Вы тут

Выражаем соболезнование


Редакция журнала "Алеся" выражает соболезнование по поводу скоропостижной смерти председателя Гомельской областной организации ОО "Белорусский союз женщин" Галины Пашед. Это была сильная, яркая и энергичная женщина. Тёплая, как лучик солнца, умевшая заряжать позитивом, дарить надежду, воодушевлять… На счету Галины Михайловны как руководителя областной организации БСЖ десятки инициатив и проектов для женщин, благотворительных акций, встреч, праздников, концертов.


Галіна Пашэд: “Сіла жанчын дакладна не ў іх слабасці”

Вобраз горада фарміруюць людзі, якія там жывуць. Сучасны  Гомель не ўявіць без  абаяльнай і неўгамонай у сваіх добрых памкненнях Галіны ПАШЭД. Дзе яна – там заўсёды адбываецца нешта цікавае: культурныя праекты, дабрачынныя ініцыятывы, бізнэс-супрацоўніцтва. У гутарцы  з “Алесяй”  Галіна  Міхайлаўна  ўспомніла, з  чаго пачыналася  яе кар’ера, паразважала над тым, што такое поспех і падзялілася   сакрэтамі, як выглядаць на ўсе сто ў любой сітуацыі.

– Сёння, гледзячы на вас, людзі бачаць сапраўднага лідара. А якой вы былі ў дзяцінстве? Прыгадайце самыя яркія ўспаміны таго часу.

– Я расла ў звычайнай гомельскай сям’і: тата быў шафёрам, мама – рабочай. Жылі, як і ўсе ў той час, не шыкавалі. Калі мне было гадоў 13, я трапіла на экскурсію ў чэшскі горад – пабрацім Гомеля Чэске-Будэёвіцэ. Гэтая вандроўка літаральна перавярнула маё светаўспрыманне. Сёння дзеці дзякуючы інтэрнэту ўсё ведаюць. Ім і ехаць нікуды не трэба, каб пазнаёміцца з іншай культурай. А тады для мяне паездка ў іншую краіну ўспрымалася як палёт на іншую планету.

Яшчэ адзін яркі ўспамін для мяне звязаны з царквой. У гады жорсткага атэізму, калі любыя рэлігіі былі пад забаронай, мне давялося стаць сведкай на праваслаўным вянчанні. Было і страшна, і таямніча, і прыгожа. Уражанне – на ўсё жыццё.

– Заўсёды былі актывісткай?

– Правільней сказаць – я ніколі не была абыякавай. Актывісты – тыя, хто пастаянна на віду. А я і сёння магу засаромецца перад выхадам на сцэну. З іншага боку, люблю працаваць з людзьмі, арганізатарскія здольнасці былі ў мяне заўсёды.

Пасля выпуску са школы ва ўніверсітэт я адразу не паступіла. Прыйшлося ўладкавацца на завод “Эмальпосуд”. Працавала кантралёрам на канвейеры. Пазней, праўда, усё ж стала студэнткай вячэрняга аддзялення Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, але працы не кінула. Менавіта разам з завадскім камсамолам я рабіла першыя крокі ў грамадскай дзейнасці.  

– Дарэчы, пра камсамол. Не шкадуеце, што аддалі час і сілы на арганізацыю, якую пасля распаду СССР ліквідавалі?

– Ні ў якім разе. Гэта быў цудоўны досвед, здабыткамі якога я карыстаюся і сёння. Камсамол – арганізацыя, якая яднала моладзь, выхоўвала яе, дапамагала вырашаць праблемы і давала магчымасці. Увогуле, аб'ядноўвацца – гэта натуральна для людзей. Зразумела, што ў грамадскай працы тых гадоў прысутнічаў і фармалізм. Але ж тут усё залежыць ад саміх людзей, лідараў, у нечым фармалізм і цяпер нікуды не дзеўся.

– Скажыце, ці ёсць жанчыны, якія паўплывалі на вас як на асобу?

– Так атрымалася, што я пастаянна працавала сярод мужчын. Яны на мяне збольшага і паўплывалі. Дырэктар завода Станіслаў Пракапенка падтрымаў мяне ў самым пачатку майго жыццёвага шляху. Аляксандр Шалюта разгледзеў мой арганізатарскі патэнцыял і запрасіў на працу ў камсамол. На жаль, гэтых людзей ужо няма з намі… Не магу не сказаць пра Аляксандра Якабсона, Канстанціна Сумара, Ганну Дэйка, Уладзіміра Сарокіна, Уладзіміра Палуяна, Сяргея Налівайку. Яны харызматычныя асобы і сапраўдныя прафесіяналы, у якіх ёсць чаму павучыцца. Патрабавальныя як да людзей, так і да сябе. Кіраўнікі з вялікай літары. Удзячная ім за тое, што, магчыма,  незаўважна  для сябе саміх, яны паўплывалі на мяне.

– Як патрапілі ў Беларускі саюз жанчын?

– На Гомельшчыне даўно склалася класная жаночая каманда. Усе яркія, неардынарныя асобы, якія пастаянна прыдумляюць нешта новае, генерыруюць ідэі. А самае галоўнае – нас яднае грамадская дзейнасць. Вельмі прыемна, што Гомельскі БСЖ трымаецца на пераемнасці пакаленняў. Мая папярэдніца на пасадзе старшыні арганізацыі – цудоўная жанчына Вольга Кашавенка. Мы і зараз падтрымліваем добрыя сяброўскія стасункі.

Акрамя таго, хацелася б зазначыць, што нашая абласная арганізацыя актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва з жанчынамі Санкт-Пецярбурга і Курска.

– “Дарагія сяброўкі” – так прынята звяртацца адна да адной у саюзе жанчын. Разам з тым некаторыя мужчыны лічаць жаночае сяброўства міфам. Што вы думаеце на гэты конт?

– А навошта размяжоўваць сяброўства на жаночае і мужчынскае? Гэта паняцце недзялімае і “кругласутачнае”. І я ў яго бясспрэчна веру.

– Якія якасці і рысы характару цэніце ў людзях?

– Духоўнасць, прафесіяналізм, прыстойнасць і выхаванасць, уменне сябраваць і падтрымліваць у складаную хвіліну. Мне вельмі прыемна, калі ад людзей ідзе моцная энергетыка, калі яны “жывыя”, пастаянна рухаюцца, нешта робяць.

У мяне, як страшыні абласной арганізацыі БСЖ, часта запытваюцца, у чым сіла жанчын? Адказваю: дакладна не ў слабасці!

– Штогод вы праводзіце дзясяткі мерапрыемстваў. Падзяліцеся складальнікамі паспяховай арганізацыі праекта.

– Тут ролю іграюць не столькі складальнікі, колькі тэхналогія падрыхтоўкі. Часам на арганізацыю сыходзіць па некалькі месяцаў. Калі ты працуеш з вялікай колькасцю людзей, дробязяў быць не можа. Прадумваеш і прапісваеш кожную ступень: чым насыціць мерапрыемства, каго запрасіць, як зрабіць інфармацыйную падрымку.  Акрамя таго, бяспека, туалет і буфет – таксама клопат арганізатараў.

Асобна хочацца закрануць тэму пошуку бюджэту на валанцёрскія праекты. Неабыякавых людзей шмат. Важна тое, як ты да іх будзеш звяртацца. Можна зрабіць афіцыйную рассылку некалькіх дзясяткаў сухіх электроных лістоў і не атрымаць аніводнага адказу. А можна асабіста паразмаўляць з некалькімі людзьмі, растлумачыць ім, на што пойдуць грошы, і заручыцца іх падтрымкай. Пры гэтым значны ўплыў мае аўтарытэт арганізатара: калі ён дагэтуль зарэкамендаваў сябе як прафесіянал, то яму ахвотна дапамогуць.

– Не магу не адзначыць вашага ўмення заўсёды эфектна вы­ глядаць. Пачуццё стылю выхоўвалі, ці яно ад прыроды?

– Усё разам узятае. Каб стварыць запамінальны вобраз, неабавязкова мець шмат грошай. Трэба толькі крыху падумаць, праявіць фантазію. Прызнаюся: перад кожным мерапрыемствам я загадзя рыхтуюся. Не бывае ў мяне так: прачнулася-апранулася-пайшла. З вечара памераю адзенне, падбяру абутак, сумачку, аксесуары і прадумаю макіяж.

Знешняе – гэта працяг унутранага. І, як казаў Чэхаў, усё ў чалавеку павінна быць прыгожым. Люблю, калі людзі навокал сочаць за сабой, апранаюцца з густам. Натуральна, што да такіх усе будуць цягнуцца.

Лёгка магу зрабіць тактоўную заўвагу каму-небудзь наконт знешняга выгляду. Не для таго, каб пакрыўдзіць, а для таго, каб дапамагчы. Часта даводзіцца чуць ад жанчын-кіраўніц адгаворкі накшталт “Галоўнае – душа і прафесіянальныя якасці. А на знешнасць час шкада марнаваць”. Не згодна. Усе мы з вамі ведаем, што па адзенні сустракаюць… Таму ў “Школе жаночага лідарства” мы абавязкова праводзім трэнінгі па іміджу.

– Прызнавайцеся, якія патаемныя слабасці маеце?

– Люблю пакулінарыць  і  добра паесці. З задавальненнем стаю каля пліты. Гатую доўга, наварыста, з  прыправамі.  Кожную  страву ў некалькі этапаў, не спяшаючыся. Аднак нічога мудрагелістага: супы, кашы, салянкі, рыба, салаты. Усё здаровае і простае.

Дасье

Галіна ПАШЭД нарадзілася і вырасла ў Гомелі. Вучылася на эканамічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, а таксма ў Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. Узначальвала Гомельскую абласную падатковую інспекцыю. На працягу 17 гадоў Галіна Міхайлаўна была старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі БСЖ. У сакавіку 2018 года атрымала прэмію “Жанчына года” ў намінацыі “За адданасць Беларускаму саюзу жанчын”.

Ганна КУРАК

 

 

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».