Вы тут

У Фаніпалі прэзентавалі цягнік Stadler для мінскай падземкі


Кампанія Stadler і Мінскі метрапалітэн прэзентавалі першы чатырохвагонны цягнік метро для сталічнай падземкі. Новыя электрацягнікі прызначаныя для эксплуатацыі на дзвюх дзеючых і трэцяй лініях метро з перспектывай паступовай замены існуючага парку рухомага саставу. Распрацоўка і вытворчасць новага рухомага саставу ажыццяўляліся на беларускім прадпрыемстве «Штадлер Мінск» у адпаведнасці з найноўшымі рашэннямі ў галіне чыгуначнага машынабудавання.


Вагоны цягніка выкананы ў колерах герба Мінска. Канцэпцыя вагонаў метро заснаваная на прынцыпе модульнасці, што дае магчымасць складання электрацягнікоў ад чатырох да васьмі вагонаў. Даўжыня чатырохвагоннага цягніка — 78,4 метра, пяцівагоннага — 97,65 метра, колькасць месцаў для сядзення — 168 і 212 адпаведна. Максімальная шырыня вагона складае 2,65 метра, а вышыня — 3,69 метра. Кузаў вагона ўяўляе сабой суцэльнаметалічную апорную канструкцыю з алюмініевых сплаваў з тэрмінам службы 50 гадоў.

У галаўных вагонах, у непасрэднай блізкасці ад уваходных дзвярэй, абсталявана зона для перавозкі асоб з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама прадугледжаны дадатковыя адкідныя сядзенні. Для сувязі з машыністам у зонах для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і ў пераходах на зручнай вышыні размешчаны прылады сувязі «пасажыр-машыніст». У новых цягніках пасажыры змогуць пераходзіць з аднаго вагона ў іншы. У кожным вагоне маюцца месцы для падзарадкі электронных прылад. Пасажырскі салон і кабіна машыніста абсталяваны сістэмай кандыцыянавання паветра.

Галаўныя вагоны абсталяваны адкіднымі тэлескапічнымі трапамi для хуткай і бяспечнай эвакуацыі пасажыраў у надзвычайных сітуацыях.

Гарантыйны тэрмін эксплуатацыі цягнікоў складае 560 тысяч кіламетраў прабегу. Сучасныя цягнікі адпавядаюць усім неабходным патрабаванням у частцы бяспекі, камфорту, зручнасці кіравання і тэхнічнага абслугоўвання.

Дагавор аб куплі вагонаў для Мінскага метрапалітэна бакі заключылі на суму 122 мільёны 250 тысяч рублёў. Па кантракце завод у Фаніпалі павінен паставіць гораду дзесяць саставаў сучасных вагонаў да наступнага года.

Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера краіны Аляксандра Турчына, які прысутнічаў на прэзентацыі, наперадзе ў нашай краіны і кампаніі Stadler яшчэ не адзін сумесны праект. Гэта можа быць як машынабудаванне, так і праекты ніяк не звязаныя з асноўнай дзейнасцю кампаніі. Беларускае прадпрыемства «Штадлер Мінск», адзначыў першы віцэ-прэм’ер, з’яўляецца раўнапраўным удзельнікам групы кампаній Stadler.

Цягнік, выраблены для сталічнага метро, зможа прыняць пасажыраў ужо гэтай восенню, паведаміў галоўны інжынер дзяржаўнага прадпрыемства «Мінскі метрапалітэн» Ігар Шастакоў.

Ключы ад цягніка атрымаў галоўны інжынер дзяржаўнага прадпрыемства Мінскі метрапалітэн Ігар Шастакоў (злева)

Першы час рухомы састаў будзе аб’езджвацца на другой лініі метро без пасажыраў. Пасля выканання комплексу неабходных мерапрыемстваў, калі будуць падрыхтаваныя ўсе дакументы, ён зможа прыняць першых пасажыраў. «Мы плануем, што гэта будзе кастрычнік-лістапад гэтага года», — сказаў Ігар Шастакоў.

Першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын

Сяргей КУРКАЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.