Вы тут

У «Клубе ільвоў» абмеркавалі ўзаемаадносіны ў сям'і


«Што рабіць, калі 16-гадовы хлопец хлусіць бацькам?» — «А вы заўжды сваім бацькам гаворыце праўду, нават цяпер, калі сталі дарослымі?». «Як не страціць давер падлетка?» — «Трэба рыхтавацца да магчымых канфліктаў загадзя, бо ўзрост такі». «Чаму дачка наўмысна прычыняе сабе фізічны боль?» — «Яна так перажывае моцныя эмоцыі, пра якія не адважваецца пагаварыць».


Кароткія пытанні і адказы, якія нагадваюць бліц-апытанку, — гэта пачатак сустрэчы з кандыдатам псіхалагічных навук Надзеяй ЦЫРКУН, якую ў межах праекта «Тата-школа» зладзіла аб'яднанне «Клуб ільвоў» у Мінскім цэнтры тэрытарыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей.

Слухай — і знойдзеш рашэнне

На пачатку дзеі псіхолаг задае кожнаму пытанне: якую мэту ён пераследуе, прыйшоўшы сюды, і чаго чакае. Праз адказы прысутных Надзея Аляксандраўна не толькі атрымлівае ўяўленне аб тым, што найбольш хвалюе ўдзельнікаў, але і паспявае коратка пракаментаваць сітуацыю, калі чалавек прыходзіць на сустрэчу з надзеяй атрымаць рашэнне праблем сваёй сям'і.

— Разумнае і каштоўнае вы будзеце ствараць самі, не я вам данясу светлую думку, якая дапаможа, — адказвае на такія спадзяванні псіхолаг.

Як кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства Міхаіл МАЦКЕВІЧ, на такіх інтэрактыўных лекцыях нават неабавязкова задаваць пытанні:

— Дастаткова паслухаць размовы і выканаць заданне псіхолага — і адказ, што вам рабіць, часта прыходзіць сам сабой.

Гэтым разам збіраліся пагаварыць аб узаемаадносінах у сям'і. Аднак праз выказванні ўдзельнікаў высветлілася, што многія «пераводзяць» названую тэму ў зону канфліктаў і ў кожнага ёсць свой негатыўны досвед.

Пасля знаёмства прысутныя аб'ядналіся ў групы па некалькі чалавек. Пяццю словамі кожная суполка азначыла, што такое ў іх уяўленні сям'я. У цэлым атрымалася, што гэта любоў, клопат, адказнасць, шчасце, сумесна праведзены час і іншыя светлыя паняцці.

— А ці вытрымаюць гэтыя пачуцці, якія склаліся ў такую прыгожую карціну, праверку жыццём і праблемамі? — пацікавілася псіхолаг. — Усё было б добра, калі б... не жыццё.

Крыху пазней спікер пакажа ўдзельнікам, як яны памыляліся, малюючы ў сваіх праектах сямейнае жыццё, якое грунтуецца адно толькі на традыцыйных і правільных каштоўнасцях. Такі падыход паказвае абмежаванасць прысутных ва ўяўленнях пра бацькоўства і сям'ю. Насамрэч у сям'і павінна быць не толькі светлае і шчаслівае, але і абавязковае, а бацькоўства павінна быць не толькі высокамаральным, але і прагматычным.

Памыліцца і паразумнець

Наступным разам Надзея Аляксандраўна раздае прысутным кейс з «гісторыяй сям'і». Мама, тата, дачка і сын жывуць у доме за горадам. На паўналецце старэйшы атрымлівае ў падарунак кватэру, вучыцца ў інстытуце. Але праз нейкі час даход сям'і змяншаецца, і кватэра часова становіцца сродкам атрымання грошай, а не пражывання сына. Тут надыходзіць паўналецце сястры. Набыць жыллё для яе сродкаў не хапае. Пакрыўджанае дзіця не дае жыцця родным. Бацька гатовы прадаць загарадны дом, дзе яны жывуць, каб і ў малодшай быў уласны куток. Аднак маці катэгарычна супраць. Што рабіць, дзе рашэнне?

— Вы можаце прымяніць названыя вамі асацыяцыі з бацькоўствам да гэтай сітуацыі, — прапануе Надзея Цыркун. — Вось і паглядзім, ці вытрымаюць вашы ідэі праверку жыццём.

Адназначнага і дакладнага рашэння гэтага канфлікту не існуе, прынамсі, так падалося прысутным. Затое ёсць магчымасць паразважаць, у чым паратунак, хто вінаваты, што так адбылося, каму і чым трэба ахвяраваць, дзе памыліліся бацькі... Апошняе — гэта аксіёма: бацькі таксама памыляюцца, але прызнаюць гэта, як правіла, позна.

— Так што ў нашы ўяўленні аб сям'і можна дапісаць словы «мудрасць» і «разважлівасць». Увогуле, пасля ўмяшання жыцця людзі рэзка разумнеюць, праўда, заднім розумам, — каментуе псіхолаг.

Дзеці сёння разбэшчаныя, бо лічаць, што бацькі ім вінны, таму рэакцыя дзяўчыны зразумелая. «І ўвогуле, на што спадзяваліся бацькі?» — абураюцца ўдзельнікі сустрэчы.

— А на што спадзяваліся вы, калі апісвалі сям'ю? — тут жа пытаецца Надзея Аляксандраўна і тлумачыць. — Ніхто з вас не закрануў пытанне, што існуюць правы і абавязкі і бацькоў, і дзяцей. Павінна існаваць зваротная сувязь ад дзяцей да бацькоў. А ў нашай гісторыі бацькі не навучылі дзяцей абавязкам. Увогуле, зразумець, ці добры ты бацька, можна менавіта па гэтай зваротнай сувязі — як дзіця пачне паводзіць сябе ў дачыненні да цябе. Калі сувязь існуе, яе трэба захоўваць, бо спачатку дзіця за табой бегае, увагі шукае, а пасля вы за ім.

А вы — хто?

— Пяць слоў пра сям'ю, з якіх мы пачыналі сустрэчу, — гэта наша першая рэакцыя, нашы пачуцці. Упісваючы іх пасля ў жыццёвую сітуацыю, вы зразумелі, што такія ўяўленні нежыццяздольныя. Аднак гэта не азначае, што мы не мелі рацыі. Давайце вывучым сябе, каб зразумець, да якіх рашэнняў мы больш схільныя, — прапануе псіхолаг і раздае лісткі для праходжання асобаснага тэста.

Яго мэта — дапамагчы прысутным вызначыць, да якога з сямі тыпаў людзей яны адносяцца. (Кіруючыся разуменнем, што сабой уяўляе той ці іншы тып, можна пэўным чынам выхаваць сябе, каб не наламаць дроў у нейкай сітуацыі.)

Пачынаецца разгляд варыянтаў. Генафільны — тып, прадстаўнікі якога выступаюць за каштоўнасці сям'і і захоўваюць генафонд роду. Альтруістычны — яго носьбіты захоўваюць маральныя пачуцці, аднак у прымяненні да бацькоўства ім прыйдзецца абмяжоўваць любоў да знешняга свету і скіроўваць яе ў сям'ю. Гэтыя варыянты прысутныя ацанілі.

А вось эгафільны (асцярожны, здаецца нясмелым, не любіць боль, захоўвае генафонд), даследчыцкі (эксперыментатар і аматар правяраць гіпотэзы), дамінантны (робіць справу для народа), лібертафільны (парушае сувязі, арыентуецца на ўвесь свет, мае схільнасць да пратэсту) і дыгнітафільны (базіруецца на паняццях гонару, годнасці, гордасці) тыпы прысутным не спадабаліся.

Цяпер час падвесці вынікі і зрабіць высновы. Калі вы не адносіцеся да генафільнага тыпу, то выхоўвайце ў сабе гэтыя якасці. Хоць бы па паўгадзіны ў дзень гуляйце з дзіцем, гаварыце з ім — тады кантакт не знікне і сувязь захаваецца на ўсё жыццё. Амаль усе прысутныя пагадзіліся, што простая думка пра зваротную сувязь з малым — бадай што, самае галоўнае з атрыманага ад сустрэчы, і з дапамогай гэтага можна вырашыць мноства праблем.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Усё вырашалася б лёгка, калі б... не жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.