Вы тут

Клінічны радзільны дом Мінскай вобласці атрымаў першы «бокс бяспекі»


Перасовачны куток бяспекі дапаможа спецыялістам навучыць маладых і будучых бацькоў правільна і бяспечна арганізоўваць прастору для дзяцей.


Дэманстрацыя «бокса бяспекі».

Першы «бокс бяспекі» ад аргкамітэта сацыяльнага праекта «Дзеці ў бяспецы» атрымаў Клінічны радзільны дом Мінскай вобласці.

— Стварэнне такіх мабільных боксаў — гэта бліскучая ідэя, — пракаментаваў галоўны ўрач установы Пётр Масько. — Гэта дэманстратыўная пляцоўка на колах, з якой лёгка можна ўехаць у палату, у ліфт, у любое аддзяленне. Ствараючы такую пляцоўку, мы з арганізатарамі ініцыятывы некалькі дзён спрачаліся і абмяркоўвалі дэталі. Цяпер вы бачыце вынік — прыгожа, мабільна і інфарматыўна.

Спецыяліст расказаў, што ў праект «Дзеці ў бяспецы» ўцягнута вялікая колькасць супрацоўнікаў радзільнага дома. Урачы ўпэўнены, што вельмі важна, каб ініцыятыва была распаўсюджана, каб кожны спецыяліст мог кампетэнтна і проста расказаць маладым бацькам, як прадухіліць дзіцячы траўматызм.

— Згодна са статыстыкай, існуе два пікі траўматызму, — расказвае Наталля Наўроцкая, кіраўнік гэтага праекта. — Першы — падлеткавы узрост, другі — дзеці да шасці гадоў. Якраз тады, калі дзеці павінны быць пад наглядам маці. На самай справе маці, якая знаходзіцца побач, не заўсёды назірае за малым. Асноўная задача ў тым, каб стварыць бяспечную прастору, каб дзіця магло без пастаянных вокрыкаў «нельга» і «не чапай» пазнаваць свет.

Такі бокс літаральна нашпігаваны элементамі бяспекі — гэта мацаванне для тэлевізара, фіксатары для камоды, стэлажоў, дзвярэй халадзільніка, заглушкі для разетак, абарона на кветкавыя вазоны, абарона ад вострых вуглоў і г. д. І ўсё гэта можна ўбачыць на свае вочы і памацаць рукамі.

— У боксе змешчаны двухбаковыя панэлі, на якіх паказаны асноўныя зоны, што ёсць у любой кватэры ці доме, — расказвае Наталля Наўроцкая. — Гэта кухня, ванны пакой, гасціная і дзіцячы пакой. На семінарах для бацькоў мы абазначаем асноўныя зоны небяспекі каляровымі стыкерамі і расказваем, як іх можна зрабіць бяспечнымі.

Разам з «боксам бяспекі» радзільны дом атрымаў у падарунак ад арганізатараў праекта высокатэхналагічны відэа-канферэнц-комплекс, які дапаможа палепшыць тэхнічны ўзровень канферэнцый для медработнікаў вобласці.

Будучыя мамы — сама ўвага.

Куткі бяспекі ў падарунак атрымаюць таксама Салігорская і Маладзечанская раённыя бальніцы, Барысаўскі радзільны дом.

Чым тлумачыцца іх неабходнасць? Кожны год у Беларусі гінуць каля 150 дзяцей. Няшчасныя выпадкі, траўмы і атручэнні з'яўляюцца асноўнай прычынай смерці, сярод немаўлят гэта 6,6 працэнта, а сярод дзетак ад года да чатырох — 40 працэнтаў. Прычым шэсць з 10 выпадкаў траўматызму дзяцей ва ўзросце да шасці гадоў можна было б прадухіліць. Сацыяльны праект «Дзеці ў бяспецы» прызваны змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

«Нам важна, каб са з'яўленнем дзіцяці ў сям'і ў бацькоў з'яўлялася і адказнасць за іх жыццё і бяспеку. Наша задача змяніць менталітэт людзей, каб яны клапаціліся аб бяспечнай прасторы не пасля атрымання дзіцем траўмы, а да таго. Набыць элементы бяспекі сёння можна амаль ва ўсіх дзіцячых крамах, у тым ліку і праз інтэрнэт-крамы», — дадала кіраўнік праекта.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Прыгожа, мабільна, інфарматыўна

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.