Вы тут

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара


Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху. Шматдзетная сям'я ўдастоілася звання найлепшай у Мінску. Тады Уладзіслаў і Юлія падзяліліся формулай уласнага шчасця: «Каб быць прыкладам для сваіх дзяцей, нічога асаблівага не трэба. Любіць адно аднаго, клапаціцца і паважаць». Сёння мы зірнём на адносіны ўнутры сям'і з пункту гледжання матулі і пагаворым аб яе працы ў Генеральнай пракуратуры, кніжках па выхаванні і жаночым харастве.


— Я расла ў звычайнай савецкай сям'і: мама, тата, малодшы брат. Жылі сціпла, але дружна. Асабліва весела было, калі на святы да нас прыязджалі матуліны сёстры і браты з дзецьмі. Ужо тады я разумела: вялікая сям'я — гэта добра, — пачынае Юлія.

— Вас можна назваць прыкладам той жанчыны, вобраз якой сёння можа лічыцца эталонным. Дасягнулі поспеху і ў кар'еры, і ў сямейных справах.

— Прызнаюся, кар'ерысткай сябе ніколі не бачыла, хоць і маю тры вышэйшыя адукацыі. Мая першая спецыяльнасць звязаная з эканомікай, па другой я спецыяліст мытнай справы, трэцяя адукацыя — юрыдычная.

Дочкам кажу: першым чынам — сям'я, а пасля ўсё астатняе. У мяне менавіта так і атрымалася. Рабіць стаўку толькі на кар'ерны рост, намерана адмаўляючыся ад астатніх сфер жыцця, не варта.

Я сапраўды лічу, што паколькі мы жанчыны, то і першае, што мы павінны зрабіць на гэтай зямлі, — гэта нарадзіць дзяцей! Дзеці — самае найлепшае. Не кожная з нас гэта да канца разумее.

— Вы працуеце старшым пракурорам упраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства на транспарце і ў мытных органах Генпракуратуры. Такая пасада, безумоўна, патрабуе цвёрдасці характару. А дома дзеці: там трэба быць ласкавай матуляй. Як знаходзіце баланс?

— Па вялікім рахунку я «белая і пушыстая», аднак у любы момант магу расставіць усе кропкі над «і», калі гэтага патрабуе сітуацыя. Важна ўмець ставіцца да людзей з разуменнем, але не патураць кожнаму капрызу. На працы ўсё проста: ёсць патрабаванні заканадаўства, у межах якіх мы дзейнічаем.

Многія думаюць, што жанчыны ў нашай прафесіі чарсцвеюць. Але гэта не так. Кожная з нас прыгожая душой і сэрцам, проста прафесія ў нас адказная і патрабуе знешняй і ўнутранай сур'ёзнасці.

— Вечнае пытанне да шматдзетных матуль, якія працуюць: як усё паспяваць?

— Пра гэта ў мяне запытваюцца ўсе мае сяброўкі і нават калегі па працы. Сакрэт у добра спланаваным распарадку дня. Я і сама раней не ведала, колькі можна паспець за суткі, калі ўсё загадзя прадугледзець. Возьмем нядаўні выхадны: у 9 раніцы мы былі ў аквапарку, у гадзіну ўжо знаходзіліся на модным паказе, дзе дэфіліравалі нашыя дзяўчаткі, увечары яшчэ і ў госці з'ездзілі. Ніякіх дзённікаў не вяду і нічога не запісваю — усё трымаю ў галаве.

Я імкнуся ў кожным дне знаходзіць нешта пазітыўнае. Радуюся сонцу, добрым навінам, прыемным словам. І дзецям сваім заўсёды гавару: радуйся кожнаму дню, рабі па магчымасці ўсё найлепшым чынам. Калі што-небудзь паправіць не ў тваіх сілах, не трэба расстройвацца.

— Ёсць думка, быццам чым больш дзяцей, тым прасцей іх выхоўваць. Праўда?

— Таццяне зараз ужо 14, Кацярыне — 12 і сыну Аляксандру — 10 гадоў. Першае дзіця дае табе новы досвед. Калі нараджаецца другое ці трэцяе, ты, здаецца, ужо і ведаеш, чаго чакаць. Але лягчэй усё роўна не становіцца. Усе дзеці маюць свой непаўторны характар, тэмперамент. Калі ў дзяцей маленькая розніца ва ўзросце, першыя два-тры гады маці няпроста, але дзецям ніколі не бывае сумна. Яны заўсёды гулялі разам, прыдумвалі розныя забавы. І цяпер яны добра паміж сабой ладзяць.

Думаю, з трыма можа справіцца кожная пара. Гэта няпроста, але рэальна. Трэба любіць дзяцей, яны павінны быць жаданымі. Але спланаваць усё ў гэтай сферы дакладна не атрымаецца, ды і навошта?

— Мы жывем у час інфармацыйнага грамадства. Шматлікія эксперты, блогеры і доктары па ТБ, у прэсе і праз сацсеткі вучаць «уменню быць мамай». Прычым многія даказваюць абсалютна супрацьлеглыя думкі. Як не згубіцца ў інфармацыйнай плыні?

— Калі рыхтавалася стаць мамай упершыню (а было гэта на пачатку 2000-х), інтэрнэт яшчэ не ўвайшоў у наша жыццё. Затое літаратуры для будучых бацькоў хапала. Кніг тады я прачытала шмат і першым часам нават спрабавала прытрымлівацца пэўных парад. Але ў працэсе зразумела, што многае з напісанага не мае нічога агульнага з рэальным жыццём. Лічу, што трэба валодаць інфармацыяй, аднак не «губляць галаву» і дзейнічаць па абставінах.

— Самая важная думка, якая прыйшла да вас з нараджэннем дзяцей?

— Дзеці — гэта наша шчасце, нашы нашчадкі, наш працяг, нават у дробязях. Бывае, гляджу на іх і заўважаю ў пэўных звычках ці рысах сябе ці мужа. Яны не бачылі, як мы ў свой час нешта рабілі, але зараз падрастаюць і паступаюць такім жа чынам.

Таму так важна выхоўваць не словам, а справай. Мы вядзём актыўнае жыццё: ходзім у кіно, займаемся спортам, выязджаем за горад, імкнёмся правесці водпуск на моры. Думаю, што свае сем'і дзеці будуць будаваць па нашым прыкладзе. Усё тое, што ўпітаюць зараз, перададуць нашым унукам.

Пераможцы конкурса «Жанчына года — 2018» у намінацыі «Мацярынская слава». Юлія Трыкоза другая злева. Фота Андрэя САЗОНАВА

— Адна з прычын канфліктаў у беларускіх сем'ях — розныя погляды партнёраў на выхаванне дзяцей. Як пары дасягнуць кампрамісу ў гэтым пытанні?

— З самага пачатку абмеркаваць сваё бачанне выхавання. Паміж бацькамі павінен быць поўны давер. Нельга дапусціць сітуацый, калі тата забараняе нешта, а мама дазваляе, ці наадварот. Гэта падрывае аўтарытэт аднаго з бацькоў у вачах дзяцей. Яны не разумеюць, што трэба рабіць, і нават могуць маніпуляваць такім чынам бацькамі.

Мы з мужам дамовіліся, што збольшага дзецьмі буду займацца я. У мяне і магчымасць была, калі што, скарэктараваць працоўны дзень, выйсці на бальнічны. Ён мужчына і са сваёй прафесіяй такога дазволіць сабе не можа. Паколькі дзеці мяне бачаць часцей, то ў нашай сям'і я гэткая «Бабка Ёжка». (Усміхаецца.) Больш строгая і патрабавальная. Калі нарадзіўся Саша, муж тры гады працаваў пракурорам у Гомелі. Ён прыязджаў дадому толькі на выхадныя. Калі б не дысцыпліна і строгі парадак, якія панавалі ў той час у нашым доме, то мне было б вельмі цяжка.

— Не магу не адзначыць, што выглядаеце вы шыкоўна! Зусім не падобныя на стэрэатыпны вобраз шматдзетнай маці: стомленай жанчыны, якая махнула рукой на прыгажосць.

— Але я таксама бываю стомленай! Магу прыйсці з працы і папрасіць у дзяцей «гадзінку цішыні». Яны ўжо падраслі і разумеюць. Немагчыма ўвесь час знаходзіцца на ўздыме, нешта не атрымліваецца і можа ісці не так, як хочацца. У такія моманты я зачыняюся ў пакоі, бяру кніжку ці ўключаю добры фільм.

А наконт жаночага хараства... Колькі б дзяцей ні было, нельга забываць, хто мы ёсць. Жанчына павінна заўсёды выглядаць прыгожа. Я нават падчас дэкрэту старалася быць прывабнай, мне самой падабаецца, калі я выглядаю добра. Каб гэтага дасягнуць, я займаюся спортам: плаваю, хаджу ў спартзалу. Хочацца быць прыгожай не толькі для мужа і дзяцей, але і для ўласнай упэўненасці.

— Юлія, аб чым марыце?

— Ёсць у нас з Уладзіславам адна даўняя-даўняя мара — адправіцца куды-небудзь удваіх хоць на тыдзень. У нас не было вясельнага падарожжа: спачатку на працы не адпускалі, а з нараджэннем дзяцей было ўжо не да гэтага. Але мы не пакідаем планаў, проста адклалі іх на няпэўны час. Пакуль у нас ёсць адна вясёлая кампанія, без якой немагчыма ўявіць адпачынак. Вось стануць нашы Таня, Каця і Саша больш самастойнымі, тады мы і здзейснім сваю рамантычную вандроўку.

Ганна КУРАК, фота з архіва сям'і ТРЫКОЗАЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.