і зазіраў пад ложак, дзе, як маленькае сонейка, у цемры праменіўся Вожык...

Зіма прыйшла неяк знянацку, у адну ноч. Але Маленькаму Хлопчыку цяпер ужо не было сумна і страшна. У яго быў сябар, і гэты сябар кожную хвіліну прыдумляў розныя заняткі.

Аднойчы Сонечны Вожык прапанаваў Маленькаму Хлопчыку адправіцца падарожнічаць.

— Але ж за акном завея! — здзівіўся Хлопчык.

На што Сонечны Вожык адказаў:

— А нам не трэба нікуды выходзіць. Я навучу цябе падарожнічаць у тваім пакоі. У цябе ёсць фарбы?

Хлопчык прынёс набор фарбаў і зачаравана пачаў назіраць за сябрам.

— Ну вось, зараз мы размалюем гэтыя сумныя шпалеры... Намалюем розныя заморскія гарады і будзем па іх гуляць.

— Але як жа мы туды трапім?

— Хіба ты не ведаеш? — здзівіўся Сонечны Вожык. — Трэба доўга-доўга глядзець на карціну — і тады ты ў ёй апынешся...

І ён навучыў Маленькага Хлопчыка маляваць проста на сценах і размалёўваць рознакаляровымі фарбамі свае карціны. І зараз увесь яго пакой то плыў на караблях, то ляцеў у космас да зорак. І сябры гадзінамі падарожнічалі па гэтых казачных сусветах.

— А ты ўмееш разглядаць хвілінкі? — спытаў неяк Сонечны Вожык.

— Як гэта?

— Ну, можна пражыць дзень — як пераскочыць, і не заўважыць яго. Таксама і месяц, і год... А можна разглядаць і пражываць кожную хвілінку. Вунь, бачыш, за акном сняжынка пырхае, як птушка... Гэтая хвілінка — яе вялікае жыццё. А вось зараз яна ўпадзе і стане проста снегам... А вунь Раніца пад вокнамі блукае, а потым таксама сыдзе.

— А куды яна падзенецца? — шэптам спытаў Маленькі Хлопчык.

— Схаваецца ў чароўнае дупло тваёй адзінай грушы ў яблыневым садзе — яна там жыве...

— А можна схадзіць да яе ў госці? Ну хоць на трошачкі? — папрасіў захоплены Хлопчык. — Паглядзець, як яна там жыве...

— Толькі калі па вельмі важнай справе... А жыве? Яна жыве па хвілінах. Бо занадта хутка праходзіць тут, на Зямлі...

Але пакуль сябры размаўлялі — Раніца сышла...

Ужо некалькі дзён бушавала завіруха. І калі наступіла чарговая Раніца, яна была не вельмі вясёлая. Сонечны Вожык засумаваў.

— Чаму ты такі сумны? У цябе скончыўся настрой? — спытаў Маленькі Хлопчык.

— Проста калі я доўга не буду бачыць сонца, то магу знікнуць. Мяне нельга захоўваць у камодзе або ў чамадане, ці яшчэ дзе-небудзь у цемры...

Ноччу Хлопчыку не спалася. Ён доўга варочаўся і думаў, як дапамагчы сябру. Потым ціха ўстаў, накінуў плед, узяў пэндзаль і на дыбачках выйшаў у кухню. На невялікім белым аркушы Хлопчык намаляваў велізарнае яркае сонца. Засталося толькі пакласці гэтую карціну ў чароўнае дупло.

За дзвярыма так мяло і круціла, што нават страшна было высоўваць нос. «Трэба ратаваць сябра», — цвёрда вырашыў Хлопчык. Адчыніў дзверы. Тонучы ў гурбах, стаў прабірацца да сваёй грушы. Ён амаль дацягнуўся да дупла... як раптам велізарная снежная шапка, сарваўшыся з вяршыні дрэва, накрыла яго, ператварыўшы ў гурбу. Але зараз жа нейкая нябачная сіла беражліва падняла малога і выцягнула наверх. Вочы ён адкрыў ад святла. І ўбачыў знаёмую Раніцу. Яна сядзела ў празрыстым крэсле і піла гарбату.

— Мілая Раніца, — ціхенька пачаў Хлопчык. — Ты не магла б заўтра быць сонечнай? Гэта вельмі патрэбна майму сябру, інакш ён загіне...

Раніцай Хлопчык прачнуўся ад таго, што ў вочы яму ярка свяціла сонца! Ён падбег да акна і заскакаў ад радасці! Старая нянечка і Сонечны Вожык майстравалі ў двары ўласную снежную горку. Яны скачвалі вялікія снежныя камякі і складалі іх да плота. Потым утрамбоўвалі лапатай і палівалі вадой! Вось дык так!

Вулічныя хлапчукі, зацікаўленыя вясёлым шумам у двары Маленькага Хлопчыка, здзіўлена бегалі ўздоўж агароджы, спрабуючы знайсці шчыліну, каб паглядзець, з кім гэты малы так весяліцца? Але колькі ні глядзелі, так нічога і не зразумелі. Бо для таго, каб цуды прыходзілі, трэба ўмець бачыць незвычайнае ў звычайным...

Ларыса Карасіна

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.